Выбрать главу

Тую ноч, спадару, я прасядзеў пад зорамі, судзячы тых дваіх: я пытаўся ў Бога, як я павінен іх пакараць, і разумеў і горыч, і радасць, якія ёсць у справядлівасці. Калі б я напісаў на іх рапарт, то Гоўдэк атрымаў бы пару тыдняў турмы ўмоўна, зрэшты, не факт, што й на гэта хапіла б доказаў. Гоўдэк забіў тую дзяўчыну, але ён не быў злосны злачынца. Кожнае пакаранне падавалася мне празмерна вялікім і ў той самы час празмерна малым. І таму я судзіў і караў іх сам.

Раніцой пасля той ночы я пайшоў на пошту. Там за акенцам сядзела такая бледная высокая дзяўчына з вострымі вачыма.

— Спадарыня Таўфэрава, — кажу я ёй, — вось тут у мяне заказны ліст, — і падаю ёй ліст з адрасам Паштовага кіраўніцтва ў Празе. Яна паглядзела на мяне і прыляпіла на ліст марку.

— Адзін момант, спадарыня, — кажу я. — У гэтым лісце — рапарт на таго, хто скраў дзвесце крон у вашай папярэдніцы. Колькі будзе каштаваць перасылка?

Скажу я вам, спадару, у гэтай дзяўчыны была вялізная сіла волі, але і яна ўсё ж збялела, як снег, ды скамянела.

— Тры кроны пяцьдзясят, — выдыхнула яна.

Я адлічыў тры пяцьдзясят і кажу:

— Калі ласка, спадарыня. Але ведаеце што, калі раптам вось гэтыя дзве сотні, — кажу і кладу ёй на столік дзве скрадзеныя банкноты, — калі гэтыя дзве сотні знойдуцца недзе тут, быццам іх проста згубілі або кудысьці паклалі, разумееце?.. Ну, каб было зразумела, што нябожчыца Гэля не крала... тады я свой ліст забяру назад. Дык што?

Яна не сказала ні слоўца, толькі гэтак востра і нерухома глядзела немавед куды.

— Праз пяць хвілін тут будзе лістанош, спадарыня, — кажу я. — Дык што, мне забраць свой ліст?

Яна хутка так кіўнула. Я ўзяў свой ліст і хаджу сабе перад поштай. Ведаеце, спадару, у мяне ногі ніколі не былі такія нягнуткія. Праз дваццаць хвілін выбягае стары лістанош Угар ды крычыць:

— Спадару вахмістр, спадару вахмістр, знайшліся тыя дзвесце крон, што зніклі ў спадарыні Гэлены! Новая паштарка знайшла іх у адным з тарыфных каталогаў!

— Дык бяжыце, — кажу я яму, — і хутчэй усім раскажыце, што яны знайшліся. Каб кожны ведаў, што нябожчыца Гэля не крала. І памагай вам Бог!

Першая справа была зробленая. Тады я пайшоў да старога памешчыка. Вы яго й не ведаеце: гэта граф, трохі такі вар’ят і вельмі добры чалавек.

— Спадару граф, — кажу я яму, — толькі ні пра што ў мяне не пытайцеся, але гаворка пра такую справу, у якой мы, людзі, мусім быць заадно. Паклічце, калі ласка, аканома Гоўдэка і скажыце яму, што яшчэ сёння ён мусіць паехаць у ваш фальварак у Маравіі, а калі ён запярэчыць, то звольніце яго тут жа.

Стары граф узняў бровы і з хвіліну пазіраў на мяне: у мяне, спадару, мусіў быць такі сур’ёзны выгляд, які сабе мала хто можа ўявіць.

— Добра, — сказаў граф, — я ў вас не буду нічога пытацца.

І загадаў паклікаць таго Гоўдэка. Гоўдэк прыйшоў, а калі пабачыў мяне побач з графам, збялеў. І стаў як слуп.

— Гоўдэк, — кажа граф, — запрагайце брычку і едзьце на цягнік, з сённяшняга вечара вы пераходзіце ў мой фальварак ля Гуліна. Я дашлю тэлеграму, каб вас там чакалі. Вам зразумела?

— Так, — ціха сказаў Гоўдэк і ўперыў у мяне вочы: ведаеце, гэта былі вочы чалавека, што трапіў у пекла.

— Ці маеце нейкія прэтэнзіі? — запытаўся граф.

— Не, — хрыпла адказаў Гоўдэк, не спускаючы з мяне вачэй. Мне, спадару, ад гэтых вачэй было жудасна.

— Тады можаце ісці, — сказаў граф, і так і сталася. Праз хвіліну я ўбачыў, як Гоўдэка адвозяць у брычцы: ён сядзеў там як драўляная лялька.

Вось і ўсё. Калі пойдзеце на пошту, звярніце ўвагу на тую бледную дзяўчыну. Яна злосная, злосная на ўсіх, і ў яе пачалі з’яўляцца такія злосныя старэчыя зморшчыны. А я гляджу на яе ды кажу сабе: Справядлівасць існуе.

Я толькі жандар, спадару, але вось што я вам скажу са свайго досведу: я не ведаю, ці ёсць нейкі ўсёведны і ўсёмагутны Бог, а калі б і быў, дык нас гэта зусім не датычыць; але я вам вось што скажу: напэўна ёсць Хтосьці найсправядлівейшы. Гэта пэўна, спадару. Мы можам толькі караць, але мусіць быць нехта, хто б і дараваў. І вось яшчэ што я вам скажу: сапраўдная і найвышэйшая справядлівасць — гэта штосьці такое ж дзіўнае, як і каханне.