— З-за вёскі i сялян? — усміхнуўся Алесь.
— Не. На гэты раз па іншай прычыне...— паныла прамовіў той, з адчаем апусціў рукі.— Канцы, Алесь. Мы — адзіночкі... Нас мала хто падтрымлівае... Мы ці згарым самі, ці нас з'ядуць па аднаму...
— Ды скажы ты толкам, што здарылася?
— Што? — Сямён прыпыніўся, у парыве эмоцый даволі недалікатна адпіхнуў яго з тратуара да сцяяы недалёкага цаглянага дома. Далей ад людзей.— Юры — забойца, Васіль — памагаты!
Алесь, мусіць, аж вырачыў вочы: што ты, Сямён?
— Не пазірай на мяне як на вар'ята,— сказаў Сямён.— Юры — сапраўды забойца, a Васіль — памагаты! Я ім так i сказаў. У вочы.
— Прашу: растлумач усё,— зноў папрасіў Алесь.
— Разумееш, Юры-крытык мае цікавую методу: любіць браць у пісьменнікаў інтэрв'ю, адказы на пытанні, выказванні i думкі на пэўныя тэмы, аўтабіяграфіі...— запаліста загаварыў Сямён.— Вось ён нядаўна падкаціўся булачкаю i да Янкі Купалы: выкажце, Іван Дамінікавіч, свае погляды да рэгіянальнага ў літаратуры. Дзядзька Янка даў яму прачытаць тэзісы свайго новага, яшчэ рукапіснага, артыкула. Тыдзень таму Муха, Юры i я выступаем на адным літаратурным вечары перад віленскімі настаўнікамі. Юры доўга расхвальваў тэорыі Шапенгаўэра, Ніцшэ, стыль мадэрн у мастацтве, творчасць рускіх сімвалістаў Бальмонта, Мераяжоўскага, Гіпіус, Салагуба, Белага i іншых. Вось, маўляў, што нам цяпер трэба, вось чым жыве сапраўдная літаратура! А што тут у нас робіцца? У нас, панове, нашы Купала i Колас усё ніяк не вырвуцца з «мужыкоўскага» асяроддзя, свету. Пасля кажа са здзекам: «Заўважце, панове: нашы дамарошчаныя «класікі» — не толькі творцы, але i тэарэтыкі. Паслухайце, як шчыра, але наіўна тлумачыць сваё крэда Янка Купала». I прачытаў тыя тэзісы Купалавага артыкула. Ды як чытаў! Ca здзекам, з пагардаю, з крыўляннем! Добра, што Муха даў мне слова апошняму. Я тут жа i ўрэзаў Юрыю. Па-першае, сказаў, не табе, жаўтаротаму, раўняцца з Купалам, а па-другое, як ты мог палемізаваць, маючы на ўвазе яшчэ не надрукаваны артыкул? Гэта ж неэтычна, нават непрыстойна! Па-трэцяе, чаму Купала, ужо такая значная асоба, не можа мець свой погляд на жыццё, літаратуру?! Думаеш, Юры ацвярэзіўся? Дудкі! Праз некалькі дзён у «Виленским вестнику» ён надрукаваў адкрыты ліст Янку Купалу, дзе стараўся ўшчэнт апаганіць яго артыкул, абвінавачваючы ў розных «ізмах», абсмяяць, прынізіць яго паэзію i паэзію іншых паэтаў заадно... Ну, дык хто Юры? Не забойца з вялікай дарогі?
Сямён выхапіў з унутранай кішэні пінжака два белыя лісткі.
— Вось копія таго Купалавага артыкула «А ўсё ж такі мы жывём!..»[22] На, пачытай у вольны час. Артыкул вельмі надзённы i здаровы,— адгарнуў ліст, пачаў сам чытаць: «Але ўсё ж такі жыццё ідзе іначай: яго законы сільнейшыя ад якіх бы то ні было законаў чалавецкіх. Старое, струхлеўшае, аджыўшае свой век ідзе проч, на пагібель, а новае, святое, радаснае занімае сваё пачэснае месца i вядзе народы i аддзельных людзей к добраму, вечнаму... I наша Бацькаўшчына перажывала i перажывае тое самае... Будзіцца самапачуццё народнае, падымае старонка наша свае вочы к сонцу i распрастоўвае свае магучыя плечы...» Адным словам, пачытай сам. На, пачытай i той адкрыты ліст «Литература настоящая и мнимая».
— Аж не верыцца, што Юры мог так зрабіць...— пахітаў галавою Алесь, беручы лісткі.
— Я табе ўжо не адзін раз казаў, хто такі Юры. Толькі ты не заўсёды мне верыў,— папікнуў Сямён,— А Муха ні слоўца не сказаў нi пра Юрава, ні пра мае выступленне, але з таго вечара пайшоў не са мною, а разам з Юрам. Назаўтра я бягом да Мухі. Чаму, змей, змаўчаў, не заступіўся за Купалу? А ён ухмыляецца: «Што — паказытаў Юры самалюбства?» Кінь, кажу, дурныя жарцікі. Козыт той мне ці Купалу страшны, як ваўку сабачая звяга. Па ім будзем жыць. Страшней іншае. Хіба не бачыш, куды цэліцца, у што пасылае стралу злыдзень?! Муха зноў непарушны: «А ты не гарачыся. Не бяда, што нападае. Горш, калі тоіцца i шкодзіць спадцішка. Я наўмысна змаўчаў. Няхай усе самі бачаць, хто ён. Хай пераканаюцца: хоць i цяпер забрахаў, але сабакам быў заўсёды! I не трэба крыўдзіцца (варта быць вышэй), падымаць лямант. Лепш змаўчаць, каб не насцярожыць лішне Пецярбург...»
Сямён расхваляваўся: твар яго пабіла чырвань. Відаць, забалела не вельмі здаровае сэрца.
— Нават i тут, на болі, Муха выгаду сабе знайшоў! I ўсім добры ды харошы! — занегадаваў Сямён.— А дзядзька Янка кажа: не бяда, калі нападае злыдзень, бяда, калі зняверваешся, топчаш сваё сам. I напомніў некалішнія свае словы, з артыкула «Думкi з пабыцця на Іматры»: «Дзіўна i несправядліва звініць наша бесперапыннае: «Край наш бедны, зямлі мала!» Мне здаецца, што не край наш бедны, a толькі мы яго абяднілі ды наша мачыха-доля...»[23]
22
Надрукаваны ў «Нашай ніве», 1914, № 21—22 пад подпісам: I. Л., а таксама — у Зборы твораў, 1976, т. 7, с. 207.