Выбрать главу

Яны сядзелі з Васькам у тарцы стала, ваўкавата пазіралі на гасьцей, а калі ў залі завялі музыку і пачаліся танцы, зьбеглі, прыхапіўшы пляшку, у прыбіральню. У прыцемным, няўтульна-халодным катуху яны пілі нагбом цёплую гарэліцу, крэкалі, ціснучы да вуснаў рукавы і зацята маўчалі. Маўчалі аж да той пары, пакуль дзьверы прыбіральні не адчыніліся і ў пройме ня бліснулі акуляры з трэснутым шкельцам.

- Хлопцы, запалкі ёсьць? - з робленай весялосьцю вымавіў жаніх і Васька Замундалін злавесна прасіпеў у вадказ:

- Не надоело?

- Што? - не зразумеў жаніх.

- По-белорусски п...ть не надоело?

З проймы вытыркнулася нечая кудлатая галава, пачуўся дзявочы воклік: «Маладую скралі!» - і аб цэмэнтавую падлогу гучна бразнула недапітая пляшка.

Макар так і не зразумеў - хто пачаў бойку. Замундалін ударыў жаніха, ці то наадварот. Ён стаяў, нерухомы, уражана лыпаў вачыма і ачуўся тады, як убачыў юшку пад замундалінскім носам. Глынуўшы паветра і мацюкнуўшыся, Макар даў волю сваёй пакрыўджанай душы: з усяго маху заехаў кулаком у твар кудлатаму хлопцу, які трымаў Ваську за плечы.

Скончылася ўсё несамавіта. Замундаліну расквасілі нос, жаніху разьбілі акуляры, а жаніховы сьведка - той самы кудлаты хлопец - патрапіў у больніцу са страсеньнем мазгоў і з парэзанай аб бутэлечнае шкло галавою. У той жа вечар, пасадзіўшы туляка на цягнік, Макар падаўся ў вёску, да дзядзькі Трахіма, і вярнуўся ў матчыну кватэру толькі праз год, калі адтуль зьехала сястра са сваім заморкам.

Перш, чым націснуць на званок, ён здаволена адрыгнуў піўным духам, сплюнуў з языка тытунёвыя крыхі і тады толькі намацаў пальцам пукаты гузік. Званок, аднак, маўчаў. Ён націснуў другім разам і, хітнуўшы галавой, пастукаў у дзьверы косткамі пальцаў.

Адчыніў швагрусь не адразу. Доўга завіхаўся з замком, тузаў дзьвярную ручку, нарэшце паўстаў у дзьвярох - расхлістаны і ўсхваляваны.

- Чаму званок маўчыць? - выдыхнуў Макар, надаўшы голасу жартаўліва-зухаватыя ноткі.

Швагер вінавата пасьміхнуўся, зашпіліў дрогкімі пальцамі кашулю на грудзіне і праз хвілю, ужо з пакою, выгукнуў:

- Зламаўся.

- Дык трэба направіць! - прамовіў госьць і чарговы раз хітнуў галавою.

Швагер глядзеў тэлевізар. Сядзеў на хісткім табурэце, у мэтры ад экрана, наставіўшы на Макара незагарэлы, падобны да дзіцячай попкі, плех. Такая пастава сьведчыла пра адно - гасьцям у гэтай хаце ня радыя.

- Што паказваюць? - буркнуў госьць і гаспадар, ні слова ні сказаўшы, адхіліў галаву ад экрана.

Па БэТэ паказвалі нейкага мурлатага прайдзісьвета.

«Выліты кныр» - падумаў Макар, стоена адрыгнуўшы півам.

Мурлаты кныр сядзеў, раскінуўшыся ў крэсьле і несупынна бубнеў немаведама пра што.

- Ну і с-сука... цяпер ужо Кебіча хваліць, - прасіпеў швагер, зварухнуў азадкам і плех ягоны зьлёгку паружавеў.

Сядзець у трыццаціградусную сьпёку і глядзець, разявіўшы рот, тэлевізар - у гэтым было штосьці ненармальнае. Госьць плюхнуўся на канапу, утаропіў вочы на шваграву сьпіну, дакладней на вострыя лапаткі, што тырчэлі над напятай кашуляй. Яны доўга маўчалі і толькі калі на экране ўзьнік яшчэ нехта - з клокам рэдкіх валасоў на потным лобе, гаспадар рыпнуў табурэтам і неакрэсьлена прамармытаў:

- Яшчэ адно пудзіла...

Макар паглядзеў на экран, вывучаючы - адкуль узяліся валасы на потнай лабаціне, а зразумеўшы, што тыпус начасаў іх аднекуль з-за левага вуха, перанёс цэнтар цела на левую кумпячыну й голасна выдыхнуў:

- Охо-хо-о...

Гэтым самым ён хацеў разгаварыць швагра, але той маўчаў.

- Слухай, а дзе зараз... той хлопец? - вырвалася неўзабаве з Макаравай грудзіны.

- Які?

- Ну той, што быў на вясельлі...

Гострыя лапаткі здрыгануліся, ссунуліся бліжэй адна да адной.

- Яго забілі. У восемдзесят першым годзе.

«Як забілі? Дзе! У Аўгане? Па п'янцы?» - замітусіліся ў галаве адрывістыя думкі, Макар удыхнуў паветра, каб спытаць - дзе забілі кудлатага хлопца? - але не спытаў, прыкусіў вусны і засяроджана правёў рукой па няголенай шчацэ. Кароткае імгненьне ён сядзеў нерухома, потым нейкая сіла падхапіла Макара на ногі, ён падышоў да тэлевізара, схапіўся за шнур і выдзер штэпсэль з разэткі.

II

Тупаючы ўздоўж старога, спавітага густой бярозкай штыкетніку, яны зазірнулі ў агарод і там, на бульбянішчы, убачылі цётку Тацяну. Задзёршы прыпол спадніцы, цётка хадзіла па барознах, зьбіраючы ў слоік «каляраду».

- Ці-оць! - крыкнуў Макар пераселым голасам і адкашляўся.

Цётка абцягнула спадніцу, зірнула з-пад рукі і моўчкі кіўнула ў бок хаты. Маўляў, заходзь, гаспадар дома.