Выбрать главу

Прочымава ліпа, першая ліпа ў маім жыцці, была не проста вялізная, — яна была непараўнана большая за ўсе тыя ліпы, якія мне потым давялося бачыць у многіх вёсках, гарадах, лясах і парках вялікага свету. Яна таксама соладка пахла, і звонка гудзела ад халадочку зямлі да бясхмарнага неба, і ўся аж варушылася ад пчол. Але, у адрозненне ад гэтай, што над ракою, яна была тады яшчэ і страшная. У садзе ў Тонінага дзеда стаяла некалькі вулляў, яны былі кожны на розны колер прыгожыя, і таксама страшныя — не падысці. Удзень усе пчолы гудзелі на ліпе, — бясконца многа іх, і кожная пякучая, ажно вочы запухнуць, калі джыгане.

Тоня пчол не баялася. І ў той наш дзень яна мне сказала на вуліцы:

— Хадзем, Юрык, да нас — я паабедаю, тады пойдзем да вас — ты паабедаеш.

Так яно ў нас, малых, было заўсёды. Каб я сказаў раней, пайшлі б да нас, а то ж яна сказала першая. Зрэшты, мне сёння захацелася пайсці спачатку да іх, і я не стаў камандаваць, а адразу згадзіўся.

Стаяла спёка, аднак мы, малыя, не распраналіся дагала, бо гэта было тады брыдка. І за рукі мы з Тоняй не браліся — проста ішлі, нават не побач, бо я, хоць і баяўся пчол, быў першы. І заскак брамкі я адчыніў, і не спяшаўся, не бег — ні ў цяньку пад ліпай, ні зноў на сонцы, уздоўж высокай прызбы, яшчэ ўсё сцяўшыся ў душы ад сцішнаты, усё чакаючы, што вось каторая, нарэшце, прыбзыкне да лба… да карку… пекане… Дзверы ў сені таксама я адчыніў, а зачыніўшы іх за намі, апынуўшыся ў халаднаватым пад босымі ножкамі прыцемку, павесялеў: небяспека мінула!

У хаце мы… Не мы, а я не павітаўся з Тонінай мамай, моўчкі ўвайшоў, а Тоня яшчэ ад парога сказала:

— Мамо, дайце мне есці.

Праз некалькі год, калі я ўжо быў падлеткам, а Тоніна мама яшчэ ўсё незамужняя і, на сённяшні мой лік, маладая, гадоў трыццаці, яна мне бачылася красуняй. А малы я не думаў пра гэта: проста Тоніна мама, толькі што маладзейшая за маю.

Тоніна мама сядзела каля акна і шыла на ручной машыне. Калі мы ўвайшлі, яна перастала шыць і павярнулася на зэдліку да нас. А калі Тоня папрасіла ў яе есці, яна не ўстала адразу, а толькі ўсміхнулася і сказала:

— А чаму гэта толькі табе? А Юрыку не дамо?

Я памятаў, што есці ў чужых не трэба, і адказаў:

— Я не хочу. Я дома наемся.

Гэта быў яшчэ не абед, і Тоніна мама ўнесла з кухні кубак малака, а хлеб, як і ў нас, ляжаў на краі стала, пад белым кужэльным настольнікам. Не цэлы бохан, а паўбохана.

— Хлеба, Юрык, ты адкрой. Нож там, — сказала Тоніна мама, а сама, зноў усміхнуўшыся, прысела да свае машыны.

Кроіць хлеб у нас дома было каму без мяне, і тут гэта быў нечаканы і вельмі прыемны давер. Як вялікаму! Я ўзлез з каленьмі на іхнюю лаву, адгарнуў чысты настольнік, узяў той цяжкі акраец, левай рукой прыгарнуў яго пукатасцю да жывата, правай узяў стары, сточаны нож з драўлянымі тронкамі і, прыцяўшы ніжнюю губу зубамі, затаіўшы дых, нават трохі надзьмуўшыся, адкроіў першую лустачку. Падаў яе Тоні.

— Вашы, Юрык, на сена паехалі? — спыталася Тоніна мама, яшчэ не пачаўшы шыць.

— Ыгы, паехалі, — гаварыў я, кроячы другую лустачку.

— А ты дамаўніком? І не баішся, Юрык, адзін?

Я ўжо тым часам еў тую, другую, лустачку, жаваў нячорствы, смачны хлеб і гаварыў:

— Я не баюся. Я і тады яшчэ не баяўся, і цяпер ужо не баюся.

Тоніна мама глядзела на мяне. З тою самай усмешкай.

— Ты ўжо, Юрык, вялікі.

І тут я схамянуўся, што жую не свой, а іхні хлеб!.. Гаварыць «добры дзень», «дзякую», «памагай бог» нас яшчэ ўсё вучылі, а слова «выбачайце» мне пакуль што не даводзілася гаварыць. Я хутка дажоўваў, глытаў, і мне было сорамна — хоць ты плач або з хаты ўцякай… Я палажыў іхні акраец, побач нож і накрыў іх настольнікам. Хацеў і з лавы іхняй устаць, але Тоніна мама сказала:

— Юрычак, еш! Не саромейся! Вы ж з маёй Тоняй так дружыце. Еш! Я ж казала — і малака налью.

Яна ўстала ад машыны і ўжо хацела ісці ў кухню, але я, напярэсцігі ёй, закрычаў:

— Я не буду, не буду! Не хочу я есці, гэта я так!

У гэтым «так» было тое, што і хлеб вельмі смачны, нават пахам сваім, што і загаварыўся я, што і есці ўжо хачу таксама, а тут я — толькі з Тоняй за кампанію, забыўшыся. І ў крыку маім было столькі рашучасці, што Тоніна мама спынілася, а потым села і, зноў усміхаючыся, сказала:

— Дружыце, Юрычак. І ты хлопчык харошы, і Тоня мая. Як жаніх і нявеста.

Тоня не пырхнула малаком, не засмяялася, — яна толькі ўсміхнулася па-свойму, крыху спадылба, вялікімі блакітнымі вачыма і губкамі ў малацэ, сур'ёзна і сарамліва адразу. Гэта я сёння так хораша бачу тую ўсмешку. А таго, што сказала Тоніна мама, тады было ўжо зашмат. Я глядзеў на гэтую цётку Надзю — на чысты, незагарэлы твар, на вясёлыя вочы пад чорнымі бровамі, на поўныя, румяныя губы, якія так добра ўсміхаліся, і мне прыгадалася, як маёй маме расказвала цётка Анэта, наша суседка: