Выбрать главу

Сімвалічна гучыць у рамане эпізод са шчыглом, які настолькі прывык да сваёй клеткі, што не жадае вылятаць з яе на волю і тады, калі клетку адчынілі. Парадокс. Але ён магчымы не толькі ў птушыным царстве, паказаным у ра­мане з такой жа, калі яшчэ не большай, дасведчанасцю, як і свет жывёльны. Вядома, напрыклад, што Піліп Пестрак (ён пры паляках правёў у зняволенні ажно 11 гадоў) хадзіў начаваць у сваю камеру-адзіночку ў гродзенскай турме пры бальшавіках, якія польскія турмы на пэўны час парасчынялі. А Пестрак жа быў бунтаўнік па натуры. Ды прывычка спрацоўвала і ў яго — камера здавалася абжытым прытулкам. Дык чаму ў ёй не пераначаваць і добраахвотна!

Сярод прывабных рыс рамана «Літоўскі воўк» варта адзначыць і тое, што апавядальная структура тут рознабакова-рухомая. Эпічна спакойныя інтанацыі чаргуюцца не толькі з іранічна-ўсмешыстымі, але і з лірызаванаўзнёслымі. Такая лірызаваная ўзнёсласць адчуваецца ў некаторых пейзаж­ных замалёўках, якія дазваляюць пісьменніку выявіць уласную любасць да прыроды роднага краю і паказаць неардынарнасць унутранага свету нека­торых персанажаў. Яшчэ раз згадаю Яся Кавальца. Вось як чула ўспрымае ён прыроднае хараство: «Крыху пасвятлела. Потым хмары адпаўзлі ўбок і касыя промні сонца зайгралі на паверхні падтопленага вадою лесу. І пад вадой гарэлі жоўтыя агеньчыкі лотаці. Ясь заплюшчыў вочы. Як хораша, як добра, як прыгожа: сонца, лотаць пад вадой, на душы лагодна і супакаенне... Божа, дзякуй, што даеш паветра дыхаць, а вачам бачыць такі прыгожы, чароўны свет. Ёсць мноства краін, земляў, дзе жывуць розныя людзі, дзе горы, цясніны, непралазныя нетры з рознымі дзівоснымі птушкамі і звярамі, а вось такога краю, дзе так радасна, так прыветна цвітуць лотаці пад ва­дой, — няма нідзе на Зямлі.

Сонца бліснула промнямі, нібы прывіталася, і зноў схавалася за хмары, зноў замжэў халодны дожджык. Нібы абуджаны сонцам, над вершалінамі альхі зазвінеў лясны жаваранак. І ягоная песня лілася гаючым бальзамам на душу.

Божа, дзякуй... О, Усемагутны, бясконцая міласць твая», — радуецца і спавядаецца Ясь Кавалец. І ягоная шчырая радасць, выказаная адкрыта і прачула, надае густую пачуццёвую насычанасць тэксту, «грэе» пейзажны малюнак, робіць яго не будзённа-стрыманым, а лірызавана-ўзвышаным.

Вельмі прыкметнае ў Наварыча таксама імкненне пісаць займальна, інтрыгаваць чытача рознымі нечаканасцямі, знарочыстай загадкавасцю, калі ў адным месцы нешта сцвярджаецца, а потым, у іншым эпізодзе, будзе зазначацца, што на самой справе ўсё адбывалася не так, як сказана раней. Гэта ўжо элемент гульні з чытачом, якая сама па сабе цікавая, але ў шэрагу выпадкаў яна абцяжарвае ўспрыняцце рамана.

Мабыць, залішне ў творы містыфікацый — пераапрананняў, калі то адзін, то другі персанажы выдаюць сябе за іншых асоб. Разабрацца, хто з іх хто, бывае нялёгка не толькі шпегам, якія сочаць за паўстанцамі, але і чытачу.

Вельмі добрае ўражанне пакідае мова рамана. Яна мае пэўнае дыялектнае адценне. Але яўных перабораў не адчуваецца, бо дыялектнае сло­ва ў агульным моўным кантэксце становіцца зразумелым. Я спатыкаўся толькі ў двух ці трох выпадках. А для перадачы палескага каларыту, вельмі істотнага для выяўленчай адметнасці твора, яго рэалістычнай грунтоўнасці, праўдзівасці і на мікраўзроўні, умела пакладзеная дыялектная фарба нямала значыць.

Наварыч піша: «даць лупня» (замест агульнапрынятай лупцоўкі), «растрындзела» (замест разбалбатала), харты «ўнюшкавалі ваўчаня» (унюхалі), «люнуў з-пад ложка пад стол» (сігануў, скочыў). І ва ўсіх гэтых выпадках вылучаныя словы больш каларытныя і яркія, чым адпаведныя агульнапрынятыя літаратурныя варыянты.

Асобна ўзлятае слова «галда» для непалешука незразумелае. А ў фразе «...шляхцюкі, з шарачковых, выйшлі цэлай галдою з карчмы, пэўна, пілі нечы магарыч» яно даволі пэўна праясняецца. Лёгка здагадацца, што тая галда азначае натоўп, але спакойна-ўраўнаважаны, а не шумліва-ўзбуджаны.

У тых жа вельмі рэдкіх выпадках, калі і кантэкст не дапамагае зразумець вельмі ўжо спецыфічнае палескае слоўца, яно тлумачыцца ў падрадковай зносцы. Так зроблена ў дачыненні да слова «цацунок». Яно, удакладніла зноска, азначае «выпестак, распешчанае дзіця».Моўная яркасць у стылі Наварыча ўзмацняецца і за кошт такой экспрэсіўнай лексікі, як «адбамберылі» (адгрохалі. Сказана пра рэформу, якою сяляне вызваляліся ад прыгону), «вычапурыстыя» (пра воблакі, якія «высіліся вычапурыстымі слупамі») і інш.

Адметнасць мовы рамана павышае цікавасць да твора.

А ўвогуле мне думаецца, што Наварычаў раман «Літоўскі воўк» і пры яго адзначаных мною пагрэшнасцях (яны нешматлікія і прыватныя, а не глыбінна-сутнасныя) мае ўсе шансы на доўгатэрміновую ўвагу і прыхільнасць чытачоў, на тое, каб заняць трывалае месца ў нашай літаратуры. Гэты раман развівае Караткевічаву традыцыю, самую плённую і перспектыўную ў беларускай гістарычнай прозе.