2005 г.
БЕЛАРУСКІ ДЭТЭКТЫЎ ЛЮДМІЛЫ РУБЛЕЎСКАЙ
Людміла Рублеўская працуе ў літаратуры актыўна і плённа. Яна выдала шэсць зборнікаў паэзіі, а цяпер перайшла і на прозу. У 2005 годзе ў яе выйшла кніга «Пярсцёнак апошняга імператара», у якой найбольш цікавым мне ўяўляецца дэтэктыўны раман «Золата забытых магіл».
Дэтэктыўная літаратура карыстаецца прыхільнасцю многіх чытачоў. Добразычліва ставяцца да яе і выдаўцы. Пра гэта сведчыць перадрук твораў У. Караткевіча з дэтэктыўнай сюжэтнай асновай, выхад зборніка «Сучасны беларускі дэтэктыў. Карона Вітаўта Вялікага». Сюды ўвайшлі дэтэктыўныя раманы М. Адамчыка, М. Клімковіча, А. Глобуса, В. Праўдзіна, Л. Рублеўскай (яна змясціла тут містычны дэтэктыў «Дзеці гамункулуса»), Т. Сабоцкай, У. Сакалова, У. Сіўчыкава, С. Трахімёнка, М. Чаргінца, а таксама некалькі аповесцей.
Адметнай асаблівасцю дэтэктыўных твораў тэарэтыкі (Л. Цімафееў і іншыя) лічаць тое, што гэтыя творы прысвячаюцца раскрыццю метадам лагічнага аналізу складанай заблытанай тайны, найчасцей звязанай са злачынствам.
Цэнтральнае месца ў дэтэктыўнай літаратуры належыць персанажу, які вядзе расследаванне крымінальных спраў, сышчыку (яго называюць дэтэктывам), які шукае злачынцу, высвятляе абставіны злачынства, яго характар, небяспеку для грамадства і асобных людзей.
Узорам такога дэтэктыва стаў славуты Шэрлак Холмс, створаны класікам дэтэктыўнай літаратуры Артурам Конан-Дойлам. Ён часта дзейнічае ў звязцы з доктарам Уотсанам (Ватсанам), ствараючы мноства камедыйных сітуацый. Але такая звязка для дэтэктыўнай літаратуры не абавязковая, бо праніклівы сышчык можа паспяхова дзейнічаць і без трохі абмежаванага напарніка з камедыйнымі рысамі. Затое тыповым у добрых дэтэктывах з’яўляецца напружаны дынамічны сюжэт з нечаканымі паваротамі дзеяння, вострай інтрыгай, наогул віртуознасць апавядання, якая заклікана паказаць вынаходлівасць сышчыка і выкрутлівасць злачынцаў, якіх яму трэба абясшкодзіць.
Тыповым можна лічыць і патрабаванне, каб дэтэктыўны твор даваў чытачу інтэлектуальнае задавальненне ад разгадкі таямніцы менавіта лагічным шляхам. Адсюль вынікае пастулат, што дэтэктыў (сышчык) павінен валодаць строга лагічным мысленнем, пазбягаць у сваёй працы лагічных памылак.
«Логіка, апранутая ў белетрыстычную вопратку», — вось аснова дэтэктыўнага сюжэта, настойваў Р. Осцін Фрымен, прадаўжальнік традыцый Конан-Дойла ў англійскай літаратуры.
«У аснове дэтэктыва ляжыць тайна, якая раскрываецца работай розуму, разумовым намаганнем», — пагаджаўся і знакаміты аргенцінец Хорхе Луіс Борхес.
Раскрыццё гэтай тайны — галоўная задача дэтэктыва. А раз яна павінна вырашацца інтэлектуальным напружаннем, лагічным шляхам, дык трэба пазбягаць варажбы, спірытычных сеансаў, усялякай містыкі, увогуле звышнатуральных сіл, уздзеянне якіх не паддаецца лагічнай разгадцы.
Не пажадана адхіляцца і на падрабязныя апісанні, паказ любоўных прыгод і на іншыя рэчы, калі яны непасрэдна не звязаны са злачынствам, якое раскрывае дэтэктыў.
У дэтэктыўным рамане «не павінна быць любоўнай лініі. Размова ж ідзе пра тое, каб аддаць злачынцу ў рукі правасуддзя, а не пра тое, каб паяднаць вузамі Гіменея засумавалых закаханых», — сцвярджаў амерыканскі пісьменнік С. С. Ван Дайн. Але практыка літаратурнага развіцця паказала, што любоўная інтрыга хоць і рэдка, але бывае арганічнай часткай дэтэктыўнага сюжэта. Такую арганічнасць Борхес бачыў у любоўнай лініі з шырокавядомага рамана Уілкі Колінза «Месяцавы камень».
Дэтэктыўныя творы Л. Рублеўскай сведчаць, што яна добра знаёмая з галоўнымі патрабаваннямі, якія прад’яўлялі аўтарытэтныя тэарэтыкі і пісьменнікі да дэтэктываў, і ў галоўным канцэптуальным падыходзе не парушае гэтых патрабаванняў.
У яе таксама ёсць свой сышчык (дэтэктыў), які займаецца разгадкай таямніц. У такой ролі выступае Паліна Ведрыч, выкладчыца гісторыі ў мінскай беларускай гімназіі. Яе лічаць «вучонай дамай», бо яна займаецца і навуковымі даследаваннямі. Пісала і дысертацыю пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. Але да абароны не дайшла «з-за сваёй «недатыкальнасці». Проста ў пэўны момант зрабілася брыдка: арганізатарская беганіна, бясконцыя перамовы, намёкі на тое, што Кастусь Каліноўскі — асоба супярэчлівая». Увогуле ж Паліна як быццам належыць да няўдачніц — яна ў свае 28 гадоў развядзёнка. Мужчыны паглядалі на яе з прыхільнасцю, але блізка знаёміцца асцерагаліся, бо пабойваліся яе крутога характару, маўляў, «штучка». Дык вось гэтая «штучка», захопленая беларушчынай, апантаная ёю, імкнецца, як і належыць дэтэктыву, разгадаць таямніцу беларускай гісторыі, звязаную з лёсам некаторых удзельнікаў паўстання 1863 года. А ў выніку дзеянне з сучаснасці перакідваецца ў ХІХ стагоддзе, а потым зноў і зноў вяртаецца ў наш час.