Можна было б цяпер і таму бацюшку падзякаваць наўздагон, як і настаўніку, за хоць такое, ускоснае ды міжвольнае, далучэнне нас да багаццяў сусветнай літаратуры, аднак у тым іх навучанні было, у кожнага, сваё «але»…
Чужаніца настаўнік прыехаў сюды з далёкага, невядомага краю, разам з паліцыяй, пад аховай яе вінтовак і «божых пальцаў» марочыў нашы галовы, занечышчаў нашы светлыя душы недарэчнай варожасцю да ўсяго, што наша, роднае — дома, на нашым месцы пад сонцам. Бо ён чытаў нам не толькі мудрыя, светлыя казкі свайго польскага народа, вершы і апавяданні з яго чалавечнай, высакароднай літаратуры, але і ўсякую так званую патрыятычную марноту. Захоплена, раз-поразу задзіраючы ўгару руку, чытаў нам Камар саладжава-нягеглыя вершыкі, скажам, пра вусы, шаблю і Каштанку, кабылу пана Пілсудскага, пра якога мы дома і на вёсцы, ад тых, каму мы верылі найбольш, добра ўжо ведалі, што ён — галоўны кат ужо не ў Мілтачах, але на ўсю нашу Заходнюю Беларусь, на ўсю Польшчу, для ўсіх працоўных, бедных людзей. І пра Савецкі Саюз, пра «большэвікуў» Камар чытаў і гаварыў нам толькі дрэннае: і хамы ўсе там, і разбойнікі… А мы ўжо ведалі, што там і зямлю далі людзям, і волю роднай мове кожнага — праўда, найлепш для нас зразумелая.
І поп не толькі вучыў нас маліцца, не толькі расказваў цікавыя казкі, святыя гісторыі. Часта, сказаўшы сваё «ну-с», ён пераходзіў на палітыку, да Саветаў, дзе, як казаў, «коммуна, что означает, дети, кому на, а кому и нет». Хіхікаў аж да кашлю, тады адхаркваў макрату, акуратна выплёўваў яе ў вялікую чыстую хустачку, прыглядаўся туды, паволі складваў хустачку, клаў яе белы квадрацік у глыбозную кішэню расы і, як Камар, пачынаў пра разбойнікаў, дзікуноў ды яшчэ і бязбожнікаў, якім калісьці, на тым свеце, давядзецца гарэць, не згараючы ў вечным агні…
Зімою, у палавіне другога класа, мне ішоў дзевяты год, а Шуры дванаццаты. І вось аднойчы, калі мы ўдвух, пасля такой «рэлігіі», ішлі дахаты, ён пачаў:
— Мне дзед казаў, што гэты поп служыў у паліцыі. Не ў польскай, а ў расейскай. І ў свабоду людзі хацелі яго забіць на вуліцы. На кавалкі парвалі б, але ён адмалёкаўся, што маленькія дзеці, што пойдзе на папа. І людзі пашкадавалі яго…
Цётка Марта, дваюрадная сястра нашай мамы, служыла тады ў бацюшкі. Неяк яна прыйшла да нас з Мілтачоў і расказвала, як тыя бацюшкавы колішнія дзеці, цяпер тры брыдкія незамужнія ганаровыя пападзянкі, анічога не хочуць дома рабіць, а п'юць не малако, не чай, а шакалад з маленькіх кубачкаў. Во як жывуць!.. А тут яшчэ з гэтай паліцыяй… Аж не верыцца.
Я маўчаў. Мне згадалася на тыя нашы меркі даўняе — што было пазалетась, калі я яшчэ ў школу не хадзіў. Як бацюшка прыязджаў у Аўсянікі ўлетку і, пасля малення ў капліцы і над магіламі, быў хрэсны ход па полі і па вёсцы. Наша мама, злосная на Рамана, што ён не памагае ёй, сама вынесла на вуліцу стол, заслала яго чыстым настольнікам, палажыла бохан хлеба і дзве свечкі, сабе і мне. Гэтак тады многія павыносілі, амаль перад кожнай хатай стаялі белыя сталы. Хрэсны ход, з вялікім драўляным крыжам, з пратэсамі і песнямі спыніўся і каля нас. Бацюшка ў пазалочанай рызе маліўся, мілтачоўскія дзеўкі, пеўчыя, падпявалі, а мы з мамай стаялі са свечкамі. Мая таксама была вялікая, соладка пахла расплаўленым воскам, і агеньчык то роўна гарэў, то калываўся, калі я махаў свабоднай рукою, хрысціўся. А можа, і ад тых дзявочых «аллилуя, аллилуя, слава тебе, бож-же», бо пеўчыя былі зусім блізка, столькі іх дыхала на агонь. Яшчэ як мы з мамай стаялі каля стала адны, чакаючы, яна мне загадала не толькі крыж пацалаваць, але і бацюшкаву руку. Я, можа, не забыўся б пра гэта і сам, але яна, як дайшло да таго цалавання, штурханула мяне, і я, вядома, паслухаў…
«Мне дзед казаў» — такое для Шуры было неабвержнаю праўдаю. А я адразу не зусім паверыў пра тую бацюшкаву паліцэйскую службу, і, як толькі мы з дзедам Богушам, у той жа вечар, апынуліся ў іхняй хаце толькі ўдвух, я спытаўся, ці праўда гэта.
— Праўда, унучак. Але не паліцэйскім, не спраўнікам ці прыставам, а следавацелям па паліцічаскіх дзялах. Яшчэ ў тую свабоду, што ў пятым годзе была. Ён чалавек вучаны, — удакладніў дзед і, памаўчаўшы трохі, дадаў: — Такі вялікі прыход, колькі вёсак, і Мілтачы на пяць вуліцаў. Што дзень, то і мярцвец, што нядзеля, то і вянец, — чаму тут не будзеш, як ты здароў, унучак, кажаш, піць той шакалад?