Уменнем пераканальна паказаць хараство народнай мовы, здольнасцю бясконца любавацца беларускім словам, сапраўды каларытным, як казаў сам Янкоўскі, гаваркім, забяспечаным сэнсавай глыбіннасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю, калі гэтае слова пастаўлена на сваім месцы, прамоўлена дарэчы і са смакам, — усім гэтым Ф. Янкоўскі ў нас вылучаўся асабліва. А сярод вучоных-філолагаў ён тут увогуле не меў сабе роўных.
Хораша пісаў ён і некаторыя нарысы. Адзін з іх прысвечаны Янку Брылю, з якім Фёдара Янкоўскага звязвала трывалае непаказное сяброўства. Той нарыс апублікаваны пад загалоўкам «Ідзе хораша, сумленна, смела». І ўжо самім гэтым загалоўкам вызначаны эмацыянальны тон гаворкі. Яна падкупляе сваёй натуральнасцю, свабодай выяўлення асобы нарысіста і той даверлівасцю, якую за яе гранічную шчырасць можна назваць спавядальнасцю.
Свабода і раскаванасць, з якімі напісана пра Янку Брыля, звязаны, можа, найперш з вельмі блізкім веданнем пісьменніка, якое абумовіла дакладнасць усяго, што сказана ў нарысе.
Але зрэдку Фёдар Янкоўскі браўся пісаць і пра тое, што ведаў прыблізна. Ён тонка разумеў мастацкую літаратуру, пра творчасць шэрагу пісьменнікаў выказваўся арыгінальна і змястоўна, але прафесійным літаратуразнаўцам ён усё ж не быў і маштабы зробленага канкрэтнымі літаратуразнаўцамі, іх практычныя справы і стасункі ўяўляў прыблізна. І гэта яскрава выявілася, напрыклад, у нарысе «Па бацьку пазнаюць сыноў». Нарыс увайшоў у кнігу «Прыпыніся на часіну». Прысвечаны ён М. Р. Ларчанку і нібыта выпеставаным ягонымі намаганнямі і клопатамі літаратуразнаўцам. Але нацяжкі тут ідуць скрозь. А ў выніку воблік Ларчанкі атрымаўся яўна ідэалізаваным, яго роля ў нашым літаратуразнаўстве вельмі істотна перабольшана.
«Міхась Ларчанка гадаваў і выхоўваў, ствараў і стварыў цэлы вялікі калектыў, дружны і працавіты, літаратараў — літаратуразнаўцаў, гісторыкаў літаратуры, крытыкаў, вучоных педагогаў», — піша Ф. Янкоўскі, маючы на ўвазе тагачасную кафедру беларускай літаратуры ў БДУ. Кафедра і на самой справе ўжо тады была моцнай. І Ларчанка быў на пасадзе яе загадчыка даволі працяглы перыяд. Ён вызначаўся сваёй памяркоўнасцю і добразычлівасцю, у 1956 годзе абараніў доктарскую дысертацыю (тады доктарам філалогіі па беларускай літаратуры ў нас быў яшчэ толькі Васіль Барысенка) і часта выступаў афіцыйным апанентам у многіх нашых навукоўцаў, спрыяючы тым самым іх новым поспехам. Словам, тут значная заслуга М. Ларчанкі відавочная і неаспрэчная.
Але кафедрай Міхась Ларчанка кіраваў, здаецца, не найлепшым чынам. Тое, што сюды прыходзілі выдатныя літаратуразнаўцы (І. Навуменка, А. Лойка, значна пазней С. Александровіч, Р. Семашкевіч, В. Рагойша), не заўсёды было заслугай загадчыка. Урэшце ж, БДУ і сам па сабе меў вялікую прыцягальнасць. І сюды імкнуліся такія таленавітыя людзі, якіх у большасці выпадкаў проста нельга было не ўзяць на працу. Міхась Рыгоравіч іх урэшце браў. І дзякуй яму за гэта!
Але ўжо і на маёй памяці ў давер да Ларчанкі ўціраліся і карысталіся яго падтрымкай асобы прайдошлівыя, да педагагічнай і навуковай працы зусім не здольныя. Пра аднаго з іх, абазначанага ініцыяламі А. П., мне ўжо даводзілася пісаць з другой нагоды. Не буду цяпер усё паўтараць, а скажу толькі, што ён паўгода рыхтаваў лекцыю, якую павінны былі наведаць члены (цяпер кажуць сябры) кафедры, каб ацаніць выкладчыцкія здольнасці новага супрацоўніка. А Ларчанкаў пястун за 45 хвілін вычарпаў усе свае веды па тэме заняткаў, астатні час (зноў 45 хвілін) з вялікай натугай паўтараў тое, што сказаў раней. Ды яшчэ рабіў пры гэтым жахлівыя памылкі.
Спрабаваў той А. П. пісаць і дысертацыю. Ягоным кіраўніком быў Ларчанка. Ён, на наша здзіўленне, прыхільна паставіўся да бездапаможнай пісаніны А. П., у якой І. Навуменка выявіў і злёгку замаскіраваны плагіятперакручванне. Толькі пасля гэтага кафедра ад А. П. пазбавілася.
Затое Міхась Рыгоравіч адпрэчыў добрага пісьменніка Міколу Лобана, які хацеў у БДУ чытаць курс беларускай літаратуры.
А колькі важданіны было з тым жа Р. Семашкевічам. Начальства коса глядзела на яго з-за яршыстасці хлопца, вастрыні ягоных крытычных выказванняў (не ў друку). Дысертацыю ж ён падрыхтаваў талковую. Я пісаў на яе афіцыйны кафедральны водзыў, вядома, станоўчы. Ларчанка да абароны дапусціў Семашкевіча з вялікім скрыпам і пасля працяглай валакіты, пераадолець якую ўдалося з цяжкасцю.