Выбрать главу

Усё, што рабіў Фёдар Янкоўскі ў мовазнаўстве, у збіральніцкай і складальніцкай працы, у мастацкай літаратуры, натхнялася такой любасцю да роднага слова, якая рэдка сустракаецца ў асяроддзі чыстых навукоўцаў і на­ват пісьменнікам уласцівая не ўсім, а толькі сапраўды значным, арыгінальным майстрам.

Ён і почырк меў вельмі прыгожы, а свае кнігі падпісваў часамі з такімі аздабленнямі некаторых літар, што імі можна любавацца.

У мяне захавалася некалькі ягоных кніг з аўтографамі. І ўсе яны падпісаны так, што іх можна дэманстраваць на выстаўцы. І змест у подпісах вельмі прыязны, пранікнёна-шчыры. З подпісу ў кнізе «Само слова гаворыць» вылучу радок «З удзячнасцю душы і сумлення». А вось разгорнуты аўтограф з кнігі «Радасць і боль»: падаю яго з разбіўкай на радкі, зробленай Янкоўскім.

«Дарагому Дзмітрыю Бугаёву з нязменнай

Прыязнасцю, сімпатыяй!З нязменнаю цеплынёю Ад гэткіх кароценькіх нашых (што іншы раз не адразу і сам адчую, улаўлю) філалагічных сустрэч!

З Богам, Чалавек!

Надоўга, надоўга Вам

Вашай някідкай філалагічнай цеплыні, вернасці.

Шчыра Ф. Янкоўскі».

Яму хацелася, каб была нейкая прыгажосць і ў самім размяшчэнні радкоў, ключавых слоў у іх. А сустрэчы ў нас і праўда былі філалагічнымі пры любых абставінах: і ў кнігарні (найчасцей), і ў інтэрнацкім калідоры (у мае аспіранцкія часы мы жылі ў педінстытуцкім інтэрнаце па вуліцы Кірава), і проста на вуліцы, найбольш на праспекце, які цяпер носіць імя Францішка Скарыны, звычайна ў адрэзку ад педінстытута да Купалаўскага сквера.

Сардэчны ён быў чалавек. І я рады, што на маю долю выпала блізкае знаёмства з ім. Шкадую толькі, што пры ягоным жыцці да мізэрнага мала пісаў пра яго працы, хаця вусных размоў пра іх было мноства. Напісаў жа больш-менш грунтоўна толькі адзін раз: з мовазнаўцам А. Баханьковым мы рэцэнзавалі першы выпуск «Дыялектнага слоўніка» Янкоўскага. Рэцэнзія называлася «Хараство народнага слова», друкавалася ў «ЛіМе». І Фёдар Міхайлавіч быў ёю задаволены, шмат разоў гэта падкрэсліваў. Ён умеў быць удзячным за кожнае шчырае слова, асабліва калі яно было пахвальнае, за ўвагу і павагу да той справы, якой сам аддаваў усю сілу свайго таленту, увесь жар сваёй надта добрай, трапяткой душы.

2004 г.

ЖЫЦЦЁМ ІДУЧЫ...

(старонкі ўспамінаў)

Напісаць больш-менш падрабязную аўтабіяграфію для друку мне прапаноўвалі неаднаразова. Асабліва настойліва рабіў гэта Янка Казека, калі рыхтаваў цяпер добра вядомыя кнігі пісьменніцкіх жыццяпісаў. Я не менш настойліва адмаўляўся. І не толькі з-за сціпласці, але і таму, што не бачыў магчымасці расказаць пра сябе праўдзіва, без вымушанага ўтойвання істотных момантаў. Увогуле, думалася мне, такія рэчы лепш за ўсё пісаць на схіле дзён і, вядома, з гранічнай шчырасцю, без вымушанай аглядкі на розныя акалічнасці. Бо толькі праўдзівыя сведчанні няхай сабе і звычайных людзей могуць мець нейкую каштоўнасць, праліваць пэўнае святло на час і яго норавы.

Цяпер такая пара, здаецца, прыйшла. Бо, па-першае, ёсць магчымасць выказвацца свабодна, без апаскі, што за тваю шчырасць цябе ж і будуць цягаць, а то і зусім сапсуюць табе жыццё. А па-другое, адкладваць на будучае я ўжо нічога не магу, бо не ведаю, ці ёсць яно ў мяне, тое будучае, ці адолею я страшную хваробу, якую выявілі ў мяне ў канцы мінулага года. Дактары з Бараўлянаў, якія выразалі мне дзве трэці страўніка, кажуць, што пэўную адтэрміноўку я яшчэ буду мець. Але цвёрдай веры ім у мяне няма.

Аўтабіяграфію пачну, як і звычайна гэта робіцца, з нараджэння. Ва ўсіх афіцыйных даведніках пазначана, што нарадзіўся я 12 студзеня 1929 года ў в. Сычык Крычаўскага раёна. Дакладная тут толькі дата нараджэння. Усё астатняе патрабуе ўдакладнення.

Пра дату, яе правільнасць кажу вельмі ўпэўнена. Бо ў мяне захавалася яшчэ даваеннае пасведчанне аб нараджэнні, выдадзенае 18 жніўня 1936 года. У нас яно называлася метрыкамі. Па гэтых метрыках мяне прымалі ў школу. У 1941 годзе, калі перад самым прыходам гітлераўцаў нашу школу рабавалі, мае метрыкі знайшоў сярод раскіданых абы-як і ўжо, здавалася, нікому не патрэбных папер Іван Міхайлавіч Фралоў, мой траюрадны брат, старэйшы на некалькі гадоў. Хлопец падумаў, што ўсё ж гэта дакумент, і на ўсякі выпадак прынёс яго мне. Тыя метрыкі потым сапраўды шмат разоў мяне выручалі.