Выбрать главу

Завяршаецца кніга «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» «заўвагамі і тлумачэннямі», у якіх Янкоўскі даў надзвычай каштоўны каментарый да прадстаўленых у зборніку твораў. Гэты каментарый узнаўляецца з невялікімі скарачэннямі.

Тлумачэння патрабуе тое, чаму для перадруку ўзята менавіта другое выданне кнігі «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы». Праца ж Ф. Янкоўскага мела і трэцяе выданне. Яно выйшла ў 1992 годзе, праз тры гады пасля смерці аўтара-складальніка. У падрыхтоўцы трэцяга выдання сам Янкоўскі ніякага ўдзелу не прымаў. Яно падрыхтавана жонкай (тады ўжо ўдавой) Фёдара Міхайлавіча Серафімай Андрэеўнай (яна была прафесійным філолагам, цяпер таксама нябожчыца), дачкой Інай Фёдараўнай і супрацоўніцай Янкоўскага па кафедры беларускага мовазнаўства Нінай Васільеўнай Гаўрош (цяпер прафесар БДПУ імя Максіма Танка).

Трэцяе выданне друкавалася праз трыццаць гадоў пасля другога.

С. Янкоўская разам з І. Янкоўскай і Н. Гаўрош істотна перагледзелі кнігу, значна павялічылі яе памер, але скарацілі пры гэтым некаторыя раздзелы як яўна не сугучныя новаму часу. Выданне пазначана як «дапрацаванае, дапоўненае». Праўда, пры дапаўненні не абышлося ў асобных выпадках без пэўных «накладак». Так, у раздзеле «Вялікая Айчынная вайна» паявіліся псеўдапрыказкі: «Гітлеры ды Чэрчылі не раз ад злосці (зайздрасці) енчылі»; «Гітлеры ды Чэрчылі — чэрці адной шэрсці».

У прыжыццёвых выданнях Ф. Янкоўскага гэтых псеўдапрыказак няма. Відаць, таму, што ў іх скажалася гістарычная праўда. Як вядома, Чэрчыль быў адным з самых паслядоўных праціўнікаў Гітлера і ўнёс вялікі ўклад у перамогу над ім. Такія псеўдапрыказкі ствараліся не народам і не ў Айчынную вайну. Іх у перыяд пазнейшай халоднай вайны паміж Савецкім Саюзам і заходнімі дэмакратычнымі дзяржавамі, былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі, прыдумвалі, выконваючы заказ нашых тагачасных ідэалагічных службаў, супрацоўнікі выданняў тыпу «Блакнота агітатара».

І яшчэ. Для пасмяротных перадрукаў звычайна бярэцца апошняе прыжыццёвае выданне, калі аўтар меў да яго непасрэднае дачыненне. Такім для кнігі «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» з’яўляецца другое выданне. Яно было дбала і вельмі ўдумліва падрыхтавана менавіта самім аўтарам-складальнікам Ф. Янкоўскім, хоць без пэўных уступак патрабаванням ідэалагічнай цэнзуры не абышлося і ў яго. Гэта асабліва прыкметна ў раздзелах: «Камуністычная партыя, вялікі Ленін», «Кастрычніцкая рэвалюцыя. Грамадзянская вайна», «Савецкая Айчына. Новае жыццё», «Калектывізацыя. Калгасная праца», «Супраць падпольшчыкаў вайны, ворагаў Савецкай Радзімы», «Рэлігія і яе сутнасць. Рэлігійныя прыслужнікі». Гэтыя раздзелы і каментарыі да іх цяпер апускаюцца, бо яны ўзніклі ў выніку жорсткага ідэалагічнага дыктату, без якога ў нас пры бальшавіках, прынамсі ў гуманітарнай сферы, нічога не выдавалася.

Дарэчы сказаць, згаданыя раздзелы, за выключэннем аднаго, зняты ў трэцім выданні. Але адназначна адмоўнае асвятленне рэлігійных пытанняў там яшчэ пакідалася. Цяпер жа ніяк не выпадае перадрукоўваць тэндэнцыйна падабраныя з-за тагачаснага ідэалагічнага ўціску матэрыялы, у якіх у адпаведнасці з жорсткай бальшавіцкай дагматыкай адмаўляецца цывілізатарская роля рэлігіі, яе пропаведзь дабрыні і чалавечнасці, клопат пра духоўнасць людзей, іх душэўнае здароўе.

Такім чынам, усе скарочаныя цяпер раздзелы з кнігі Ф. Янкоўскага (памерам яны невялікія) былі вымушанай данінай складальніка ідэалагічным устаноўкам савецкай таталітарнай дзяржавы. Яму хочаш не хочаш, а даводзілася ісці за абавязковымі патрабаваннямі ідэалагічнай цэнзуры.

Ф. Янкоўскі выдатна ведаў, што сапраўды народныя прыказкі праходзяць працяглую, а то і шматвяковую апрабацыю. І таму яны з’яўляюцца згусткамі народнага вопыту, народнай мудрасці і праўды. А якая праўда была ў такіх паспешліва скляпаных па ідэалагічным заказе выслоўях з апушчаных цяпер раздзелаў: «Ад ленінскай навукі мацнеюць розум і рукі», «Да шчасця і свабоды вядзе партыя народы», «Голас партыі — голас міру». Тут усё крыкам крычыць пра грубую падтасоўку. Бо па ленінскай (а потым сталінскай) навуцы з яе пропаведдзю найлюцейшай класавай барацьбы рукі мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей закоўваліся ў кайданы ці атрымлівалі лапату, кірку, кайло, адбойны шахцёрскі малаток, пілу і сякеру для прымусовай пра­цы да поўнага знясілення. Свабода і сапраўднае, вялікае ў грамадскім сэнсе шчасце прыдаўленаму народу тады маглі толькі сніцца, а апантаныя прагай навязаць камуністычную ўтопію ўсяму свету крамлёўскія «міралюбцы» бальшавіцкай закваскі вялі такую шалёную гонку ўзбраенняў, што ўрэшце разарылі краіну з велізарнымі прыроднымі багаццямі і магутным чалавечым патэнцыялам.