Выбрать главу

Капітан незадаволена нахмурыўся, засоп у нос.

— Вось так, Карповіч. Не трывае армія непарадку. Ты адзін парушыў статут, а вінаваты аказаліся і мы з камбатам, і камандзір роты, і сам ты, і сержант... Вялічка яшчэ ў гэтую гісторыю ўмяшаўся. Вось так у час вайны з-за памылкі камандзіра і людзі гінулі. I на вучэннях такое здараецца. Трэба зразумець — ёсць свая правата у тым, што даводзіцца выконваць на першы погляд фармальныя загады. Ты толькі частачка ўсяго цэлага, шасцяроначка, на якую спадзяецца вышэйшыкамандзір. Закруцішся па-свойму — і ўся машына пойдзе ўразнос...

— Што ж мне — як Вялічку, з-за літары душу душыць?

— Не душыць, а разумна кіравацца законам. I не ўздумай крыўдзіцца, калі табе нешта не па нораве сказаў камандзір. Самастойнасць — гэта добра. Толькі не трэба яе залішне напаказ выстаўляць.

Карповіч адчуў, што чырванее, як школьнік. Капітан нібы бачыў яго наскрозь.

— Нічога, таварыш лейтэнант, не было б толькі большае бяды. Рыхтуйцеся на зборах сур'ёзна, каб на вучэннях не падвялі нас.

Капітан устаў, казырнуў, падаў на развітанне руку. Старшына чакаў ужо Карповіча ў канцылярыі роты. Ён падбіраў плакаты да начных заняткаў, але Карповіч ведаў, што старшына чакае яго.

— Ну як, таварыш лейтэнант?

— Нармальна. Поўны парадак.

— Першы раз начальства выклікала?

— Першы. А Прымака не чапалі?

— Не. Калі камандзір дазволіў, як з падначаленага пытацца?

— Тады поўны парадак,— знарок бадзёра сказаў Карповіч.

Ён адчуваў, што не мае права ўсё да канца гаварыць старшыну пра сваю нязгоду з камандзірам батальёна, пра тое, што не разумее логіку разважанняў начальніка штаба.

РАЗДЗЕЛ 4

Уздоўж плота, зробленага з жалезабетонных блокаў, у рад стаялі баявыя машыны.

Сонца зайшло, слаба святлелася неба над захадам, а цемра ўпотайкі акружала наваколле. Адзінока глядзелі з неба на зямлю раннія зоркі. Вострыя яловыя Еяршаліны недалёкага лесу быццам патанулі ў чарнаце.

Суха патрэскаваў пад нагамі маёра Бялова быльнёг.

Стаяла высокая цішыня і трывожнае бязлюддзе.

Маёр прайшоў перад афіцэрскім строем. Усе афіцэры, апранутыя ў чорныя танкавыя камбінезоны, з палявымі сумкамі і супроцьгазамі, у танкашлемах, былі падобны адзін да аднаго.

— Паўтараю яшчэ раз: калі хто саб'ецца з маршруту — выходзьце на сувязь са мною. Стральбу ў нас прымае падпалкоўнік Серада. Памятайце, што і гэты невялікі маршрут — праверка таго, як вы можаце кіраваць машынамі. А стральба сёння — ваш экзамен на тое, як вы валодаеце зброяй. Праз некалькі дзён вы разыдзецеся ў падраздзяленні, і кожны з вас будзе вучыць салдат. Навучыць можа той, хто ўмее сам.

Карповіч, як заўсёды, стаяў у страі самы апошні. Яму здавалася, што маёр ходзіць павольней, чым звычайна, бо і ён стаміўся за апошні тыдзень напружаных палявых заняткаў. Стрэльбы ўдзень і ўночы на стрэльбішчах, трэніровачныя выхады па трывозе, начныя заняткі па арыентацыі і ўменні хадзіць уночы па маршруце з компасам.

А можа, ён не спяшаўся перад самым адказным выпрабаваннем сваіх выхаванцаў? Карповічу нават здалося, што маёру проста шкада было выпраўляць іх у гэтую халодную восеньскую ноч...

— Да машын! На месцы! — гучна, як і заўсёды, скамандаваў маёр.

У цішыні моцна загрукалі па брані боты, металічна запстрыкалі стопары люкаў, слаба засвяціліся ў машынах лямпачкі падсветкі на прыборных шчытках.

У навушніках было чуваць, як маёр са свайго камандзірскага бронетранспарцёра правярае сувязь з машынамі.

Калі дайшла чарга да яго, Карповіч коратка адказаў:

— Я— дзевяноста тры. Прыём.

Першая машына, пасля таго як была дадзена каманда заводзіць матор, расшкуматала цішыню, напоўніла гулам усё наваколле, белым святлом успыхнула фара.

Ад гулу матораў быццам спалохаліся і схаваліся зоркі.

Цяпер не было часу глядзець на іх.

Першая машына кранулася з месца, і было відаць, як яна імкліва пагойдвалася на выбоінах. Лёгка і радасна гуў матор. Пасля ўдалечыні відаць была толькі маленькая светлая кропка — святло фары — якая набліжалася да лесу. I тады другая машына рванулася ўслед за першаю — і так адна за адною, напаўняючы ноч трывожным і магутным ровам, адыходзілі машыны.

Карповіч адкінуўся да спінкі сядзення і прыслухоўваўся да гэтае суровае музыкі, якая плыла над стомленаю зямлёю, над вёскамі. I калі чулі людзі гэты гул, то не маглі здагадацца, адкуль ён. Людзям трэба было адпачываць.