Запамінаюцца ў рамане і такія актыўныя паўстанцы, як Людовік Бароўскі і Артур Буевіч. Яны абодва са зброяй у руках змагаліся супроць царскіх войскаў. Але Людовік, выдадзены правакатарам, трапляе на катаргу. Артура таксама ўрэшце арыштоўваюць. Але дзякуючы ладным грашам, патрачаным на подкуп чыноўнікаў самага высокага рангу, ён пазбягае жахлівай долі іншых паўстанцаў, што не загінулі ў баявых сутычках, — смяротнай кары ці высылкі ў далёкую і халодную Сібір.
Пра такі паварот справы Наварыч піша не без прыхаванай з’едлівасці. Яна ўжо зусім відавочная ў сцэнах, прысвечаных агітатарству малодшага Артуравага брата Стасіка. Ён таксама поўніцца патрыятычнымі пачуццямі і імкнецца ўсяляк садзейнічаць паўстанню. Жадаючы выклікаць большы давер сялян, Стасік ідзе іх агітаваць «апрануты, як парабак, у партках і світцы, праўда, паясок падперазаў святочны, вышываны».
Але сяляне не ўспрымаюць яго заклікаў паўставаць супроць цара, дамагацца палітычнай свабоды і вольнага жыцця. Першы ж стары селянін, да якога пастукаўся малады агітатар, горка расчароўвае яго скептычнай рэплікай: «Нам бы зямелькі, а не свабоды».
Пра сялянскую недаверлівасць да паўстанцаў, якая стала галоўнай прычынай іх паражэння, у рамане згадваецца шмат разоў, бо такая была гістарычная праўда, пераканальна, у розных мадыфікацыях адлюстраваная пісьменнікам.
Значнае месца ў творы займае вобраз Ежы Урбановіча. У яго абмалёўцы псіхалагічнае майстэрства Наварыча зноў жа выяўляецца вельмі выразна. Моцна «закручана» тут і падзейная інтрыга, якая часамі, як і ў некаторых іншых месцах рамана, набывае рысы сентыментальнасці. Ужо стараваты разбагацелы аканом, уладальнік ладнага маёнтка, Ежы Урбановіч узяў за жонку намнога маладзейшую жанчыну, якую горача кахае. Не абыходзіцца і без рэўнасці, хоць сур’ёзных падстаў для яе няма. Ачмурэлы ад кахання Урбановіч ідзе за жонкай і ў паўстанне (яна там свой чалавек, актыўная дзяячка), дапамагаючы паўстанцам перш за ўсё грашыма. А клянецца, што для перамогі патрыётаў гатовы і жыццё аддаць. Аднак жыцця ён не аддае і на шыбеніцу ці ў Сібір не трапляе, бо ўмее спрытна выкручвацца ў самых складаных сітуацыях. Пры вялікіх грашах разумнаму чалавеку ўдаецца многае. У фінальных сцэнах рамана мы бачым Урбановіча па-ранейшаму дбалым гаспадаром, які любуецца сваім добра дагледжаным паркам ды зусім памяркоўна разважае: «Любыя рэзкія рухі прыводзяць да беспарадку... Рэвалюцыя, бунт ёсць зменлівая форма хаосу. Эт глупства. Толькі б здароўе. А то нешта Аксанцы ўсё нездаровіцца...» Аксанка — гэта ўжо згадваная Урбановічава жонка. Яна таксама змірылася з паражэннем паўстання і збіраецца жыць так, як даводзіцца, — без бунтарства і вялікіх амбіцый. У раздзельчыку «Заміж пасляслоўя» і Аксана, і Ежы Урбановіч бавяць час у курортных Друскеніках.
Сапраўдных змагароў, якія заслугоўваюць назвы рэвалюцыянераў, з іх так і не атрымалася. Глыбінныя рэвалюцыі, якія ўскалыхваюць грамадства і ўсё ж абнаўляюць яго, няхай і цаной большых ці меншых, але непазбежных ахвяр, патрабуюць вялікай самаахвярнасці самых актыўных дзеячаў. Ні Урбановіч, ні Аксана на такую самаахвярнасць няздольныя. Іх часовае бунтарства аказалася бясплённым, як і шлюб, што не прывёў да нараджэння дзяцей. Тая бяздзетнасць, як і шамт што іншае ў рамане, выглядае сімвалічнай.
Ды вярнуся да псіхалагічнай дакладнасці ў абмалёўцы персанажаў. Ёсць яна і ў паказе Аксаны. Каб неяк суцешыць маладую жанчыну, якая не можа нарадзіць дзіця, ёй падарылі ваўчаня, названае Інсургентам (паўстанцам). Гэтак паклапаціліся прыхільнікі пра летуценніцу, якая тады марыла пра волю і незалежнасць краіны, трызніла пра свой удзел у паўстанні. Аксана цешыцца ваўчанём, аддае яму багата цеплыні і пяшчоты. А ў выніку з яго вырастае вынесены ў загаловак рамана літоўскі воўк.
Усе звярыныя павадкі Наварыч падае дасведчана і маляўніча. Але ягоны воўк не проста звер, а яшчэ і фігура шматзначна-сімвалічная. Ён прагне волі, свабоднага жыцця на ўлонні непаўторнай прыроды роднага краю, «улюбёнага навечна». А яго затаўклі за краты, прымушаючы «пухнуць за жалеззем». Гэта апошнія словы рамана. Імі падводзіцца рыса пад асацыятыўным збліжэннем долі няшчаснага ваўка і лёсам паняволенага народа краіны, беларусаў (іх тады называлі літвінамі).
Пра палякаў у рамане сказана: «Іх б’юць, таўкуць, у Сібір валакуць, а ім — не-под-лег-лосць!»
Беларусы сваёй «непадлегласці» і ў часы паўстання Каліноўскага дружнай грамадой не дабіваліся. Як ужо гаварылася, свайго Яську (Кастуся Каліноўскага) наша сялянства не падтрымала, надоўга вызначыўшы гістарычнае занядбанне, гібенне краіны, роднага краю. І гэтую горкую праўду Наварыч, яшчэ раз паўторым, паказаў з рэалістычнай дакладнасцю.