Выбрать главу

- Хачу, Макар Іванавіч, задаць вам пару пытаньняў, - ласкава прасьпяваў маладзён і ў Макара Іванавіча ўраз зазьвінела ўвушшу.

Роспыты й сапраўды былі нядоўгімі. Маладзён запытаўся - ці часта ён сустракаецца са шваграм, ці даваў яму швагра якую-небудзь шкодную літаратуру і ці прапаноўваў зьезьдзіць у Зэльву, да нейкай паэткі, прозьвішча якой Макар не дачуўся.

Зьбіваючыся на кожным слове, ён паведаміў маладзёну, што са шваграм не сустракаецца, шкоднай, ды і ўсялякай іншай літаратуры не чытае, а ў Зэльву езьдзіў, але не да паэткі, а каб абмяняць жалезабэтон на электраабсталяваньне.

Маладзён слухаў усё гэта з ленай усьмешкай на вуснах і нават пазяхнуў у жменю, а потым дастаў з «дыплямату» асадку з паперай і ўсё тым жа лісьлівым голасам прасьпяваў:

- Напішыце - што кажа пра мужа вашая сястра.

Заняты сваімі думкамі, Макар і не заўважыў, як адарваўся ад напарніка. Швагрусь адстаў мэтраў на дваццаць і да таго ачмурэў ад сьпёкі, што нічога ня бачыў перад сабою. Падышоўшы, ён баднуў Макара лобам і акуляры швагрусёвы ціха чвякнулі ў пясок.

«Колькі яшчэ?» - запыталіся асавелыя швагравы вочы і ўраз праясьнелі, бо ў зрэнках мільганула залацістая палоска вады.

- Я зараз, - буркнуў Макар, скочыў праз прыдарожную канаву і пабег да закінутай адрыны, у якой дзядзька Трахім хаваў вёслы.

Возера плёскалася ля ног, адбіваючы распаленае неба, і ад таго здавалася такім жа гарачым і бяздонным. З гучным крэканьнем яны выпхнулі лодку ў ваду, Макар налёг грудзінаю на карму, пачаў заграбаць кавалкам падабранай на беразе фанэрыны - вёслы ў адрыне так і не знайшліся. Зрэшты, доўга заграбаць не выпадала: лодка прашамацела па густой асацэ, абмінула зарасьці ўрэчніку і Макар панурыў у ваду «катвігу» - прывязаны да вяроўчыны камень.

Паветра зьлёку дрыжэла ад сквару і пад галовамі вудалёў плыла, пераліваючыся на сонцы, даўжэзная павуцінка. Павуцінка зачапілася было за вудзільна, потым паплыла далей і неўзабаве лягла на ваду, сабраўшы вакол сябе цікаўных вадамерак. Вось туды, у цэнтар пазначанага павуцінкай наўкола, і ціўкнуў швагравы плавок. Хвіліну плавок павольна і разважліва круціўся ў розныя бакі, потым тузануўся і нечакана зьнік у гульлівай вадзе. Швагра, відаць, дагэтуль ніколі не вудаліў, бо замест таго, каб спакойна падсекчы, ускочыў на ногі, тузануў вудзільна і пры гэтым ледзьве не перакуліў лодку.

- Ціха ты, йоп... - Макар схапіўся за барты і па лобе ягоным пляснула трапяткая платвіца, што матлялася на лёсцы.

Швагра доўга ня мог схапіць рыбку, а калі, нарэшце, схапіў, дык не наважыўся зьняць з кручка.

Платвіца глыбока заглынула чарвяка, таму Макар, нядоўга думаючы, выдзер кручок з рыбінай зяпкі, піхнуў плотку ў поліэтыленавую торбу. Пры гэтым ён бачыў - як балесна скрывіўся швагравы твар.

- Што, рыбку шкада? - хмыкнуў Макар, а абцёршы аб штаны вільготныя рукі, запытаў: - Ты ў піўной хоць раз быў?

- Пры чым тут піўная? - азваўся швагра.

- Ну як жа... Зьбіраецеся рэвалюцыю рабіць, а самі ў піўной не былі, ня ведаеце - чым народ дыхае.

Швагра плюнуў на чарвяка, уздыхнуў, але нічога не адказаў.

- Пазаўчора Пазьняк па целеку выступаў. Маці слухала-слухала, дый кажа: «Бурузьдзіць абы што».

Швагрусь і гэтым разам змаўчаў, але маўчаньне яму цяжка давалася: плех швагравы хваравіта пачырванеў, канец вуды дробна задрыжэў, а разам з вудай задрыжэў на вадзе й плавок.

«Псых натуральны», - падумаў Макар і ў той жа міг убачыў, што плавок, які дагэтуль скакаў па вадзе, рынуў на дно, пакінуўшы па сабе самотную бурбалку.

- Цягні! - гракнуў Макар, швагра тузануў вудзільна, паваліўся на дно лодкі і, пакуль ён падаў, перад носам Макаравым праляцеў, а потым пляснуўся ў ваду ладны падлешчык.

- Фу ты, йо... Цягнуць трэба было, а ня тузаць, - Макар са стогнам перавёў дых, а паглядзеўшы на швагра, безнадзейна махнуў рукой: швагра стаяў на кукішках, утрапёна пазіраючы ў ваду.

- Думаеш цяпер рукамі злавіць?

- Акуляры зваліліся, - уздыхнуў небарака-швагер і Макар упершыню пашкадаваў, што выправіўся на гэтую чортаву рыбалку.

Дастаць акуляры з вазёрнага дна было ня так проста. Калі Макар зьмераў глыбіню, дык вудзільна панурылася ў ваду па самы вяршок.

«Не дастану, дык хоць скупнуся», - падумаў тады Макар, сьцягнуў штаны і сігануў у празрыстае, аж да прадоньня, Гатаўскае возера.

Выпусьціўшы з грудзей паветра, ён схапіўся за нейкую сьцябліну і адзінае, што пасьпеў угледзіць, дык гэта кансэрвовую бляшанку, якая жоўтай плямай калыхнулася на дне.

- Фу, бля... глыбака, бляха... - задыхана вымавіў Макар, ухапіўшыся рукою за край лодкі.