Яны цікавыя і як штрых да характарыстыкі часу. Бо бланк аддрукаваны яшчэ на беларускай мове, але запоўнены ў асноўным па-руску, прычым з памылкамі. Кідаюцца ў вочы і яўныя беларусізмы, таксама пададзеныя непісьменна: само пасведчанне называецца «О нарожденні (дарэчы, «О» замест «Аб» тут друкарскае, значыць, памылка была і ў бланку), запаўнялася папера 18 «жнівня», прадстаўлялася яна в «навуковыя установы». Словам, справавод (яго прозвішча напісана неразборліва) добра не ведаў ні беларускай, ні рускай мовы. Даўняя трагедыя многіх нашых «грамацеяў», тых псеўдаінтэлігентаў, якіх А. Салжаніцын называў прадстаўнікамі «образованщины».
І яшчэ. Пераважнасць рускамоўнага тэксту ў беларускім па задуме дакуменце наводзіць на думку, што ўжо тады пачынала згортвацца беларусізацыя, хоць сама наша школа, для якой і выдаваліся тыя метрыкі, была беларускай. Выкладанне ўсіх прадметаў, за выключэннем, вядома, рускай мовы і літаратуры, вялося на роднай мове. І нам гэта падабалася.
Але я забег далекавата наперад. Пра дакладнасць даты майго нараджэння, зафіксаванай у тых даваенных метрыках, сведчаць і неаднаразовыя матчыны згадкі, паводле якіх я нарадзіўся ў каляды. А па новым стылі гэта ў праваслаўных, да якіх належалі і мае бацькі, якраз студзень.
Затое месца нараджэння ў афіцыйных даведніках падаецца недакладна. На самой справе я паявіўся на гэты свет зусім не ў Сычыку, а ў в.Губіншчына. Так, здаецца, гаварыла маці. Так запісана і ў маіх метрыках.
Там жа ідзе і наступны запіс пра бацькоў: «отец: Бугаев Яков Якимович; мать: Бугаева Гапка Антоновна».
Афіцыйнае імя маці — Агаф’я. Але ў вёсцы яе сапраўды звалі Гапкай. І гэта добрасумленна адлюстраваў сельскі справавод. І мяне, і ўсіх братоў, і нашу сястру таксама называлі Гапчынымі дзецьмі. Гэта было зусім справядліва, бо ў цяжкія часы нас ратавала менавіта маці. У бацькі такой магчымасці проста не было.
А што да Губіншчыны, дык гэта старая і некалі вялікая беларуская вёска на мяжы з Крычаўшчынай. Адным сваім канцом яна выходзіла да ракі Воўчас (прыток Сожа). Тады Губіншчына належала не да Крычаўскага, а да Чэрыкаўскага раёна. Была яна ў складзе Горкаўскага сельсавета, тэрыторыя якога ў перыяд хрушчоўскага ўзбуйнення адміністрацыйных адзінак далучалася да суседняга Бацвінаўскага сельсавета, бо і сам Чэрыкаўскі раён тады скасоўваўся, дакладней, уключаўся ў склад Крычаўскага. Пазней наш раён быў адноўлены, але Горкаўскі сельсавет ужо не аднаўляўся. Так наша мясцовасць і засталася ў Крычаўскім раёне, а я стаў ураджэнцам Крычаўшчыны.
Старая Губіншчына адчувала перанаселенасць, бо не толькі ў коласаўскіх мікалаеўцаў былі «цесна збіты нашы хаты, як авечкі ў летні жар». Калі здараўся пажар, дык ён і ў губіншчанцаў вынішчаў не адну хату і гаспадарку. Адзін раз гарэў набытак і маіх бацькоў. Я сам гэтага не памятаю (мусіць, не пры мне тое было), але ведаю з успамінаў маці.
У 1920-я гады мясцовыя ўлады ў адпаведнасці з агульнай бальшавіцкай палітыкай заахвочвалі стварэнне хутароў і пасёлкаў. Сталі падавацца на больш вольны прастор і многія губіншчанцы. Так узніклі пасёлкі Асінаўка, Падабак, Ліпкі, Майскі, Чырвоны, Сычык і іншыя. Усе яны ствараліся перасяленцамі з Губіншчыны.
Мае бацькі і яшчэ пяцёра гаспадароў пабудаваліся ў пасёлку, які атрымаў назву Быкоўка. Магчыма, па мянушцы майго бацькі і яго малодшага брата Яшкі, якіх чамусьці дражнілі не бугаямі, а быкамі. «Быкаў брат», — казалі і на мяне, калі я са старэйшым братам трапляў у гурт большых хлопцаў.
У літаратурным асяроддзі ўжо ў Мінску пра гэтую мянушку, канечне ж, не ведалі, аднак прыдумалі ўвогуле няхітрую хохму, нібыта я напрошваўся ў «Маладосці» напісаць рэцэнзію на кнігу Васіля Быкава. Але там адмовілі, зазначылі, што сваякам рэцэнзіі не заказваюць. На самой справе я рэцэнзаваў першы быкаўскі зборнік у гэтым часопісе. Але вострых на язык «братоў па літаратуры» спакусіла нагода абыграць сэнсавую сугучнасць прозвішчаў.
Наша Быкоўка была размешчана каля маляўнічага і тады досыць глыбокага балота, у якім яшчэ і на маёй памяці вадзіліся качкі, кулікі (у нас іх называлі дзікімі баранамі), зрэдку пракідаліся журавіны. Побач быў добры лес. У ім раскашавалі магутныя дубы і вельмі прыгожыя клёны, якія давалі дужа смачны сок — кляновік. Гэтыя дрэвы падыходзілі да самых хат, а ў Яшкі дык раслі і на двары. (Ягонае селішча было крайнім ад лесу.) Памятаю таксама тоўстыя бярозы, ад якіх ранняй вясной набіралі поўныя вёдры бярозавіку. Восенню чырванелі вялікімі гронкамі ладныя рабіны. У розныя поры года радаваў вока гаманлівы асіннік, вусцішна шумеў пры ветраным надвор’і змрочны ельнік. Мясціны былі багатыя на грыбы, у тым ліку на баравікі. На сонечных прагалах расло шмат суніц.