Крапаў рэдзенькі дожджык. Вясновы. Але невясёлы, нудны.
Снег, глыбокі i белы, з нацярушанымі перамёрзлымі ігліцамі ды карою, ляжаў толькі тут, у зацененым лесе, а вунь на санцапёку — на аселіцы, на людскіх сядзібах — ужо сям-там чарнеліся вялікія лысіны зямлі. Праз які тыдзень будзе вялікая вада. А тут, на аселіцы, паўстане цэлае мора. Як i кожную вясну. За ўсе доўгія вякі.
Алесь, калі быў яшчэ настаўнікам на Віцебшчыне i меў вольны час у вакацыі, дык ездзіў у Вільню, шмат сядзеў у бібліятэках, корпаўся ў старых паперах. Вывучаў гісторыю, культуру краю, заадно шукаў i звесткі пра свае Янкавіны. Калі яны ўзніклі, не адсачыў. Але па многіх упамінках адчуваў: яны здаўна, з сівых часоў.
З папер старых даведаўся: за доўгія вякі Янкавіны маглі не адзін раз знікнуць. Шмат разоў гарэлі. I ад маланак, i ад сваёй неасцярожнасці. Але найчасцей нішчылі ix войны. Каб чаго добрага, a войнаў, заваёўнікаў Янкавіны зведалі процьму.
Паліліся Янкавіны ў шматлікія руска-літоўскія, руска-польскія войны, а пазней — у вайну з Напалеонам. Хто ішоў на Маскву ці адкочваўся ад яе, гэты край быў на яго дарозе. У апошні час, што яшчэ на памяці многіх пажылых людзей, акружаючы наваградскіх паўстанцаў[15], вёску спаліла царская армія.
Але Янкавіны не зніклі. Паўставалі, чапляліся за жыццё, як i ўсё жывое на зямлі. I былі не толькі ахвяраю. I янкавінцы, як пісалася ў старых паперах, як перадавалася з вуснаў у вусны ў вёсцы, памагалі запыняць мангола-татараў, біць тэўтонаў у Грунвальдскай бітве 1410 года. Многія служылі ў войску Вялікага княства Літоўскага, дабіваліся шляхецтва (каторыя i на сённяшні дзень лічаць сябе тут шляхтаю, надта ў Засценку), а пазней, пасля падзелу Рэчы Паспалітай i адыходу ў 1793 годзе да Расіі, як i мае быць, служылі ў рускай арміі. Ваявалі з туркамі, з Напалеонам, на Каўказе, у Крымскай вайне. Нямала мужчын пагінула, праліло крыві за волю Балгарыі, a ўжо ў гэтым стагоддзі — у вайне з японцамі. Таму заўсёды i ў Янкавінах было шмат калек, сірот, удоў, заўсёды дзяўчат i кабет было больш, чым хлопцаў i мужчын.
Былі янкавінцы i «злачынцамі»: каторыя траплялі ў бунтаўшчыкі, паўстанцы супраць каралёў i цароў ці памагалі паўстанцам, каторыя сыходзіліся ў разбойніцкія шайкі, рабавалі багатых людзей i службоўцаў. Каго лавілі i каралі, а хто ўцёк з вёскі. Каторыя па сваёй ахвоце пакідалі родны кут, ехалі ў свет шукаць лепшай долі. Дык цяпер янкавінцы, можа, параскідаліся па ўсім свеце. Шмат ix i ў Сібіры, шмат i ў Канадзе, ЗША, Аргенціне, Францыі, Аўстраліі...
Янкавіны нязручныя для свету, а свет нязручны для ix. Яны, як i яшчэ каторыя тутэйшыя вёскі пры Налібацкай пушчы, чамусьці некалі ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскай губерні, хоць тыя Ашмяны былі за светам. Хоча хто справіць які клопат у павеце — едзе ў Стоўбцы, ca Стоўбцаў — у Баранавічы ці ў Мінск, а з Баранавіч ці з Мінска — у Ашмяны. Было б намнога лепш, каб іхнім паветам быў Новагародак: ён стаяў праз лес, праз вёрст дваццаць папрасцяк. Таму, лічы, ні адна кабета ніколі не была ў павеце, i не кожны мужчына ездзіў туды, самае вялікае — за сваё жыццё адлучаліся калі-нікалі ў суседнія вёскі. Але ніхто, здаецца, не паракаў на сваю долю: ва ўсіх тутэйшых людзей быў гэткі ж лес.
Перад мосцікам яго сустрэў знаёмы шэры слуп з пагнутаю таблічкаю.
«Янкавіны,— прашапталі самі губы.— 127 двароў, 488 душ, 263 кабеты i 225 мужчын».
На мосціку запыніўся. Абапёрся грудзінай на парэнчу i зірнуў уніз, на ваду. Плыткую i неглыбокую. Здаецца, яна нібы завесялілася, імчалася i імчалася далей, паўз аселіцу да большай рэчкі, да Шуры, што цякла паўз Янкавін у Крычаты, а за тымі — у Пруды, да Усы, а пасля, зліваючыся з Усою, з Нёманам,— у свет вялікі.
Адчуваючы, што п'янее ад вады, спусціўся з мастка па абтаптаным, коўзкім беразе ўніз. Дыхнула пахам сырой зямлі i травы, мокрага камення. Рыбаю. I цяплом. Аж дзіва было: вакол снег, лёд, а вада дыхае ўжо цёплаю параю.
Пастаяў з хвіліну, пасля нагнуўся, зачарпнуў прыгаршчы вады i ca смакам выпіў. Адчуў: па целе цёплаю хваляю пракацілася здаровасць. Нібы родная зямля дала яму волатавай сілы.
15
Маюцца на ўвазе падзеі нацыяпальна-вызваленчага паўстання супраць царызму на Беларусі ў 1863-1864 гадах.