Выбрать главу

За кідкасцю трапных параўнанняў і агульнай яркасцю пісьма ў рамане «Золата забытых магіл» адчуваецца вопыт працы Л. Рублеўскай у галіне паэзіі. Бывае, што гэткі вопыт ідзе і на шкоду празаічнаму пісьму, калі аўтар збіваецца на сентыментальнае сюсюканне ў эпічным жанры. А Рублеўская такіх збояў не дапускае. Яна тонка адчувае магчымасці слова, ведае, як яго трэба павярнуць, каб дабіцца максімальнай выразнасці. Яе раман «Золата забытых магіл» — цікавая і значная з’ява ў сучаснай беларускай прозе.

2005 г.

ПРА ВАСІЛЯ БАРЫСЕНКУ

(да 100-годдзя з дня нараджэння даследчыка)

З дня нараджэння Васіля Васільевіча Барысенкі 25 красавіка 2004 года спаўняецца 100 гадоў, вядомага беларускага літаратуразнаўцы і кры­тыка, акадэміка НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, заслужанага дзеяча нашай навукі. Амаль тры дзесяцігоддзі (1946—1973) ён узначальваў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы, а ў даваенны перыяд (1937—1941) быў дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры. Набіраецца амаль трэць стагоддзя кіраўніцтва літаратуразнаўчым развіццём. З’ява ў нашай гуманітарнай навуцы рэдкая, можна сказаць, выключная. Дык ці трэба дзівіцца, што яго дзейнасць выклікае розныя ацэнкі? Ды яна і не магла быць аднолькава плённай у розныя часы. Розныя і храналагічна, і па тых магчымасцях, якія мелі крытыка і літаратуразнаўства, існуючы ва ўмовах зігзагападобных перамен, рэзкіх перападаў у грамадскай атмасферы.

Я зблізку ведаў Васіля Васільевіча ў свае аспіранцкія гады (ён быў маім навуковым кіраўніком) і ў перыяд працы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы (1959—1964). Прыязныя адносіны з ім захоўваліся і тады, калі я з акадэміі перайшоў на працу ў БДУ

Адразу скажу, што маё стаўленне да В. В. Барысенкі ў цэлым станоўчае. Я лічу яго сваім настаўнікам, якому шмат чым абавязаны і ў навуковай працы, і ў чалавечым лёсе. Барысенка ўзяў мяне ў аспірантуру, запрашаў у Інстытут літаратуры пасля яе заканчэння. А калі я пабаяўся прыняць гэтае запрашэнне і паехаў у Мазыр на выкладчыцкую пасаду ў педінстытуце, крыўды не затаіў. Наадварот, ён зрабіў усё, каб пазней выратаваць мяне ў ахавай сітуацыі. Дзякуючы ягоным немалым намаганням я, ужо выгнаны з Мазыра, уладкаваўся ў сталіцы і мог тут займацца даследаваннем літаратуры.

Ды добразычлівасць Барысенкі хочацца падкрэсліць не толькі таму, што яна выразна праяўлялася ў дачыненні да мяне, але і з той прычыны, што ягоная чалавечнасць і нават звычайная прыстойнасць аспрэчваюцца ў некаторых публікацыях нядаўняга часу. Маю на ўвазе кнігу А. А. Семяновіча «З пражытага і перажытага» (Мінск, 2000). Гэта апошняе прыжыццёвае выданне даследчыка, які таксама пры Барысенку працаваў у Інстытуце літаратуры, але ў 1963 годзе мусіў адтуль пайсці. Прычынай стаў яго канфлікт з Барысенкам, якога Семяновіч у згаданай кнізе (яна выйшла праз дваццаць гадоў пасля Барысенкавай смерці) абвінаваціў у многіх знарочыстых грахах. Тут мне бачыцца не проста перабольшанне, а яўная неаб’ектыўнасць і нават ваяўнічая прадузятасць.

Вось Семяновіч, які не толькі мне ўяўляўся чалавекам незласлівым, хутчэй пакладзістым, ужо на парозе свайго нябыту (а ў гэткім становішчы лагічна было б чакаць цвярозай разважлівасці) заяўляе, што Барысенка «свае абавязкі навуковага кіраўніка аспірантаў» выконваў чыста фармальна, хоць грошы за гэта атрымліваў рэгулярна. Ніводнай дысертацыі (ні маёй, ні іншых аспірантаў) ён не чытаў. <...> Такія адносіны да навуковага кіраўніцтва сваіх аспірантаў былі ў Барысенкі на працягу ўсёй яго амаль трыццацігадовай дзейнасці на пасадзе дырэктара Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі». Няпраўда для мяне відавочная.

Я ведаў многіх Барысенкавых аспірантаў. Яны ніколі не скардзіліся на яго. Прыгадваецца, як і я прынёс Барысенку першы дысертацыйны раздзел (агляд літаратуры 1920-х гадоў). Напісаў яго даволі хутка (у маладосці, як мне цяпер здаецца, усё робіцца хутка), здавалася, і талкова. Васіль Васільевіч прачытаў, мяркуючы па мностве паметак, уважліва і прама, без усякіх змякчальных агаворак ці суцяшэнняў сказаў: усё гэта трэба выкінуць і пачынаць зусім іначай, адразу з размовы пра Міхася Лынькова (дысертацыя была па творчасці гэтага пісьменніка). Я збянтэжана пачухаў патыліцу, колькі дзён пабедаваў і стаў пісаць па-новаму.