У тыя гады, калі я быў яго аспірантам, Васіль Васільевіч сам пісаў доктарскую дысертацыю, якую потым паспяхова абараніў. Але вялікая загружанасць уласнай навуковай работай і рознымі службовымі абавязкамі, якіх у Барысенкі заўсёды, акрамя, можа, самых апошніх гадоў яго жыцця, набіралася шмат, не перашкаджала яму ўважліва ставіцца і да аспірантаў. Прынамсі, ён неяк знаходзіў час і чытаць нашу няўмелую пісаніну, і сур’ёзна, грунтоўна гаварыць пра яе. Так, размова пра наступны раздзел маёй дысертацыі, у якім Барысенка ўжо ўбачыў нешта жывое, зацягнулася далёка за поўнач. Была гэтая размова вельмі шчырая, даверлівая, з падрабязным разглядам таго, што трэба неяк праясніць, дацягнуць, падаць у іншым святле. Такі канкрэтны, падрабязны аналіз без уважлівага прачытання самога тэксту працы быў, канечне ж, немагчымы.
Пасля сустрэчы з Барысенкам я вярнуўся ў інтэрнат на Кіраўскай, дзе тады жылі педінстытуцкія аспіранты, ужо, бадай, пад самую раніцу. І калі сказаў здзіўленым хлопцам, што быў на кватэры ў Барысенкі, абмяркоўвалі з ім чарговы раздзел работы, дык яны не паверылі, падумалі, што я, мусіць, хадзіў на спатканне з дзяўчынай, але чамусьці не хачу прызнацца, дурачу іх.
У кнізе Семяновіча Барысенка ўвогуле атэстуецца як подлы кар’ерыст, які ў дадатак да ўсяго загубіў некаторых беларускіх пісьменнікаў. «У мяне з’явілася антыпатыя, але і агіда да гэтага чалавека, які рабіў сваю навуковую і службовую кар’еру менавіта ў страшны час масавых сталінскіх рэпрэсій», — размашыста піша Семяновіч, адкрыта заяўляючы, што на сумленні Барысенкі, «мабыць, не адно загубленае жыццё з ліку беларускай творчай інтэлігенцыі». Канкрэтна называюцца Максім Гарэцкі і Якаў Бранштэйн. Спасылка даецца на два Барысенкавы артыкулы, напісаныя ў 1936 і 1937 гадах. У адным з іх была рэзкая крытыка Гарэцкага, у другім — Бранштэйна. Барысенка сапраўды надрукаваў іх «у страшны час масавых сталінскіх рэпрэсій». Дык жа тым страшным часам усё і тлумачыцца. Вядома, асабістая віна Барысенкі ўсё роўна застаецца. Ён не адмаўляе яе. І ў паслясталінскі перыяд публічна пакаяўся ў гэтым сваім немалым граху. Слушна казаў ён і пра тое, што такія артыкулы тады пісаліся не па ўласнай ініцыятыве аўтараў, а па партыйнай разнарадцы. Яна распаўсюджвалася на Барысенку таму, што ён яшчэ са сваіх студэнцкіх гадоў стаў членам бальшавісцкай партыі, якая абяцала ашчаслівіць народ. Тыя, хто паверыў гэтым зманлівым абяцанням, былі проста кар’ерыстамі? Тады да кар’ерыстаў можна залічыць і коласаўскіх станоўчых герояў Сцёпку Баруту і Аленку Гарнашку з аповесці «На прасторах жыцця» і, бадай, усю рэальную, жывую моладзь, якая ў паслярэвалюцыйных умовах актыўна праяўляла сябе ў літаратуры, навуцы і іншых сферах дзейнасці.
У жахлівыя 1930-я гады, калі барацьба з так званай нацдэмаўшчынай зрабілася афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай, дзікія вульгарызатарскія артыкулы станавіліся не выключэннем, а звыклай нормай, для публіцыстаў з партыйным білетам абавязковай. Той жа Бранштэйн, член бальшавіцкай партыі з 1924 года, быў ваяўнічым крытыкам. Ён напісаў цэлы шэраг артыкулаў з навешваннем самых грозных ярлыкоў на добрых пісьменнікаў. Чаго варты толькі ягоны артыкул «Апошні рэйд шукальнікаў хараства з Сівецкага сельсавета», накіраваны супроць М. Зарэцкага. Але па іроніі лёсу крытык быў расстраляны бальшавікамі разам з Зарэцкім.
Семяновіч жа з’едліва зазначае, што Бранштэйн быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання праз чатыры месяцы пасля Барысенкавага артыкула. Гэты артыкул Семяновіч кваліфікуе як данос. На самой жа справе даносу ў такіх артыкулах пры ўсёй іх жахлівасці не было. Яны пісаліся, паўтару, па партыйнай разнарадцы супроць тых асоб, якія падлягалі рэпрэсіраванню. Выканаўцы такіх разнарадак ні грамадзянскай мужнасці, ні звычайнай чалавечнасці не выяўлялі. І за гэта яны нясуць усю меру маральнай адказнасці. Але губілі людзей усё ж не яны. Губіла тая сістэма, якая тыя разнарадкі давала. Гэта наглядна выяўляецца ў трагічным лёсе Максіма Гарэцкага. Падставай для яго расстрэлу быў, канечне ж, не Барысенкаў артыкул (ён зусім не ўпамінаецца ў следчай справе, па якой пісьменніку вызначылі смяротны прысуд). І нават не самы сапраўдны данос у галоўную бальшавіцкую газету «Правда», напісаны зайздрослівым лайдакаватым калегам па апошнім месцы настаўніцкай працы М. Гарэцкага, а зусім іншыя матэрыялы. Следчыя, якія атрымалі заданне падрыхтаваць забойчы кампрамат на пісьменніка, згарбузавалі сфальсіфікаваныя паказанні сведкаў, прыпісалі бязвіннаму пакутніку шпіянаж у карысць Польшчы, «контррэвалюцыйную работу», «тэрарыстычныя і контррэвалюцыйныя намеры» і іншую стандартную па тых часах лухту, сур’ёзна даказваць якую ніхто і не збіраўся. Дастаткова было таго, што чалавека судзілі раней, у 1931 годзе, хоць таксама беспадстаўна. «Таму былі даносы ці не былі — вынік быў бы аднолькавы: адбіралі незагінуўшых у мінулыя гады «недабітых» «ворагаў народа», — слушна напісаў Р. Гарэцкі, пляменнік пісьменніка, выдатны вучоны, якога ніяк нельга западозрыць у неаб’ектыўным стаўленні да свайго дзядзькі.