Выбрать главу

Займаўся М. В. Гарбачоў па сваёй службовай пасадзе і пытаннямі крытыкі. Чаму ён бараніў А. Кучара, дакладна не магу сказаць і цяпер.

Разам з Каваленкам мы змагаліся супроць рэтраградных выступленняў П. Глебкі, які адзін час выяўляў вялікую актыўнасць у нападках на беларускую крытыку. Тады ён ужо быў акадэмікам АН БССР і дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. У розных аўдыторыях (ад навукоўцаў да медсясцёр, якія непасрэднага дачынення да літаратуры, а тым больш да крытыкі, не мелі і наўрад ці хоць колькі цікавіліся ёю) ён настырна ўшчуваў Каваленку за арты­кул «Думкі пра сучасны беларускі раман», апублікаваны ў «Полымі» (1963, № 1). У гэтым артыкуле згадваліся імёны Джойса, Пруста і Кафкі, зазначалася, што і вопыт гэтых пісьменнікаў можа быць у нечым карысным для са­вецкай літаратуры. П. Глебка тут убачыў небяспечны ідэалагічны крымінал. Пакідаць без адказу такія заявы нельга было. І я на адным акадэмічным сходзе таксама выступаў з пярэчаннямі Глебку.

В. Каваленка, вядома ж, цаніў такую падтрымку. Пра гэта сведчаць і яго прыязныя аўтографы на падараваных мне кнігах. Іх у мяне захавалася больш за дзясятак. І аднойчы (аўтограф на выдадзеным у 1967 годзе зборніку літаратурна-крытычных артыкулаў «Давер») В. Каваленка сярод іншых пахвальных слоў, на якія ён ніколі не скупіўся, напісаў: «Майму аднадумцу». Здаецца, тады так і было.

На кнізе «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» (1975), якая стала доктарскай дысертацыяй В. Каваленкі, значыцца: «Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаё­ву — добразычліваму рэцэнзенту гэтай кніжыцы з удзячнасцю за спагадлівую дапамогу, з сяброўскімі пачуццямі, сардэчна».

Звярну ўвагу на тое, што В. Каваленка сваю выдатную манаграфію на 336 старонак вялікага фармату называе ўсяго толькі кніжыцай. Так ён «прыбядняўся» даволі часта.

А што да маёй «спагадлівай дапамогі», дык я ўжо і не помню, у чым яна заключалася. Хутчэй за ўсё гэта тыповае для Каваленкі перабольшанне, бо ў лепшым выпадку я зрабіў нейкія прыватныя заўвагі і ўдакладненні.

Каваленка ж дзякаваў і за адну выдавецкую рэцэнзію, у якой я нарабіў сябру мноства заўваг прынцыповага характару. Так было з кнігай «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977), якую я рэцэнзаваў як старшыня крытычнай секцыі ў нашым пісьменніцкім Саюзе. Вядома, я ўрэшце выказваўся за выданне кнігі. І Каваленка потым падарыў яе мне з такім подпісам: «Дзмітрыю Якаўлевічу — першаму суроваму, але таленавітаму крытыку гэтай недасканалай — вядома ж! — кніжыцы з удзячнасцю за заўвагі. Аўтар. 14. ІІ. 1978 г. В. Каваленка».

Рэцэнзія на «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» таксама пісалася не для друку, а для выдавецтва. І галоўная яе мэта была ў падтрымцы кнігі. Я сапраўды шчыра падтрымліваў В. Каваленку, лічачы гэта цалкам справядлівым, і ў перыяд падрыхтоўкі ім доктарскай дысертацыі, і тады, калі ён выбіраўся членам-карэспандэнтам, а потым правадзейным акадэмікам АН БССР. Як адбываліся гэтыя выбары, я ўжо працаваў на філфаку БДУ. Філфакаўскае кіраўніцтва таксама вітала выбары Каваленкі ў АН БССР. Неабходныя паперы з атэстацыяй яго навуковых заслуг даводзілася пісаць мне (падпісвалі, вядома, кіраўнікі). І я рабіў гэта зноў жа ахвотна, з пераконанасцю, што пішу пра свайго сябра чыстую праўду. Важна і тое, што ў такіх выпадках даецца агульная ацэнка зробленага вучоным. У дачыненні да В. Каваленкі яна, з майго пункту гледжання, магла быць толькі высока станоўчай. Ды і ў тыя часы, калі мы з Каваленкам вялі палеміку ў друку, я таксама звычай­на падкрэсліваў і таленавітасць Каваленкі-даследчыка, і агульную значнасць ягоных прац. Вось што напісалася ў маёй разгорнутай рэцэнзіі на двухтомную «Гісторыю беларускай літаратуры», выдадзеную ў 1977 годзе на рускай мове ў Мінску: «Некаторыя спрэчныя, на маю думку, палажэнні ёсць і ў раздзеле аб творчасці Я. Коласа. Гэты раздзел належыць В. Каваленку, які, бясспрэчна, з’яўляецца адным з самых таленавітых, цікавых і арыгінальных сучасных крытыкаў. Пра Я. Коласа В. Каваленка таксама піша ўвогуле змястоўна, глыбока. Але асобныя разважанні даследчыка пра паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка” здаюцца мне недастаткова абгрунтаванымі».