Не ведаць пра ўсё гэта Семяновіч не мог, бо ўсе падрабязнасці гібелі Гарэцкага апублікаваны па архіўных матэрыялах у друку яшчэ ў 1990-я гады. Самае грунтоўнае іх асвятленне даецца ў кнізе Р. Гарэцкага «Ахвярую сваім “я”.» (Мінск, 1998).
Але Семяновічу карцела даняць Барысенку, тады ўжо нябожчыка, любой цаной. І ён нагрувашчваў абвінавачанні, не лічачыся ні з чым. Як дрэнная фантастыка ўспрымаецца гаворка пра тое, што Барысенка намагаўся неяк перашкодзіць выданню невялічкага зборніка выбраных твораў М. Гарэцкага, падрыхтаванага Семяновічам у 1960 годзе. Семяновіч тады зрабіў, вядома, добрую справу, хоць творчасць нашага класіка ацаніў вельмі неадэкватна, напісаўшы ў прадмове да кнігі так: «Шмат якія творы М. Гарэцкага для нашага часу гучаць ужо анахранічна, яны не могуць задаволіць сучаснага чытача ні сваім зместам, ні эстэтычнымі якасцямі. Аднак некаторыя яго апавяданні і аповесці маюць пазнавальнае значэнне і ўяўляюць пэўную цікавасць».
Барысенка вымусіў на такую ацэнку? Дык ён жа ніяк не вызначаў характар таго больш чым сціплага выдання і яго прадмову. І чым кіраўніку Інстытута літаратуры пагражала публікацыя твораў пісьменніка?
Трохі пазней (у 1968 годзе) я выдаў невялікую кніжку «Максім Гарэцкі» (яна пра пісьменніка была ў нас першай) і паслаў адзін экзэмпляр Барысенку. Ён мне падзякаваў і ніякай незадаволенасці з-за таго, што я ўзяўся даследаваць творчасць Гарэцкага, ніколі не выказваў.
Але пара вярнуцца да таго канфлікту, з-за якога Семяновіч мусіў пайсці з Інстытута літаратуры. Гэты канфлікт разгортваўся на маіх вачах. І я мушу сказаць, што Семяновіч падае яго зусім непраўдзіва. «А пачалося ўсё з-за таго, што я заступіўся за аднаго малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута Дзмітрыя Захаравіча Бародзіча, якога дырэктар задумаў звольніць з працы. Бародзіч аказаўся «няўгодным» Барысенку таму, што зашмат ведаў пра яго былую дзейнасць. Ён почасту паказваў супрацоўнікам Інстытута фотакопіі друкаваных у перыёдыцы 1930-х гадоў артыкулаў Барысенкі, у якіх узводзіўся паклёп на некаторых беларускіх пісьменнікаў, яны абвінавачваліся як «ворагі народа». Але па гэтай прычыне звольніць Бародзіча было нельга. Таму Барысенка вырашыў дзейнічаць іншым шляхам. Ён стварыў атэстацыйную камісію з асабіста адданых яму супрацоўнікаў Інстытута і даў ім заданне праверыць усю навуковую працу Бародзіча, выявіць яе недахопы і даць заключэнне аб нізкай якасці ўсёй яго навуковай прадукцыі. Услужлівая камісія так і зрабіла. На падставе яе высноў Вучоны савет Інстытута не атэставаў Бародзіча. І дырэктар Інстытута меў законнае права звольніць яго як прафесійна непрыгоднага. Усё гэта, вядома, было шыта белымі ніткамі, і на Вучоным савеце ў час адабрэння вывадаў атэстацыйнай камісіі я выказаў нязгоду і ўстрымаўся ад галасавання».
Няпраўда, што Семяновіч тады выказаў нязгоду. Ён сціпленька маўчаў, бо сказаць не было чаго, і пры галасаванні не ўстрымаўся, а прагаласаваў за звальненне Бародзіча. Ды і ўстрыманне ад галасавання, калі прыняць версію Семяновіча, вельмі ж хліпкая нязгода.
За звальненне Бародзіча дружна прагаласавалі ўсе члены Вучонага савета. А ў ліку іх быў і Алесь Адамовіч, які ніколі не крывіў душою. Камісію па праверцы навуковай працы Бародзіча ўзначальваў Міхась Лынькоў, які таксама вызначаўся сваёй прынцыповасцю. І яму Барысенка не мог даваць установак на тое, як ацаніць працу Бародзіча. Той амаль цэлы год не займаўся сваімі абавязкамі малодшага навуковага супрацоўніка, а траціў час на фельетоны ў маскоўскіх выданнях, прызнаныя потым ілжывымі не Барысенкам, а тымі выданнямі, якія мусілі даваць абвяржэнні. Словам, амаль год Бародзіч «сачкаваў». І ў час праверкі, якая робіцца пры атэстацыі ўсіх навуковых супрацоўнікаў, гэта выявілася з усёй неаспрэчнасцю.