Выбрать главу

Шмат хто казаў: доўга пазіраць у тыя чыгунныя вочы няможна. У ix застыла пагарда, злосць, пагроза, i гэтая застыласць ледзяніла душу, паралізоўвала волю.

Але цяпер, здаецца, статуя ссутулілася. Можа, i ад Алесевай усмешкі.

Алесь успомніў адзін смелы ўчынак, калі пацешыліся з Мураўёва. Як паставілі гэты помнік, нехта ўночы вымазаў яго воўчым тлушчам — раніцай з усёй Вільні збегліся сабакі i нарабілі брэху...

«Божа, чаму ты такі крыўдзіцель? — падумаў.— Помнік душыцелю, вешацелю лепшых сыноў даўно ўжо стаіць, a помніка ахвяры няма i немаведама, калі яго паставяць...»

2.

— Во спакутаваўся! — ціснучы руку, бойка сустрэў Алеся Васілевіч.— A схуднеў! Вочы запалі! Скроні пасівелі!

Алесь быў збіты з панталыку. Па-першае, перад гэтым саромеўся заходзіць у рэдакцыю (нямала часу патаптаўся вакол будынка, перш чым зайсці сюды), а Сямён атакаваў яго гэтак знянацку, па-другое, у пакоі сядзеў франтаваты дзядзька, які слухаў i з іроніяю пасміхоўваўся. З ix абодвух. А Сямён — нізкі, Алесю па плячук, кучаравісты, у шэрым даўгаватым сурдуце — не зважаў нi па што, гаварыў тое, што думаў. Ён такі — шчыры, эмацыянальны, без ніякіх хітрыкаў, можа, часамі i залішне ўжо непасрэдны,— быў заўжды.

— Ды распрані ты, балаболка, чалавека, дай яму аддыхацца,— паўшчуваў яго франтаваты дзядзька.

— Распранайся,— Сямён пачаў сцягваць з яго паліто.— У нас, праўда, не зусім цёпла, бо беражом вугаль i дровы, але ты, як i кожны вясковы чалавек, не павінен баяцца холаду...

I, як толькі ён распрануўся, прычасаўся, павалок яго з пакоя.

У пакоі, куды неўзабаве падштурхнуў яго Сямён, сядзела двое мужчын. Адзін бландзін, у сціплым, але акуратным шэрым гарнітурчыку, з невялікімі вусікамі, гадоў дваццаці пяці, гэта, відаць, i быў Янка Купала (Янку Купалу на той час было ўжо крышку за трыццаць), другі мужчына быў гадоў пяцідзесяці, мажнаваты, з буйнымі вусамі.

— Выбачайце, дзядзька Янка. Я прывёў госця, Алеся Нямкевіча,— сказаў Васілевіч.

— Прыемна,— прамовіў маладзейшы, устаў, падаў руку. Зірнуўшы зблізку, Алесь убачыў: у Янкі Купалы амаль карыя вочы, узмужалы, хітравата-насмешлівы позірк.— Янка. А гэта,— кіўнуў на старэйшага,— дарагі наш Ігнат Буйніцкі.

Той гэтаксама падняўся i падаў Сямёну i Алесю цёплую руку.

— Яшчэ раз выбачайце,— папрасіў Сямён,— не будзем замінаць, зойдзем пазней.

— Пасядзіце з намі, калі ласка,— грудным голасам прамовіў Янка Купала.— Замінаць нам вы не будзеце. Бо мы гаворым не толькі пра сваё, а пра наша агульнае. Вось дзядзька Ігнат хоча туды пад май даць такую аб'яву...— узяў са стала паперку, падаў Сямёну,— а што датычыць вас, дарагі Алесю, дык працуйце. Я веру Сямёнавай атэстацыі. Сямён пакажа вам ваша месца, дасць вам работу. А пагаварыць яшчэ пагаворым не раз.... Жыць вам у Вільні будзе нялёгка, дык прыйдзецца, можа, знайсці яшчэ які i пабочны заробак... Калі не памогуць вам знайсці яго вашы сябры, дык звяртайцеся, можа, памагу яго знайсці я...

— Дзякую,— схіліў галаву Алесь.

— Калі ласка,— усміхнуўся той. I ў яго вачах бліснуў ужо не ўсмешліва-гарэзны ці перасцерагальна-пільны, як Алесю здавалася напачатку, а спрыяльны позірк. Адчувалася: гэты бландзін-прыгажун эмацыянальны, але стрыманы, а то нават i сарамлівы чалавек.— Выбачайце, Алесю, вы з католікаў?

— У нас, у прыналібацкім краі, амаль усе католікі. Але я з праваслаўнай вёскі,— адказаў Алесь.— У праваслаўе мы трапілі пасля 1863-1864 гадоў...

— Дык ваша веска моліцца на ўсход сонца, a ўсе астатнія вакол — на заход? — усміхнуўся Купала.

— Нe. I ў нас, i ў іншых вёсках амаль усе сяляие лічаць сябе «тутэйшымі»...

— Дзякуй богу, калі так! — прамовіў Купала.— Бо нам з дзядзькам Ігнатам, на жаль, шмат дзе i тут, у Вільні, гэтаксама прыходзілася бачыць якраз адваротнае. Занепакоены, я нават думаю напісаць i надрукаваць пра гэта спецыяльны артыкул... Як, на ваш погляд, вось такія думкі? — Ён узяў са стала лісток i пачаў чытаць з яго: — «Апрача палітычнай i эканамічнай залежнасці, была i другая прычына, асляпіўшая светапогляд беларуса,— гэта рэлігійная нязгода двух хрысціянскіх абрадаў у нашым краі: каталіцтва i праваслаўя. Гэтыя дзве царквы — заходняя i ўсходняя, ведучы вечную спрэчку паміж сабою, раздзяляюць наш ядыны народ на дзве часці, адных i тых жа дзяцей сваёй маткі-зямлі водзяць паміж сабой, даводзячы нават часта да бойкі за святы знак хрысціннства — крыж... Гэта змаганне дзвюх вер не толькі дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў ix свядомасць i пачуццё нацыянальнай еднасці. Беларусу-католіку ўгаварваюць, што раз ён католік, то ён — паляк, i не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу-праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расіец, i католіка-беларуса павінен сцерагчыся, бо ён — паляк. I што з гэтага выходзіць? Расце нязгода, расце нянавісць — рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагаў нашага народа...»[8]

вернуться

8

Артыкул Янкі Купалы «Вера i нацыянальнасць» надрукаваны ў «Нашай ніве», 1914, № 27 пад подпісам: I. Л., а таксама — у Зборы твораў, 1970, т. 7, с. 212.