Выбрать главу

Такія «праколы» (я згадаў не ўсе з іх) сведчаць, што шаноўны Міхась Рыгоравіч у ацэнцы прафесійных якасцей навукоўцаў і педагогаў не заўсёды быў на вышыні. Яму яўна неставала ўмення адрозніваць сапраўды таленавітых людзей ад пустых, але дагодлівых балбатуноў.

Гэта магло мець вельмі сумныя вынікі. Але іх не здарылася таму, што на кафедры, прынамсі, ужо на маёй памяці, вырашальнае слова належала І. Навуменку і А. Лойку. Гэтых хлопцаў на мякіне правесці нельга было, бо яны выразна бачылі, хто чаго варты.

Міхась Рыгоравіч мусіў мірыцца з такім становішчам. І ад загадвання кафедрай ён адмовіўся ў 64 гады. У тыя часы пра абмежаванні на кіраўнічыя пасады па ўзросце яшчэ ніхто і не заікаўся. Ды, здаецца, і цяпер кіраваць можна да 65 гадоў без паблажак ці скідак, пры якіх у нас можна заставацца кіраўніком пажыццёва.

Ды вярнуся да Фёдара Янкоўскага. Уласцівае яму глыбіннае і разам з тым вельмі тонкае разуменне хараства роднай мовы выявілася ў ягонай асаблівай прыхільнасці да фразеалогіі. І гэта невыпадкова. Бо якраз тут арыгінальнасць любой мовы, яе адметнасць праяўляецца найбольш ярка. Фёдар Міхайлавіч адчуваў гэта нутром, усёй сваёй чалавечай сутнасцю. Таму ў сваёй складальніцкай практыцы Янкоўскі нязменна шчыраваў і ў гэтым кірунку. Ён стаў складальнікам кніг: «Крылатыя словы і афарызмы: З беларускіх і літаратурных крыніц» (1960), «Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік» (1973). У тым жа 1973 годзе выйшаў «Фразеалагічны слоўнік», складзены Ф. Янкоўскім разам з Н. Гаўрош, І. Лепешавым. Прыкладна з сярэдзіны 1970-х гадоў Янкоўскі стаў рэдагаваць практычна ўсе беларускія выданні прац па фразеалогіі і іншых устойлівых выслоўях.

Шмат увагі аддаваў ён яшчэ з маладых гадоў збору і публікацыі беларускіх прыказак і прымавак, у якіх акумуліравана глыбінная мудрасць народа, правераная шматвяковым вопытам.

Першы іх салідны зборнік выйшаў у 1957 годзе пад назвай «Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі». У 1962 годзе выданне было паўторана ў абноўленым і пашыраным выглядзе. Складальнік крыху змяніў тады і загаловак. Кніга атрымала назву «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. Выданне другое, дапоўненае». Дапаўненні былі вельмі істотнымі — у кнігу ўключалася звыш дзвюх тысяч прыказак, прымавак і фразеалагізмаў, якія адсутнічалі ў першым выданні.

Зроблена кніга 1962 года на самым высокім прафесійным узроўні. Тут ёсць прадмова М. Р. Судніка, тады дырэктара Інстытута мовазнаўства АН БССР. Суднік узначальваў гэты інстытут чвэрць стагоддзя. Ён быў прызнаным спецыялістам па лексікалогіі і лексікаграфіі, грунтоўна вывучаў так­сама беларускія прыказкі і прымаўкі. Пра іх адметнасць, ролю ў моўнай прак­тыцы народа Суднік напісаў дасведчана, з добрым веданнем справы. Таму тая прадмова з цікавасцю перачытваецца і цяпер. Удакладнення тут патрабуе толькі гаворка пра стан даследаванасці і публікацыі беларускіх прыказак і прымавак. Тады, як пісалася Суднікава прадмова, беларускія прыказкі і сапраўды былі вывучаны мала. Але за сорак з лішнім гадоў, што мінулі з той пары, становішча істотна перамянілася. Паявіліся новыя зборнікі, некаторыя з грунтоўным аналізам. Назаву хоць бы ёмістую кнігу А. Аксамітава «Прыказкі і прымаўкі. Тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прыма­вак з архіваў, кафедральных збораў, рэдкіх выданняў ХІХ і ХХ стст. 2002, 2-е выд.».

Багата прыказак, сабраных аўтарам на Мсціслаўшчыне, прадстаўлена з фіксацыяй моўнага кантэксту ў кнізе Г. Ф. Юрчанкі «Народнае мудраслоўе» (2002), у трох выпусках «Дыялектнага слоўніка» Ф. Янкоўскага (два з іх выйшлі яшчэ ў 1959 і 1960 гадах, трэці — у 1970-м), у яго ж, Янкоўскага, «Беларускай фразеалогіі» і іншых кнігах аўтара. У 1996 годзе выдалі слоўнік беларускіх прыказак І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч. Іх аб’ёмная кніга перавыдавалася ў 2002 годзе. Ёсць і шэраг іншых зборнікаў нашых прыказак, якія тут няма патрэбы пералічаць, бо яны з адпаведнай ацэнкай згадваюцца ў напісанай у 1961 годзе прадмове Ф. Янкоўскага да другога выдання, якая, як і само выданне, перадрукоўваецца цяпер.

Цікавы зборнік прыказак і прымавак пад назвай «Паслухай, што людзі кажуць» выдаў у 1984 годзе В. Рабкевіч, які ў «Слове да чытача» падкрэсліў, што стаў збіраць гэтыя ўзоры народнай мудрасці пад уплывам свайго настаўніка Ф. Янкоўскага.

Нямала сапраўды народных прыказак і прымавак, а таксама прыгаворакзычанняў, народных параўнанняў і іншых мудраслоўяў ёсць у складзенай Нілам Гілевічам кнізе «Народныя казкі-байкі, апавяданні, мудраслоўі»(1983) з серыі «Беларускі фальклор у сучасных запісах», якая рыхтавалася ў БДУ пад кіраўніцтвам паэта.

Без дадатковых каментарыяў перадрукоўваецца цяпер «Слова складальніка» (Ф. Янкоўскага) да першага выдання «Беларускіх народных прыказак і прымавак», змешчанае і ў зборніку 1962 года. Яно датуецца яшчэ 1956 го­дам, але і цяпер цалкам захоўвае сваю каштоўнасць. Тое ж можна сказаць і пра «Слова складальніка да другога выдання», напісанае 17 лістапада 1961 года.