Такім чынам, нядобразычліўца з-за спрэчкі пра паэзію Танка я сабе не прыдбаў. Нашы адносіны заставаліся нармальнымі, увогуле прыхільнымі. Былі сустрэчы з ім на розных пісьменніцкіх сходах, на якія Калеснік прыязджаў з Брэста. Калі мне даводзілася гаварыць у вусных выступленнях ці ў друкаваных артыкулах пра нашу крытыку, я, канечне ж, не абмінаў добрым словам і Калесніка. Але даследчыя дзялянкі ў нас збліжаліся, а тым больш перакрыжоўваліся рэдка. Бо ён шмат пісаў пра старажытнасць, і асабліва пра заходнебеларускую літаратуру. А я якраз тут спецыялістам сябе не лічыў, як даследчык не займаўся ні творчасцю заходнебеларускіх пісьменнікаў (акрамя Максіма Танка), ні літаратурай ранейшых эпох, хоць у час выкладчыцкай працы ў Мазыры чытаў курс дарэвалюцыйнай літаратуры, цішком, але шчодра выкарыстоўваючы напаўзабаронены тады вялізны фаліянт В. Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
Даводзілася не раз рэцэнзаваць абагульняльныя літаратуразнаўчыя працы, для якіх пра Заходнюю Беларусь заўсёды пісаў Калеснік, бо тут па агульнай аўтарытэтнасці ніхто з ім тады параўнацца не мог. Але і ў такіх выпадках пра асвятленне заходнебеларускага літаратурнага працэсу я падрабязна пісаць не рызыкаваў, абыходзячыся сумарным заключэннем. У якасці прыкладу згадаю тое, што напісалася ў рэцэнзіі на двухтомную «Гісторыю беларускай літаратуры», выдадзеную ў 1977 годзе ў Мінску на рускай мове (так давала сябе адчуць моцная тады русіфікацыя). У той рэцэнзіі падкрэслівалася, што для новаай «Гісторыі беларускай літаратуры» і даследчыкі, якія ў папярэдніх працах такога профілю таксама рыхтавалі адпаведныя раздзелы, «цяпер, як правіла, не толькі нанава пісалі, але і нанава вывучалі свае ранейшыя тэмы, ва ўсякім разе, паглыблялі і ўзбагачалі іх асэнсаванне. Гэта ў першую чаргу стасуецца да разгляду заходнебеларускай літаратуры, зробленага У. Калеснікам, які, дарэчы сказаць, амаль што адзін і ўзняў на сапраўдны навуковы ўзровень гэтую галіну нашага літаратуразнаўства». (Агаворка «амаль што адзін» невыпадковая. Яна выклікана тым, што пра творчасць некаторых заходнебеларускіх літаратараў час ад часу пісалі і іншыя, маладзейшыя за Калесніка крытыкі з добрым веданнем жыцця ў Заходняй Беларусі, напрыклад, М. Арочка, А. Ліс).
Ацэнка напісанага Калеснікам для той «Гісторыі» раздзела ў мяне зроблена, канечне ж, па вельмі высокім рахунку, але ўсяго адной фразай. Праўда, там і пра іншых даследчыкаў пахвала выдаецца без размазвання і шматслоўнасці, а больш падрабязна, з канкрэтнай аргументацыяй ідзе толькі крытыка спрэчных мясцін. У Калесніка такіх я не бачыў. І ён зноў успрыняў усё належным чынам.
Рэцэнзія на двухтомную рускамоўную «Гісторыю беларускай літаратуры» друкавалася ў 1978 годзе. К таму часу я ўжо меў зноў бліскучую Калеснікаву кнігу «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977) з аўтографам: «Дзмітрыю Бугаёву — з пажаданнем новых поспехаў у даследаванні сучаснай прозы. У. Калеснік. 8. ІІ. 1978». А потым была падаравана параўнальна невялікая памерам, але ёмістая ў змесце, глыбокая па думках кніга «Максім Танк. Нарыс жыцця і творчасці» (1981). Тут зноў кароткі, але яшчэ больш прыязны аўтограф: «Дзмітрыю Бугаёву — з павагай да творчай прынцыповасці. Ул. Калеснік. 18. Х. 1981. Брэст».
У 1983 годзе У. Калеснік падарыў мне свой зборнік выбраных партрэтаў і нарысаў «Лёсам пазнанае». Кніга выдадзена «Мастацкай літаратурай» (1982) да 60-гадовага юбілею даследчыка. І зроблена яна так, як і павінны рабіцца нешэраговыя выданні выдатных літаратараў, класікаў у сваёй галіне (а што Калеснік дасягнуў самых выдатных вышынь у нашай крытыцы, стаў яе класікам, сёння ўжо відавочна для многіх).
Але яшчэ колькі слоў пра тое выданне. Яно вельмі арыгінальна аформлена, надрукавана на першакласнай паперы, з партрэтамі аўтара і тых майстроў слова, якім прысвечаны нарысы, напісаныя з зайздроснай таленавітасцю. Выдавецкі рэдактар кнігі — А. Разанаў, цяпер славуты паэт, якога Калеснік мужна бараніў усе тыя гады, калі на хлопца насядалі з усіх бакоў рэтраграды ад ідэалогіі і літаратуры, не прымаючы ні яго грамадзянскай няскоранасці, ні эстэтычнай нязвыкласці ягонай паэзіі.