Выбрать главу

Алесь сышоў з тупкай дарогі i пайшоў маладняком. Цяпер адчуў: ён павінен не толькі пабыць сам-насам, але мусіць схадзіць да Гаспадаракаменя.

Мінуўшы Могліцы, перасек падсохлае ўжо, з маленькім зялёным пустазеллем аранае ўвосень поле, гладкую i тупкую стаўбцоўска-кляцішчанскую дарогу-сыпанку i па яе ўзбочыне, дзе было шмат раўчукоў пасля паводкі, змытых з дарогі жоўтых каменьчыкаў i пяску, пайшоў да блізкага маладога бору, да Палосак, як тут казалі. Пазней, каля таго лесу, каля межавых слупоў i табліцы з назваю лесу, павярнуў налева i па іншай, ужо вузейшай i няроўнай дарозе, што вяла ў Сухі Мох, куды людзі ездзілі па бярэзнік, па сена, падаўся да валуна.

Гаспадар-камень быў відаць здалёк. Ён, зверху белаваты, пасярэдзіне нібы ружовы, здаецца, выветраны да шкляной празрыстасці i цвёрдасці, спадыспаду нібы не зусім ужо моцны, шэры, аброслы тоўстым цвёрдым мохам, патрэсканы, быў вышэйшы за чалавека i ёмісты. Цяжка было зразумець, як i калі заявілася тут такая вялізная глыба. Каля валуна ўжо i сёлета нехта быў: на гладкім доле былі відаць сляды ад лапцей, а гэтаксама чарнелася невялікае патухлае цяпельца.

Алесь, падышоўшы, прытуліўся грудзінай, прыклаў далоні да Гаспадара-каменя — паверхня яго з гэтага, паўночнага боку пеканула халадком, бо, выходзіць, намёрзлы за зіму камень не паспеў яшчэ сагрэцца, а адтуль, з сярэдзіны, душою адчувалася спрадвечная стынь, морак, адчувалася магутная нямая цішыня. Гавары, што i як ні крычы, як ні кайся, ні спавядайся, нi прасі памагчы — Гаспадар-камень не пачуе, не паможа. Але чаму ён, нямы i глухі, халодны, так вабіць да сябе людзей?

«Чаго ты тут ляжыш, камень? Дзеля чаго ты тут усяму сведкаю? — падумаў Алесь.— Стагоддзямі ўсё чуеш, бачыш, але маўчыш! Hi душы, ні сэрца ў цябе... Няўжо ты i вабіш толькі таму, каб i нас, людзей, зрабіць нямымі, халоднымі, каменнымі, пазбавіць нас агню, душы i сэрца? Няўжо за гэта ты, Гаспадар-камень, паважаны?»

Успомнілася:

Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей Сэрцы цвёрдыя, быццам з камення. Разаб'ецца аб ix слабы верш заўсягды, Не збудзіўшы святога сумлення. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Як ударыш ты ім,— ён, як звон, зазвініць, Брызнуць іскры з халодных каменняў[19].

— A ці пырсне хоць іскрачка з цябе, лежань ты сонны? — прамовіў, ударыў раз-другі кулаком на Гаспадары-камені.— Хоць раз??? У стагоддзе!!!

Дзе там! Ад гэтых нікчэмных для каменя ўдараў зайшлося, засаднела толькі рабро далоні.

— Нямы!!! Глухі!!! Мёртвы!!! — прастагнаў Алесь,— Дык нашто ты тут? Мёртвы сведка, помнік па жывому? Ці толькі ты, мёртвы, i захаваеш тыя словы, што былі калісьці выбіты на табе з усходняга боку? Ці яны хутка ўжо забудуцца i табою?

Адхіліўся ў знямозе, апусціў галаву. Там, каля ног, вочы заўважылі два невялікія выпадковыя, відаць, нядаўна прынесеныя некім з поля камяні. Алесь, бадай, несвядома нагнуўся, узяў большы камень i, бадай, зноў несвядома, па нейкім нядобрым інстынкце, ударыў ім па Гаспадары-камені. Камень — той, што быў у руцэ, не вытрымаў, раскалоўся, рассыпаўся на дробныя рудаватыя кавалкі, што паляцелі долу, яму на ногі. Тады ён падняў другі, меншы, камень. Адчуў: той больш важкі, а значыць, i больш цвёрды. Размахнуўся i ўдарыў ім бокам. I яшчэ не паспеў адчуць, што ад гэтага ўдару стала балюча яго руцэ, як у здзіўленні, разгубленасці выпусціў камень з рук: ад Гаспадара-каменя адскочылася некалькі іскраў. Яркія, чырванаватыя. Мільганулі ў вачах, як зорачкі, i патухлі. I яшчэ ў гэты міг заўважыў: ад гэтага ўдару на целе Гаспадара-каменя засталася ранка-выбоінка. I ix, такіх ранак-выбоінак, вакол было вельмі шмат...

— Жыві!!! — прашаптаў уражаны, анямелы.— Боль, агонь у камені!!! А што ж я, дурань, раблю?.. Даруй, любы! — прыткнуў лоб да цёплага ўжо, здаецца, валуна.— Вось цяпер я разумею, чаму ты сюды вабіш... што ты хочаш сказаць... Даруй! Цяпер я ведаю ясна, што мне рабіць... Сёння, заўтра, паслязаўтра, заўсёды. Трэба выкрасаць у сабе i ў людскіх сэрцах іскры! Ёсць жа, ёсць яны нават i ў самым-самым каменным сэрцы!

вернуться

19

Верш Максіма Багдановіча «Песняру».