У падзагалоўку твора даецца жанравае вызначэнне — паралельны раман. Тэорыя літаратуры пакуль што не фіксавала такой раманнай формы. У Рублеўскай гэтая форма атрымалася. У яе паслядоўнае чаргаванне раздзелаў пра сучаснасць з раздзеламі гістарычнымі і праўда стварае двухпланавую раманную структуру са складаным, драматычна напружаным і займальным сюжэтам, з мноствам большых і меншых загадак.
Раней гаварылася, што Л. Рублеўская ўлічвае каноны дэтэктыўнай літаратуры, вызначаныя многімі тэарэтыкамі і практыкамі. Але найбольш яна абапіраецца на нацыянальную, караткевічаўскую традыцыю ў гэтым жанры. Свае сімпатыі да Караткевіча Рублеўская падкрэслена дэманструе ў рамане, шмат разоў згадваючы асобу гэтага выдатнага майстра і яго творы, асабліва «Каласы пад сярпом тваім». Абмяркоўваецца, напрыклад, ці быў працяг рамана, ці сапраўды той працяг (калі ён усё ж існаваў) у пісьменніка ўкралі.
Сама рамантызаваная стылістыка рамана «Золата забытых магіл» таксама збліжае Рублеўскую з Караткевічам. Ды і выхад на беларускую гістарычную праблематыку, а тым больш на пераломныя гістарычныя падзеі ХІХ стагоддзя, не мог быць хоць колькі-небудзь паспяховым без моцнай апоры на зробленае Караткевічам у мастакоўскім спасціжэнні нашай гісторыі, у рэабілітацыі яе самых яркіх, гераічных старонак.
Рублеўская ж дамаглася значнага поспеху. Сваю двухпланавую апавядальную плынь яна разгарнула так, што ў ёй добра адчуваецца і абавязковае для дэтэктыва інтэлектуальнае напружанне, і займальнасць інтрыгі, падпарадкаванай разгадцы цэлага шэрагу таямніц.
Раманістка свабодна, раскована піша і пра сучаснасць, і пра мінулае. Пераканальнасць аўтарскага пісьма забяспечваецца найперш дакладнасцю дэталізацыі, тых непаўторных штрыхоў, за якімі праглядваецца воблік часу, яго атмасфера. А яна ў рамане ўзнаўляецца пазнавальна і праўдзіва. Чытаючы згадку, што на месцы ўзарванага касцёла пабудаваны Дом культуры, мы адразу ўяўляем варварства тых часоў, калі ўлады бясконца трубілі пра культурную рэвалюцыю, а практыкавалі дзікунства ў яго непрыхаваным выглядзе. Або вось сказана пра стаўленне беларусаў да роднай мовы: «Нават маці сваю Паліна не магла пераканаць, каб гаварыла па-беларуску. “Позна мне перавучвацца”, — казала тая, ды ўсё. Сустрэць у іх горадзе чалавека, які валодае роднай мовай, — усё роўна што земляка на чужыне». Горкая праўда, якая стала вынікам шматгадовага трэціравання беларускай мовы на самых розных узроўнях.
І ўжо зусім дробная дэталь. Паехаўшы ў Вільню, Паліна купляе там бохан хлеба, «чорнага, як урадлівая зямля, цяжкога... А цяпер яго пякуць і з семкамі — хочаш, з гарбузовымі, хочаш — са сланечнікавымі. Паліна ўзяла цэлы каравай — падзеліцца з маці, занясе па акрайцу сяброўкам... Хто б з продкаў мог падумаць, што хлеб зробіцца некалі сувенірам...».
Сёння і ў нас, прынамсі ў Мінску, выбар добрага і вельмі смачнага хлеба самы багаты, купляй любы, абы грошы былі. А ў рамане раздзелы пра сучаснасць — гэта часы перабудовачныя, калі сапраўды з Вільнюса прывозілі такі хлеб, пра які згадвае Паліна.
Не перабольшвае пісьменніца і там, дзе гаворыць пра запусценне беларускай вёскі ў перабудовачныя гады. «Вёска Гарнушкі калісьці бачыла лепшыя часы. Меліся школа, амбулаторыя, крама, у якую час ад часу можна было зайсці», — прыгадвае Паліна, завітаўшы ў колішняе родавае гняздо Вінцэся Рашчынскага. (Гэта той паплечнік Каліноўскага, які зацікавіў Паліну). Але цяпер яно ў куды горшым стане, бо «палова хатаў пазірала на свет сляпымі вачыма забітых вокнаў. За вёскай святлеў самотны двухпавярховы дом з белай цэглы — чорныя прагалы на месцы выбітых шыбаў надавалі яму падабенства з чэрапам волата. Гадоў пяць таму тут паспрабаваў адзін узяцца за фермерства». Аднак гарнушкаўцы не далі яму разгарнуцца, палічыўшы, што з ініцыятыўнага гаспадара можа вырасці новы пан. За гэтым стаяў добра вядомы спрадвечны сялянскі кансерватызм, які можа адыгрываць і станоўчую ролю, калі ён супрацьстаіць рызыкоўным валюнтарысцкім эксперыментам, а можа выступаць і як фактар адмоўны, калі перашкаджае зменам у лепшы бок.