Выбрать главу

«Пахаджу па горадзе, пасля пайду да знаёмых прасіцца нанач. A заўтра... начлег дасць ужо ўлада...»

Запыніўся, акінуў позіркам Саборную плошчу.

«А файны Мінск! — здзівіўся.— Раней я гэта чамусьці не зусім бачыў, больш захапляўся Вільняю...»

Перад ім як на далоні была старажытная, упарадкаваная мясціна Мінска — яе цэнтр, Верхні горад, Саборная плошча i вуліцы, што адыходзіліся ад яе. Нібы развітваючыся, акінуў усё-ўсё прагным позіркам: просты, але зручны губернатарскі дом, ля яго — высокі белы, з чырвонай чарапіцаю на страхах езуіцкі касцёл з некалькімі калонамі, купаламі i нібы пікамі, Казённую палату з вежаю-ўзвышэннем, на якой былі гадзіннікі, а за скверам, насупраць, на рагу Саборнай плошчы i Губернатарскай вуліцы — самы высокі на сённяшні дзень у Мінску гмах, шасціпавярховую, з мноствам акон, балкончыкаў, з мансардамі наверсе гасцініцу «Европа». Над шостым паверхам, на правільным паўкрузе здалёку відаць назва гасцініцы, а над першым паверхам, над крамамі, скрозь яшчэ не густое лісце добра бачыцца вывеска «А. М. Левинъ».

У яго аж забалела сэрца: хутка ён убачыць зусім іншы краявід — не даўнія i вабныя архітэктурныя ансамблі, вуліцы, скверы, а суровыя мураваныя сцены ды закрачаныя вокны.

Самотна перайшоў выбрукаваную Саборную плошчу i падаўся да Захараўскай вуліцы, зноў безудзельна пазіраючы на шматлікія спакуслівыя вывескі на Губернатарскай, што заклікалі зайсці то ў «Фруктовую торговлю», у «Меховую», то ў «Табачный магазинъ А. Рудермана, то да «Мышалова», які мог прадаць капялюш, адным словам, горад жыў сваім жыццём, не зважаючы ні на нішто, нехта хацеў штосьці купіць, нехта хацеў штосьці збыць.

На скрыжаванні Алесь запыніўся, з хвіліну павагаўшыся: куды далей ісці? Можа, зайсці ў блізкі «Электро-театръ «Эденъ», паглядзець кіно, крыху развесяліцца? Ды не, не вабіць пазіраць на чалавечкаў, якія то бегаюць безупынку, то хітруюць, абманваюць, крадуць, распуснічаюць, лупцуюць адзін аднаго i ўсё гэта вытвараюць над шалёна-вясёлую музыку. Да кіно ён быў абыякавы, нават больш — лічыў, што яно адцягвае ад сур'ёзнага мастацтва, небяспечнае сваімі пацешкамі-хохмачкамі, здзіўляўся i нават баяўся той цягі, якую мела да яго гарадская моладзь.

Захаваўшы i цяпер сваю непрыязнь да кіно, падаўся па Захараўскай вуліцы да кнігарні, куды заўсёды заходзіў i з ахвотаю, i са святам у душы, як у госці да самага разумнага i добрага сябра. Тым больш у гэтай кнігарні заўсёды былі i старыя рэдкія кнігі.

Яшчэ з парога абмацаў вачыма высокія стэлажы з кнігамі, старога рыжага прадаўца, рэдкіх пакупнікоў. У куце, дзе звычайна стаялі самыя даўнія кнігі, згледзеў знаёмую постаць — невысокага, у паношаным касцюмчыку мужчыну.

Алесь падышоў, узяў ззаду таго за локці.

— Грамадзянін! — строга прамовіў.— Вы арыштаваны!

Сямён Васілевіч уздрыгануў, азірнуўся.

— А! Ты! — неяк квола, нярадасна ўсміхнуўся. У яго вачах быў застаялы смутак.— Чаго ты тут?

— А ты?

— Доўгая гісторыя...— Сямён загарнуў кнігу, паставіў яе ў выемку сярод тоўстых старадаўніх кніг. Яны адышліся ад стэлажа, да блізкага акна. За шыбінаю яго (для тых, хто ідзе тратуарам) ляжалі на падаконніку рэкламныя кнігі.— А ты сёння, бачу,— кіўнуў Сямён на пляцак,— сюды прыехаў?

— Сёння. Заўтра мой суд.

Васілевіч нявесела зірнуў на яго, здзівіўся, здаецца, што Алесь гаворыць без засмучэння.

«Што з ім? — здзівіўся i Алесь.— Ніколі не бачыў яго такога сумнага! Пастрашнеў, пастарэў раптоўна. Як дзядок ужо».

— A ўсё ж чаго ты тут? — запытаў.

— Выперлі з Вільні...— хмурна адказаў той.— Шукаю шчасця тут, у Мінску. Каля «Сахі»[20] ці каля новага часопіса «Лучынка»[21].

— А за што змусілі пакінуць Вільню?

— Усё за тое ж... Ды яшчэ i нашы з табой сябручкі паспрыялі...

Алесь не зразумеў: як нашкодзілі «сябручкі»?

— Давай не будзем пра мае...— зморшчыўся Васілевіч.— У цябе i свайго гора хапае. Давай выйдзем, сходзім у Аляксандраўскі сад. Пасядзім, пагаворым, як табе трымацца на судзе.

Падаліся з кнігарні.

— Не, ты ўсё ж раскажы, што здарылася,— адагнаўшы свае думы, сказаў Алесь. Бо не мог быць абыякавы да сябравай бяды. Душою адчуваў: той засмуціўся нездарма.— Паспрачаўся з Юрыем?

— Разышоўся навек...

вернуться

20

«Саха» — с.-г. часопіс. Выдаваўся з красавіка 1912 года да кастрычпіка 1913 г. у Вільні, з лістапада 1913 года да студзеня 1915 у Мінску на беларускай мове штомесячна.

вернуться

21

Надрукаваны ў «Нашай ніве», 1914, № 21—22 пад подпісам: I. Л., а таксама — у Зборы твораў, 1976, т. 7, с. 207.