З каханнем у рамане Л. Рублеўскай нейкая нескладуха творыцца скрозь. У раздзелах аб мінулым прапаноўвала сябе Вінцэсю закаханая ў яго багатая і таксама вельмі прыгожая Хрысціна. Ды ён адмовіўся ад той прапановы з-за кахання да Вальжыны, што ўвогуле зразумела. Рамантыкі сваё каханне на багацце не мяняюць.
Затое ў раманнай сучаснасці нагрувашчана ў гэтым плане шмат. Тая ж Паліна яшчэ кахае свайго былога мужа Стася, які пасля разводу з ёю добра ўладкаваўся ў Амерыцы. Цяпер, наведаўшы Беларусь, ён гатовы развесціся з амерыканскай жонкай і зноў ажаніцца з Палінай. А яна, яшчэ кахаючы былога мужа, цягнецца ўжо да скульптара Валянціна, які абяцаў ажаніцца з другой, ды ўрэшце ўсё ж звязаў свой лёс з Палінай. І гэта адзіная шчаслівая развязка любоўнай гісторыі, бо высвятляецца, што і Паліна горача кахае гэтага скульптара, хоць на адным сюжэтным вітку згаджалася адмовіцца ад яго дзеля магчымасці працягваць свае раскопкі ды пошукі на зруйнаваным надмагіллі Рашчынскага.
Самую Паліну вельмі моцна кахае былы штурман-падводнік Сымон Пятровіч, які кажа, што можа бязмежна доўга чакаць яе згоды на шлюб з ім. Жонка ў яго ўжо была. Яна так кахала скульптара Валянціна (не таго, з якім мае справу Паліна, а яго нахабнага двайніка), што з-за кахання ўрэшце звар’яцела і закончыла свае дні ў псіхушцы. Чуллівы Сымон Пятровіч так кахаў жонку, што нават збіраўся скульптара-нягодніка «расшукаць і за ручку да яе прывесці». Крутыя вузлы атрымліваюцца.
Яшчэ больш нагрувашчана такой круцізны ў дачыненні да гандляркі Дзіны, якая таксама кахае скульптара Валянціна, сапраўднага, а не яго нахабнага двайніка, і робіць самыя неверагодныя заходы, каб трымаць хлопца каля сябе. Так што выдаткі і празмернасці ў гэтым плане відавочныя.
А калі і пры гэтых выдатках твор застаецца цікавым і значным, дык дзякуючы яго інтэлектуальнай заглыбленасці і выяўленчаму майстэрству раманісткі, высокай агульнай культуры яе пісьма, якая не перакрэсліваецца і залішне ўжо крутымі паваротамі дэтэктыўных хітраспляценняў, і праколамі ў паказе інтымных стасункаў.
Інтэлектуальная заглыбленасць твора найбольш ярка выяўляецца ў спрэчках розных персанажаў і ў аўтарскіх разважаннях пра самыя высокія матэрыі — пра сувязь мінулага, сучаснага і будучыні, гістарычныя карані беларусаў, свабодалюбства і тыранію, поўнае самапрыніжэнне рабоў, якія канчаткова страцілі самую мару пра вызваленне і ўжо гатовы ўслаўляць тыранаў, што ўладараць над імі, і інш.
У гэтым жа кірунку ідуць сентэнцыі наконт жахлівасці братазабойчых раздораў ці таго, што ў паваротныя моманты гісторыі гінуць лепшыя прадстаўнікі народа, найбольш самаахвярныя, разумныя і сумленныя. Так нараджаецца адмоўная селекцыя, бо асцярожныя палахліўцы не ўключаюцца ў барацьбу за вартую чалавека будучыню і выжываюць, плодзячы цярплівых палахліўцаў, гатовых мірыцца з вялікім злом і пастаянным прыніжэннем.
Прываблівае ў рамане Л. Рублеўскай і пейзажнае майстэрства. Яна ўмее літаральна некалькімі штрыхамі ўражліва акрэсліць прыродны фон падзей. Вось некалькі характэрных прыкладаў: «Адлютавала зіма, адплакала адлігамі вясна, адспявала птушкамі лета» і надышоў «цьмяны лістападаўскі дзень». Так хораша гаворыцца пра рух часу, пра звыклую змену пораў года, вядомую кожнаму чалавеку, гаворыцца выразна і ёміста, аднак гранічна сцісла, паэтычна.
Такая паэтычнасць выразная і ў наступных штрыхах: «Восень прыйшла без дазволу, як цыганка, і адразу раскінула свае стракатыя спадніцы на зжоўклай траве, расселася гаспадыняй, пазвоньваючы залатымі маністамі».
Часта пейзажныя штрыхі суадносяцца з пачуццямі, настроем персанажаў, узмацняючы выразнасць іх агульнай абмалёўкі. «Вецер ударыў у твары, і быў ён вільготны, як зрэзаныя на золку кветкі. Ды яшчэ з сасны пасыпаліся дробныя кроплі-слёзы, і ўсмешка сусвету стала трохі сумнай». Адпаведна сумным становіцца і настрой героя, тут чуллівага Сымона Пятровіча.Гаваркія і трапныя ў Л. Рублеўскай шматлікія параўнанні. Яны звяртаюць на сябе ўвагу не толькі ў пейзажных штрыхах, але і на працягу ўсяго рамана. Пра панылы настрой аднаго з герояў (скульптара Валянціна, таго, што не падманны, а сапраўдны) у скрушлівую для яго хвіліну сказана, што хлопец «сядзеў такі сумны, нібыта зазірнуў ва ўласную магілу». Згушчэнне фарбаў максімальнае. Але для рамантызаванай стылістыкі рамана Л. Рублеўскай гэта натуральна. Нармальна ўспрымаюцца ў гэтым стылі і наступныя кідкія параўнанні. У гандляркі Дзіны пагляд на саперніцу па каханні да скульптара «быў вастрэйшы ад касінерскага ляза». Вінцэсь Рашчынскі цалуе Вальжыну Рагманаву «вуснамі, гарачымі, як апошняя надзея». «Хрысціна рэзала голасам паветра, як лязом шаблі». У аднаго з дэманічных герояў пагляд чорных вачэй, як «сама нянавісць». Ёсць і «страла, кароткая, нібы апошні ўздых». Арыгінальна гучыць характарыстыка перарывістай размовы двух узаемна насцярожаных персанажаў: «Яна, як рэчка ў афрыканскай саване, якая то перасыхае, то зноў выблісквае».