Словам, пацешылі публіку мы нямала. Наша сяброўства тады пачало даваць трэшчыны, фактычна знаходзілася пад пагрозай і ўжо ва ўсякім разе не было такім пранікнёна-сардэчным, поўным узаемазахопленасці, як у перыяд яго росквіту. Але ў аснове сваёй яно ўсё ж захоўвалася, бо ў галоўным мы, нягледзячы на зацятасць спрэчак па асобных праблемах, заставаліся аднадумцамі. І гэта дазваляла пры ўсіх перахлёстах у палеміцы падтрымліваць даволі прыязныя практычныя ўзаемаадносіны, заснаваныя на даўняй трывалай павазе. Тут зноў на поўную сілу спрацоўваў Каваленкаў голас чалавечнасці, красамоўным фактычным пацвярджэннем якога з’яўляюцца аўтографа на апошніх кнігах Віктара Антонавіча.
Ягоную манаграфію «Агульнасць лёсаў і сэрцаў», у якой даследуецца беларуская проза аб Вялікай Айчыннай вайне ў кантэксце рускай і іншых літаратур, у тым ліку зарубежных (выдадзена на рускай мове ў Мінску ў 1985 годзе), я атрымаў з подпісам: «Дарагому Дзмітрыю Якаўлевічу — майму шчыраму сябру, пачуцці да якога не прытупляюцца нават у выніку самых злосна-зацятых літаратурных нападак на мяне, з найлепшымі і шчырымі пажаданнямі. 20. 12. 85. В. Каваленка».У 1989 годзе выйшаў ёмісты том выбраных артыкулаў В. Каваленкі з характэрным для ягонай пазіцыі ў літаратуры загалоўкам «Веліч праўды». Подпіс на гэтай кнізе зноў надзвычай прыхільны: «Дарагому Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву — у знак даўняга і нязменнага сяброўства, якому не перашкаджае «крытычная любоў», — з найлепшымі пажаданнямі. 27. 12. 89.
В. Каваленка».
Шчырым, сардэчным чалавекам з вялікім гуманістычным патэнцыялам ён заставаўся да канца сваіх зямных дзён. Як многа значыла для мяне ягонае сяброўства, я па-сапраўднаму адчуў, калі Віктар Антонавіч пайшоў ад нас назаўсёды. Крыху раней памёр Мікола Васілеўскі. З усёй нашай сяброўскай тройкі цяпер застаўся я адзін. І скрухай поўніцца маё сэрца. Непапраўна балючыя страты ідуць адна за адной. Зусім нядаўна з вялікай народнай жалобай пахавалі Васіля Быкава, магутнага пісьменніка і ўнікальнага па аўтарытэтнасці і душэўнай далікатнасці чалавека, у якога гэтая далікатнасць спалучалася з непахіснасцю маральна-этычных прынцыпаў нязломнага барацьбіта. Ад яго невымернай душэўнай цеплыні нямала ласкавых промняў перападала і мне яшчэ з часоў «Жураўлінага крыку» і аж да гэтага трагічнага для беларускай літаратуры года, які забраў ад нас Васіля Уладзіміравіча ў вечнасць. А мы на грэшнай зямлі папраўдзе асірацелі.
Вельмі балюча было траціць Лынькова, Мележа і Дубоўку, Танка, Панчанку і Янішчыц, Алеся Адамовіча і Чыгрынава, з якім мяне таксама звязвала блізкае і трывалае сяброўства.
А сяброўства з Каваленкам і Васілеўскім вылучалася яшчэ і тым, што мы равеснікі, у літаральным сэнсе прадстаўнікі аднаго пакалення. І гэта таксама істотная рэч.
Не хацелася б скардзіцца на лёс, бо ён пры ўсіх пературбацыях складваўся ў мяне ўсё ж шчасліва. І яшчэ застаецца нямала добрых і выдатных людзей найперш з пісьменніцкага і навуковага асяроддзя, якім я шчыра ўдзячны за прыхільнасць, добразычлівасць, спагаду і падтрымку. Але адсутнасць самых блізкіх сяброў маладосці адчуваецца ўсё больш востра. Іх страта ўспрымаецца як незагойная рана. Суцешыцца, згадваючы Віктара Каваленку, застаецца хіба тым, што яго голас чалавечнасці ў нашай крытыцы, у літаратуразнаўстве гучыць выразна, моцна і надзейна і будзе яшчэ доўга патрэбны людзям, не абыякавым да Беларусі і яе нацыянальнай культуры.
2005 г.
НАТУРА БАРАЦЬБІТА
(жменя ўспамінаў пра Уладзіміра Калесніка)
Уладзіміра Андрэевіча Калесніка я трохі ведаў яшчэ з 50-х гадоў мінулага стагоддзя, бо вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце імя А. М. Горкага, з якім Калеснік быў трывала звязаны працяглы час. Ён атрымліваў тут і вышэйшую адукацыю, і аспіранцкую падрыхтоўку, быў блізкім сябрам Ф. М. Янкоўскага, часта наведваў яго ў педінстытуцкім інтэрнаце на вуліцы Кірава. Мне таксама давялося правесці ў гэтым інтэрнаце тры аспіранцкія гады і якраз у той перыяд, калі там жыў Янкоўскі. Пакоі ў нас, вядома, былі розныя, але размешчаныя на адным паверсе і з выхадам у адзін калідор. Таму выпадковыя сустрэчы з Янкоўскім здараліся нярэдка. Калі-нікалі трапляўся з ім і Калеснік. Яны абодва ўжо тады вылучаліся сваёй відавочнай сталасцю, мелі за плячыма вопыт узброенай барацьбы з гітлераўскім фашызмам, словам, яўна адрозніваліся ад яшчэ зялёных і ў многім легкадумных аспірантаў майго ўзросту, але ставіліся да нас з таварыскай зычлівасцю, бо адчувалі і нашу захопленасць беларушчынай.