Вайна для Фёдара Янкоўскага пачалася ў 1939 годзе — з нападу Савецкага Саюза на Фінляндыю, якая аказала ўпартае супраціўленне сталінскай агрэсіі і здолела адстаяць сваю незалежнасць, хоць і панесла некаторыя тэрытарыяльныя страты.
Зіма 1939/40 гадоў, калі вялася тая вайна супроць Фінляндыі, выдалася асабліва марознай. Тады Янкоўскі намёрзся як ніколі. Ён быў цяжка паранены і ледзьве выжыў. Урэшце яму ўручылі белы білет, які сведчыў пажыццёвую непрыгоднасць да вайсковай службы. Але ў перыяд Айчыннай вайны гэты белабілетнік прымаў самы актыўны ўдзел ва ўзброенай барацьбе супроць гітлераўцаў. Тады ён стаў начальнікам коннай разведкі партызанскага атрада. А на яе долю выпадалі самыя рызыкоўныя сітуацыі, нечаканыя баявыя сутычкі. Выжыць у такіх умовах было рэдкай удачай. Цяпер падлічана працягласць жыцця на перадавой. Для салдата яна складала менш за суткі, для камандзіраў: узвода — тры дні, роты — сем дзён, батальёна — адзінаццаць, палка — дваццаць.
Гэты падлік датычыць вайны франтавой. Але партызанская вайна патрабавала ніяк не меншай рызыкі. Ды лёс збярог Фёдара Янкоўскага і ў такой калатнечы. Але цана выжывання была вялікай і для яго. Згадваючы свае дзве вайны, Янкоўскі са скрухай зазначаў: «Першая пакінула ў целе больш за дваццаць асколкаў, другая адабрала маіх родных-крэўных [загінула чацвёра Янкоўскіх: Карп, Сава, Вольга, Інэса. — Д. Б.], маіх сяброў, вучняў, знаёмых. Вайна парадніла мяне не з адным дзясяткам дарагіх людзей».
Апошнія словы добра выяўляюць аптымізм аўтара, яго ўменне знаходзіць нешта суцяшальнае і там, дзе пераважае драматычны пачатак.
У пасляваенныя гады Фёдар Янкоўскі скончыў Гродзенскі педінстытут імя Янкі Купалы (1948), потым аспірантуру пры Мінскім педінстытуце імя А. М. Горкага (1954).
З гэтым інстытутам, які цяпер мае назву БДПУ імя Максіма Танка, звязана ўся далейшая праца Ф. Янкоўскага. Тут ён з 1953 года быў выкладчыкам беларускай мовы, у 1956—1982 гадах узначальваў кафедру беларускага мовазнаўства, якая пры Янкоўскім стала адным з вядучых навуковых цэнтраў філалогіі ў рэспубліцы.
Аднойчы Ф. Янкоўскі прыгадваў, што гэтая кафедра, супрацоўнікі якой у 1956 годзе надрукавалі толькі тры артыкулы, «у апошнім навучальным годзе апублікавала больш за дваццаць артыкулаў і адзінаццаць кніг, сярод якіх падручнікі для школ, дапаможнікі для студэнтаў-філолагаў і настаўнікаў, слоўнікі, манаграфіі.
Гады працы ў гэтым калектыве — мае добрыя гады. Узаемная павага і падтрымка, шчырыя адносіны да працы, да роднага слова забяспечылі калектыву пэўныя поспехі». Гэта напісана Янкоўскім у лютым 1972 года. Вялікія поспехі ўзначаленага ім калектыву ён назваў толькі пэўнымі з-за сціпласці. Па той жа прычыне не падкрэслівалася, што такі спрыяльны мікраклімат у калектыве педінстытуцкіх беларусазнаўцаў ствараўся найперш намаганнямі кіраўніка, які дасягнуў поспеху ў гэтым кірунку дзякуючы і сваёй чалавечнасці, і вялікаму навуковаму аўтарытэту.
З 1983 года Фёдар Міхайлавіч адмовіўся ад кіраўніцтва кафедрай, але да канца сваіх дзён заставаўся яе супрацоўнікам на пасадзе прафесара, якім быў з 1970 года.
Працуючы ў Мінскім педінстытуце, ён абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, стаў заслужаным дзеячам навукі Беларусі.
Ягоная пісьменніцкая праца пачыналася спакваля, без вялікіх прэтэнзій і амбіцый і вылівалася ў нарысы, абразкі, эцюды. А потым склаліся і кнігі: «Абразкі» (1975), «Прыпыніся на часіну» (1979), «І за гарою пакланюся» (1982), «Радасць і боль» (1984), «Само слова гаворыць» (1986), «З нялёгкіх дарог» (1988). Апошняе з прыгаданых тут прыжыццёвых выданняў прозы Янкоўскага — гэта ёмістая кніга яго выбраных твораў. А зборнік «Само слова гаворыць» мае падзагаловак «Філалагічныя эцюды, абразкі, артыкулы». Ён вельмі дакладны.
Лінгвістычнымі нататкамі называў абразкі Фёдара Янкоўскага Сцяпан Александровіч. Гэта таксама трапнае акрэсленне. Увогуле, замалёвачнасць уласцівая абразкам па вызначэнню.
Абразкі, створаныя Ф. Янкоўскім, звычайна вырасталі з дакладнага і падрабязнага апісання нейкага канкрэтнага факта, уражання ад яго. Ці ўзнікалі як роздум над недзе пачутым або ўспомненым каларытным словам. Пры гэтым нярэдка ўзгадваліся ўсе акалічнасці, пры якіх тое слова было пачута, адзначалася, як выглядаў чалавек, што вымаўляў яго, дзе ён жыў і які меў лёс, як ставіўся да аўтара замалёўкі. Усё падавалася цікава і любасна-захоплена. Асабліва каларытнае слова нярэдка проста смакавалася, паварочвалася то адной, то другой гранню, а ўрэшце і праўда само пачынала гаварыць з такой выразнасцю, што не захапіцца ім, чытаючы абразок, можа хіба што зусім глухі да слова чалавек.