Ну, ладна, не будзем займацца спрэчным бурчаннем.
Прачытаў учора Тваю палеміку з Каваленкам. Думаю, што абодва Вы, міленькія-харошанькія, хочаце вырашыць маральна-псіхалагічную загадку, развязаць гордзіеў вузел тым самым спосабам: знайсці абавязкова адназначную дэфініцыю — вечны, скончаны здраднік гэты самы Рыбак ці не. А Рыбак жа застаўся жывы. Вы ж спрачаецеся, як пра нябожчыка. Дакладней, Ты лічыш яго скончаным мярзотнікам антычалавекам, а Віктар [Каваленка] упэўнены, што ў яго ёсць яшчэ шанц. І абодва Вы забываеце, што праблема зусім не ў гэтай плоскасці. Праблема ў тым, ці ёсць у грамадстве права на адкупленне віны і як савецкі, ваенны варыянт гэтага права суадносіцца з адвечным, агульначалавечым (больш ён жорсткі ці не і чаму? Апраўдана гэта ці не? На які час дапушчальна жорсткасць і абмежаванні ў праве на раскаянне?), гаворыцца ў Цябе нешта пра змыванне віны крывёю, але мімаходзь. А між іншым фактам вайны на Беларусі была і біяграфія Гіль-Радзівонава. Я не думаю, што ён, камандзір карнага фарміравання, перайшоў да нас, партызан, толькі са страху перад намі і нашай Перамогай. Тысячы здраднікаў жывуць сабе за мяжой прыпяваючы і знаходзяць сабе апраўданне і гераічнае падвышэнне ў прэсе. Тут дзейнічала ўсё ж і сумленне, і раскаянне, і права на адкупленне віны. Перад усім гэтае права!! Але пра гэта можа пазней... Цісну руку. У. Калеснік».
Ліст ёмісты, шматзначны. Ён, акрамя ўсяго іншага, паказвае глыбіню разважанняў Калесніка, яго ўменне гаварыць праўду. Я ж толькі патлумачу, што размова ідзе ў пачатку ліста пра маю кнігу «Васіль Быкаў. Нарыс жыцця і творчасці», выдадзеную «Народнай асветай» у 1987 годзе (серыя — «народныя пісьменнікі БССР»). Яе перадаў Калесніку брэсцкі выкладчык А. Ф. Сіранькоў. М. І. Дзялец тады быў старшынёй Камітэта па друку, які курыраваў выдавецтвы, паліграфію і кніжны гандаль. Рыбак — персанаж з быкаўскай аповесці «Сотнікаў». Рукапіс Калеснікавай кнігі пра Брыля я рэцэнзаваў для выдавецтва «Народная асвета». Кніга выйшла толькі ў 1990 годзе, але памерам трохі большым, чым аналагічныя папярэднія выданні (13,84 друк. арк.). Калеснік мне падараваў яе з надпісам: «Дзмітрыю Бугаёву, чыя лёгкая рука блаславіла рукапіс гэтага сачынення, — з удзячнасцю і найлепшымі пажаданнямі. Ул. Калеснік. Мінск, 13. ХІ — 90».
Ды вярнуся нарэшце да «Тварэння легенды». Разгорнутую рэцэнзію на гэтую кнігу я надрукаваў толькі ў 1989 годзе («Полымя», № 2). Затрымка была выклікана рознымі прычынамі. Гэтую працу я разглядаў як адну «з самых значных, глыбокіх і канцэптуальна змястоўных у нашым літаратуразнаўстве». Бо тут зноў выразна выявілася маштабнасць крытычнай думкі Калесніка, які цяпер стварыў кнігу пра тое, як беларусы станавіліся народам, як яны выпрацоўвалі сваю ўласна патрыятычную і нацыянальнавызваленчую свядомасць. Ключавымі фігурамі ў гэтым працэсе Калеснік называе Ф. Скарыну, М. Гусоўскага, казачніка Рэдкага (за ім — глыбіні нашага фальклору і памежжа паміж нацыянальным фальклорам і літаратурай) і, канечне ж, Я. Купалу. Але фактычна ў кнізе праз ёмістую прызму тварэння нацыянальнай легенды, нацыянальных асноў даследуецца ўся беларуская літаратура дакастрычніцкай пары, а праз савецкага Купалу зроблены пэўны экскурс і ў паслярэвалюцыйныя гады. Аўтар звяртаецца да В. Цяпінскага і С. Буднага, А. Філіповіча і М. Сматрыцкага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і Я. Лучыны, П. Багрыма і К. Каліноўскага, не кажучы ўжо пра Я. Коласа і М. Багдановіча, Цётку, М. Гарэцкага і З. Бядулю. Праўда, у кнізе не згадваюцца імёны А. Гаруна ці В. Ластоўскага. Але тады гэтыя пісьменнікі яшчэ не былі рэабілітаваны. І пахвалу ў іх адрас савецкая цэнзура прапусціць ніяк не магла.
Ацэньваючы «Тварэнне легенды» як выдатнае дасягненне нашага літаратуразнаўства, я мусіў звярнуць увагу і на тое, што савецкі перыяд у творчасці Купалы тут пададзены без належнай крытычнасці, што ў даследчыка абмінута трагедыя, якая напаткала паэта пры бальшавіках (30-я гады ХХ стагоддзя). Вядома, у мяне адзначалася, што прычына гэткай недастатковасці не ў самім Калесніку, а ў тым, што яго кніга пісалася і выдавалася тады, калі яшчэ не ўсе цэнзурныя забароны былі зняты і пра многія жахлівыя факты літаратурнай гісторыі мы яшчэ добра не ведалі. Нам жа такую праўду старанна дазіравалі, адкрывалі па кропельцы, калі скрыць яе цалкам было ўжо немагчыма. Уладзімір Андрэевіч мае заўвагі па «Тварэнню легенды» прыняў без пярэчанняў (казаў пра гэта пры сустрэчы), бо ён і сам, па меры таго як гарбачоўская галоснасць набывала пашырэнне, выказваўся пра савецкія парадкі ўсё больш рэзка і бескампрамісна. У яго ж і праўда была натура барацьбіта, якая штурхала на пошукі ісціны, вялікай праўды пра чалавека і свет. Гэтаму была падпарадкавана і яго грамадская актыўнасць, і літаратурная дзейнасць, і педагагічная праца.