Выбрать главу

Распрогшы, бацька прывязаў свайго Сівога лейцамі да самай тоўстай алешыны, зняў з сябе стары, аблінялы i прашмальцаваны па локцях кажух i накрыў ім упацелую конскую спіну. Накрыў суседаву кабылу сваім новым кажухом i Янка. Коней трэба шанаваць. Гэта ўжо закон для кожнага гаспадара: свая ці не свая жывёла, а беражы яе лепш за сябе.

Самі яны, бацька i сын, засталіся ў суконных, зашпіленых пад горлам аплікамі фрэнчах. Абодва высокія, з шырокімі плячыма. Толькі бацька спакойны, нават маруднаваты, прыгорблены i вельмі маршчыністы, а ён, сын, стройны, гнуткі, рэзкі, нібы не ведаючы, што яму рабіць ад вялікай маладой сілы,— дай яму падважку,— дык ён не тое што Гаспадар-камень, але i ўсю зямлю з месца зрушыць. Ёсць, канечне, розніца, калі аднаму шэсцьдзесят гадоў, а другому яшчэ толькі дваццаць з хвосцікам.

Бацька скінуў з саней, на якіх сам ехаў, жэрдку, граблі, вяроўкі i сякеру, зняў торбу з харчам, а пасля падняў аглоблі, легка прайшоў крыху наперад, павярнуўся i паставіў сані з другога боку стога, перадам на Кляцішча — на дарогу дадому. Кінуў позірк направа: што ўжо робіць Гарбацэвіч? Няёмка ж адстаць. Той смяяцца будзе. Яны, Нямкевічы, век першыя i спраўнейшыя ў рабоце. Вёска, ведаючы гэта, не толькі паважае ix за сталасць, мудрасць i гаспадарлівасць, але i вучыцца ў ix — якраз у бацькі ўсе заўсёды пытаюцца, калi пачынаць сеяць, касіць ці жаць. Нават i Пётрык раіцца. Бо траціў шмат дабра, асаромліваўся раней часта, калі нешта першы пачынаў рабіць.

— Нy, лезь, скулі верх,— сказаў бацька, а сам прывязаў у перадку саней пастронак, а пасля ў задку, над ляжанкаю, адзін канец доўгай, яшчэ скручанай у абаранак вяроўкі.

— Залезеш сам? Ці памагчы?

Янка моўчкі засунуў рукі глыбока ў сена, учапіўся — бацька ў гэты час легка падпіхнуў, i ён спрытна палез наверх. На хаду ўчапіўся за настылую алехавую апоўзіну i пацягнуў на сябе. Hi гэтая, ні іншыя апоўзіны не скрануліся: на ix, звязаных у версе лазовымі дубцамі, даўно ўжо, відаць, у пачатку зімы, прыкарэў ладны пласт снегу, а да снегу, канечне ж, прымерзла верхняе сена. Патурзаў, раскрышыў спакваля выдзьмуты i абледзянелы снег i звалок-такі апоўзіны долу. Развяршыў стог. Сена не зацякала: i на вяршочку было па-летняму свежае, з зялёнымі лісточкамі, травінамі, пахла сонечным цяплом, сухім водарам лугавой травы.

Янка не ўтрываў, стаў на ўвесь рост на самым вільчыку. Спачатку зірнуў долу — здаецца, на невысокага бацьку, які цяпер нагнуўся i падбіраў апоўзіны, каб аднесці ix убок, на нізкіх коней i зусім дробных суседзяў, а затым падняў галаву, кінуў позірк навокал. Вочы аж разбегліся. Адчуваючы лёгкую дрыготку ў каленях i хмялеючы ад вышыні, бачыў доўгі-доўгі, аж за ружовы небакрай, чысцюткі, нібы вялізнае прасцірадла, луг, дзіўныя i файныя ўзоры на ім: чужыя рыжыя стагі з белымі шапкамі, вузкую няроўную, засланую белаю коўдраю рэчачку, сцішаныя алешыны аберуч яе. Абапал рэчачкі i шырокага лугу — па адзін i другі бакі — густою зялёнаю сцяною стаяла Налібацкая пушча. Нідзе ёй ні канца ні краю. Маўклівая. Пагрозная. Нібы пустынная. Здаецца, ні тут, ні там далей ужо няма ні вёсак, ні адзінокіх леснічовак. Быццам тут вось ужо i край свету, лес, лес, лес — мяжа, за якою няма нічога жывога.

Але ж гэта не так. Па-першае, за краем зямлі — вада, а па-другое, за гэтым лесам, праз вёрст дваццаць,— стары i, як кажуць, павабны i слаўны горад Новагародак, што некалі быў нават сталіцаю магутнай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. А за Новагародкам, расказваюць, стаяць i меншыя, i яшчэ большыя гарады з высокімі цаглянымі дамамі, электрычным святлом, з аўтамабілямі i трамваямі. Цікава, як там, у тых гарадах, жывуць людзі, што не сеюць, не косяць, не носяць лапцей? А жывуць жа яны, канечне, іначай, чым вяскоўцы. Спакон жа вякоў жыццё нібы цэніцца на тры лады: «як у нас тут, у вёсцы», «як там, у горадзе», i «як там, за мяжою...». Ад незразумелага хвалюючага пачуцця яму хацелася зняць з галавы аблавушку, узяць яе ў руку i доўга стаяць, пазіраць удалячынь, аддаючы свету даніну загадкі, здзіўлення i павагі. I зняў, схіліў бы галаву ў пашане, каб не саромеўся суседзяў. Бо тыя раскажуць пра яго такі ўчынак — тады ўся веска будзе смяяцца як з дзівака. Ён ужо ведае: людзі сваёй шчырасці саромеюцца, з чужой — смяюцца...

Не, пушча не ціхая, не мёртвая. Вось амаль над галавою, нечакана аднекуль вынырнуўшы, паказалася сарока. З чорнаю галавою i шыяю, з белым i доўгім пярэстым хвастом. Зачэкала. Як усёй пушчы ўвяла ў вушы: a ў нас людзі! Знікла. Недзе далёка i глуха застукаў дзяцел.

— Ну што там угледзеў? — задраўшы галаву, запытаў з усмешкаю бацька.— Лася? Лicy? Ці, можа, мядзведзя?

— Велькі свет... .