Выбрать главу

— Праз хвілінак пятнаццаць здымем, i вам, дружок, павінна палягчэць,— сказаў Чарноў, аддаў Франі яе начынне, сам падняўся, схадзіў, памыў рукі i зноў сеў паблізу Казлова. Прыхінуўся да біла ложка. Пасядзеў ціха з хвіліну-другую, а пасля нечакана засоп.

Алесь асцярожна перавёў яго на тапчан, уклаў, накрыўшы Франіным кажухом. Сам пасядзеў ля Казлова, каб неўзабаве зняць банькі. Ледзь толькі зняў, пакінуўшы на целе аж сінія кружочкі, i сабраўся ісці дадому, як у хату пастукалі i зайшлі госці — сябры Казлова па высылцы, Якаў Агуркоў i Аркадзь Кіеўскі, што гэтаксама ад каляд жылі ў Івянцы. Алесь, каб не замінаць сябрам,— a ім, відаць, трэба было пагаварыць пра свае партыйныя клопаты — пайшоў дадому. Выходзячы на двор, заўважыў, што ад плота мільганула постаць, пабегла ў цемень. Няйначай, нехта —Лядзяш ці шпік урадніка Петухова, як i пeрасцерагаў Чарноў,— падкрадваўся тут над вокны.

2.

Алесь які ўжо год прызвычаіўся класціся спаць позна. Дык i сёння, вярнуўшыся ад Казлова, рашыў яшчэ пасядзець.

Маці з бацькам ці ўжо спалі, ці ціха ляжалі ў першай, як казалі ў Янкавінах, цёмнай хаце; Янка з Кастусяю былі яшчэ ў вёсцы, на вячорках; Ядзя з дзецьмі спала ўжо ў лепшай, чыстай, альбо, як яшчэ называюць, белай хаце. Дарэчы, тут быў i яго пакойчык, адгароджаны ад Ядзінага шафаю (Ядзя, як i ўсе дзяўчаты з Засценка, мела ў пасаг не куфар, а шафу). Янка атабарваўся там, з бацькамі; тут з Ядзіным сынам спала на вольным Гіполевым ложку Кастуся. Алесь у сваім пакоі меў канапку.

Распрануўшыся, ён ціхенька, стараючыся не пабудзіць нi братавай, нi яе дзяцей, зайшоў у свой пакойчык, запаліў лямпу з абажурам. Зняў яе з дроту i паставіў на стале — каб сабе было больш святла, а каб Ядзі яно не надакучала.

Як i заўсёды, калі заходзіў сюды, не мог, каб спачатку не зірнуць з замілаваннем на дзве паліцы з кнігамі – самы вялікі яго скарб, які ён сабраў за сваю вучобу ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, за гады настаўніцкай работы на Віцебшчыне i тут, на радзіме — тое-сёе са старых выданняў перадаў яму матчын брат, які цяпер жыве ў Маскве. На паліцах стаялі i старажытныя кнігі — Скарыны, Буднага, Полацкага, i прыжыццёвыя выданні — Пушкіна, Лepмантава, Талстога, Дастаеўскага, Чэхава, Міцкевіча, Сянкевіча, Шаўчэнкі, i перакладныя — Гётэ, Бёрнса, Бальзака, Мапасана, а таксама фальклорна-этнаграфічныя зборнікі — Насовіча, Раманава, Шэйна, Нікіфароўскага, Дабравольскага, Федароўскага, i радок тоненькіх беларускіх кніжачак Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча. На ніжніх паліцах — календары, камплекты «Нашай нівы», што ён выпісваў не на сябе, а на бацьку[7].

Яго сябры, Лямбовіч i Кірыковіч, бывае, i цяпер здзіўляюцца, дапытваюцца: ну, прызнайся, як ты, сялянскі сын, сабраў такую бібліятэку? У гэтых пытаннях, мусіць, не толькі ўражанне, але i іншае: хіба трэба селяніну кнігі? Хіба ён здатны для ix? Няўжо не аддасць ix за гарэлку?

На ніжэйшых паліцах — звязаныя аборамі старыя, пацёртыя папкі. Там былі сабраныя ім народныя словы да будучых слоўнікаў беларускай мовы — тлумачальнага, фразеалагічнага, сінонімаў i блізказначных слоў, да слоўнікаў руска-беларускай, беларуска-рускай, польска-беларускай i беларуска-польскай моў. Словам, тут было звыш дзесяці гадоў яго, лічы, штодзённай працы. Работы дарагой i любімай. Без яе ён ужо не мог. Праўда, сёе-тое з гэтых папак — прадмовы да слоўнікаў, гістарычны нарыс роднай мовы — забрала з сабою паліцыя, калі рабіла вобыск.

Разгарнуў папку ca словамі да слоўніка сінонімаў i блізказначных слоў. Ён амаль усю гэтую зіму рыхтаваў яго, дайшоў вось складаць да слоў на літару «П».

— Папракаць,— прачытаў уголас i ўсміхнуўся. I трэба ж так, каб якраз з гэтага слова трэба было пачынаць цяпер працу. Чаго-чаго, а папрокау ён наслухаўся за сваё жыццё. Пачаў чытаць далей.— Дакараць, наракаць, папікаць, прыставаць, пароць у вочы, тыцкаць у нос, упікаць, чапляцца...

Перачытаў. Адчуў: нешта тут не так, чагосьці не хапае. Народная мова багатая, гнуткая, трэба толькі ведаць, вывучаць яе — усё на ёй можаш сказаць. Самыя далікатныя i тонкія пачуцці. Думаў-думаў, але нешта сёння не было ўвагі, кемнасці, знаходкі.

«Ехаць ці не ехаць у тую Вільню?» — нечакана падумалася.

Каб не суд, дык шмат не варажыў бы, бегма пабег бы. Усё ж там культурны цэнтр краю. Адзіная свая газета, пісьменнікі, артысты, вучоныя, сябры i знаёмыя. Там хутчэй давёў бы да ладу i, можа, каб хто памог, дык i выдаў бы свае слоўнікі. Але ўся затрымка з-за гэтага суда. Ён, можа, i апраўдае, ён, можа, рэзка i зменіць яго лес — гвалтоўна спаралізуе яго, пазбавіць волі... Лягчэй бы было, каб нават ведаў, калі будзе той суд. Год хутка міне — а пра яго ні слова...

вернуться

7

Маецца на ўвазе тое, што царскія ўлады не дазвалялі выпісваць «Нашу ніву» чыноўнікам, настаўнікам, вайскоўцам, студэнтам, вучням.