Дакладная Л. Рублеўская і там, дзе яна гаворыць, як не ў ХІХ стагоддзі, а ў савецкія часы ў нас вялася барацьба з так званымі антысаветчыкамі, да якіх у краіне залічалі невінаватых людзей. Такі лёс напаткаў і Палінінага бацьку Генадзя Рагманава. Ён вучыўся на рэжысёрскім факультэце ў тэатральным інстытуце і для курсавой работы ўзяўся ставіць п’есу заходнебеларускага пісьменніка, аб’яўленага потым ворагам народа. А яшчэ «і поўху замдэкана адвесіў. А той з органаў — усе ведалі». Дык Рагманава асудзілі «на прымусовае пасяленне ледзь не ў тундру». Маці ж, тады камсамолку, прымусілі публічна «каяцца, выкрываць антысаветчыка», фактычна толькі ўяўнага. Так і вырасла дачка без бацькі, з матчыным прозвішчам (каб нішто не нагадвала пра адыёзнага па савецкіх мерках бацьку). За ўсім гэтым зноў горкая праўда. І Л. Рублеўская сумленна напісала пра яе.
Карэктная яна і ў пастаноўцы іншых грамадскіх праблем той пары. Адна з іх — барацьба з алкагалізмам, якая ніколькі не страціла актуальнасці і цяпер. Яна ставіцца ў творы востра, з паказам трагічнага лёсу чалавека, які не здолеў вызваліцца ад згубнай цягі да спіртнога.
Гутарка ідзе пра таленавітага выкладчыка беларускай літаратуры ў сталічным інстытуце Артура, які з-за п’янства страціў працу і жонку, а потым і жыццё: «Два тыдні ў моргу праляжаў... Падабралі на сметніцы». Пазней высвятляецца, што памёр ён «не сваёй смерцю», а фактычна быў забіты: «Нехта пачаставаў клафелінчыкам», які і забіў Артура, бо ў яго слабое сэрца.
Так паяўляецца труп, характэрная з’ява дэтэктыўнага жанру. Але не пошукі віноўнікаў Артуравай смерці кладуцца ў сюжэтную аснову рамана «Золата забытых магіл». Ніхто тут не шукае забойцаў Артура. Вырашальны штуршок для крутога сюжэтнага закручвання паспявае даць яшчэ ён сам, зацікавіўшы Паліну загадкавай фігуркай жабкі з надмагілля Вінцэся Рашчынскага, аднаго з паплечнікаў Кастуся Каліноўскага. Той Рашчынскі атэстуецца як паўстанцкі філосаф і вялікі дзівак. Пасля падаўлення паўстання ён здолеў уцячы за мяжу, а калі былым паўстанцам дазволілі вяртацца на радзіму, выкарыстаў гэтую магчымасць. Ды праз год памёр загадкавай смерцю. Як высвятляецца ўжо ў канцы рамана, яго забілі ў ягоным жа доме сяляне, свае людзі. З-за золата, якога Рашчынскі тады не меў, і ўжо быў ён небагатым чалавекам, бо ўсю сваю маёмасць паадпісваў тым з суседзяў і сваякоў, каго глыбока паважаў. Але забойцы былі ўпэўнены, што золата Вінцэсь Рашчынскі мае. «Табе цмок золата носіць. Ты ў магіле прадзеда Чорную Кнігу адкапаў. Цмок вылупляецца з яйка пеўня. Вынасіў яго пад пахай... Ён табе яшчэ прынясе... Дабром просім — аддай золата! А то абыдземся, як з ведзьмаком і чарнакніжнікам належыць!» Вось і абышліся, закатавалі высакароднага чалавека да смерці.
Між тым золата ў Рашчынскага было, толькі раней. І не цмокава, а паўстанцаў. Вінцэсь Рашчынскі схаваў яго так, каб знайсці маглі толькі разумныя і здагадлівыя нашчадкі. Шлях да таго золата зашыфраваны праз надмагілле, пабудаванае на немалыя сродкі Вінцэсем Рашчынскім для самога сябе яшчэ пры жыцці. Тое надмагілле шмат разоў разбуралася, але ў яго руінах капаюцца і сучасныя пінкертоны ды шэрлакхолмсы. І скарб яны як быццам знаходзяць. Але ён аказаўся падманным — замест золата, як у Ільфа і Пятрова, знайшлі чыгунныя балванкі. Дзе дзелася сапраўднае паўстанцкае золата, адказу няма. Так што крута закручаная сюжэтная загадка ў рамане застаецца неразгаданай.
Адна з галоўных ідэй рамана — адказнасць нашчадкаў за справы продкаў. Калі Вінцэся катуюць, ён думае, што сваімі пакутамі, магчыма, сплаціць «грахі свайго роду, увесь боль, які спарадзіў яго род». І гэтых грахоў у Вінцэсевым родзе набіраецца багата. Галоўны з іх — жорсткае абыходжанне з сялянамі.
А пры чым тут Паліна? Яе як гісторыка цікавяць гістарычныя карані знакамітых беларусаў — барацьбітоў за свабоду. Ды і сама яна мае родавыя сувязі з паўстанцамі Каліноўскага, асабліва з Рагманавымі, бо яе ж бацька таксама быў Рагманаў. Таму яна так апантана капаецца ў загадках забытых магіл, шукаючы там карані і сваёй радаслоўнай. Урэшце высвятляецца, што яна нашчадак не толькі Рагманавых, але і Рашчынскіх, бо Вінцэсь Рашчынскі меў тое, пазашлюбнае, дзіця ад Вальжыны Рагманавай, дзяўчыны, да яго яшчэ цнатлівай, вельмі прывабнай і надзвычай высакароднай.
Але ў яе ўчынках, здаецца, ёсць залішняе і для дэтэктыўнага сюжэта. Шмат разоў гаварылася, што Вальжына кахае не Вінцэся, хлопца маладога і прыгожага, а ваўкалака з пакалечаным тварам, намнога старэйшага за дзяўчыну, амаль равесніка яе бацькі. Ды аддаецца дзяўчына ўсё ж не ваўкалаку, а Вінцэсю, з якім праводзіць цудоўную ночку (адзіную за ўсё сваё жыццё). «Наша адзіная ноч — не падман. Хутчэй сон, мроя», — патлумачыць Вальжына ўжо ў старасці Вінцэсю Рашчынскаму, усе нашчадкі якога ідуць пад прозвішчам Рагманавых (дзіця ж ад яго ў Вальжыны пазашлюбнае). А гэтаму дзіцяці і наканавана працягваць род жанчыны і яе каханка на адну ноч.