Карповіч адказаў на выклік маёра, завёў матор — болей нічога ўжо не чуў, акрамя моцнага спакойнага рову матора, нічога болей не бачыў, акрамя парэзанае гусеніцамі танкавае дарогі. Кідаў толькі позірк на карту, на лічыльнік кіламетражу, запамінаў кожнае перакрыжаванне, каб не збіцца з маршруту.
Ён не надта баяўся заблудзіцца. Усё ж географ, якому давялося пахадзіць па маршрутах. Менавіта таму і паставіў яго маёр апошнім, замыкаючым калону. Праўда, недзе на другой дарозе, больш прыдатнай бронетранспарцёру, чым гэтая танкавая, ехаў і сам маёр — нячутны і нябачны, гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу.
Пакуль што глуха шумела ў навушніках, ніводная радыёстанцыя на машынах не працавала на перадачу. Значыць, ніхто не заблудзіўся.
Па цёмным лесе, па розных дарогах ішлі машыны да аднаго месца. Карповіч адчуваў задавальненне ад таго, што ўначы ён гаспадар гэтае баявое машыны. паслухмянай яму і цёплай, быццам жывая істота.
Праехаўшы палавіну дарогі, Карповіч пачаў пазнаваць мясцовасць і ўжо мог ехаць без карты, калі прамінуў чыгуначны пераезд.
У гэты час далёкі, але знаёмы голас Федзі Рыбачонка пачуўся ў навушніках:
— Першы, я восемдзесят чатыры. Маршрут закончыў. Прыём.
— Восемдзесят чацвёрты, я першы. Зразумеў. Прыём,— быццам зусім побач адказаў маёр Бялоў.
Адзін за адным чуліся ў навушніках даклады — машыны збіраліся на агнявым рубяжы. А ён быў блізка, гэты рубеж.
Карповіч адчуў, як трывожна забілася сэрца. Вось яно, тое выпрабаванне, якога ён чакаў і якога пабойваўся. Начная стральба з машыны штатным снарадам.
Ты адзін у вежы, гаспадар яе, сам павінен заўважыць цэль, даць каманду механіку, каб спыніў машыну, і знішчыць мішэнь.
Калі палявая навука лёгка давалася Карповічу, то вежа здавалася нечым вельмі ж складаным, і ўпраўляцца ў ёй мог толькі чалавек незвычайны. Карповіч, невысокі ростам і шчуплы, ніяк не мог павярнуцца ў вежы, успець у час зарадзіць гармату, спазняўся, спяшаўся, а таму вельмі часта «мазаў» на вучэбных стрэльбах. Але ж Сабанееў, высокі ростам, успяваў паварочвацца ў машыне і выдатна страляць.Карповіч ведаў, што каб навучыцца страляць, трэба асвоіць вежу, трэба не баяцца механізмаў, а дзеля гэтага патрэбна трэніроўка, трэніроўка... I ён трэніраваўся. Сёння яшчэ раз праверыць, як падуладна яму гармата.
Каб не думаць пра стральбу і зараней не хвалявацца, Карповіч прыціснуўся плячыма да спінкі сядзення, прыбавіў абаротаў, і больш ні пра што не думаў і нічога не бачыў, акрамя дарогі.
Трэба было ў час скінуць абароты, прытармазіць паваротам машыну, каб яна, не збаўляючы хуткасці, імчала па ямістай дарозе, як па хвалях. Машына падпарадкоўвалася Карповічу, і ён ведаў, што некалі зможа кіраваць ёю з сапраўдным майстэрствам, як першакласны механік.
Калі наперадзе адкрылася поле з рэдкімі, скупымі агеньчыкамі, засвяціўся белы ліхтар на вежы ўчастковага пункта кіравання стральбою. Карповіч убачыў,, як да вежы пад'ехаў бронетранспарцёр маёра і спыніўся якраз у паласе святла, якое падала праз акно з другога паверха.
На агнявым былі ўсе машыны, акрамя яго, Карповічавае, стаяў і бронетранспарцёр маёра. Маёр не сумняваўся, што ён не заблудзіцца, не чакаў нават і дакладу.
Карповіч падагнаў машыну, паставіў на месца, выключыў акумулятар і падышоў да вежы.
Афіцэры ўжо стаялі ў страі, паэкіпажна, па тры чалавекі.
Кожнаму выпадала сёння рабіць па тры заезды і выконваць работу кожнага члена экіпажа — і камандзіра, і механіка, і аператара-наводчыка. Карповіч заняў месца ў страі.
На зыходным рубяжы свяціліся чырвоныя ліхтары, ля іх былі відаць абрысы трох машын з паднятымі ўгору гарматнымі стваламі.Карповіч ведаў, што робіцца на другім паверсе, за пультам кіравання стральбою. Бачыў круглыя дыскі няўмольных секундамераў, якія зафіксуюць і час, патрачаны на выкананне практыкавання, і працягласць кожнага прыпынку; чырвоныя лямпачкі пакажуць, калі будзе пападанне ў мішэнь.
У полі свяціліся белыя вочы аўтамабільных фар, слабенька пабліскваў кішэнны ліхтарык — аператары у апошні раз правяралі гатоўнасць мішэннага абсталявання.
Маёр Бялоў, маючы пакуль што вольны час, даваў апошнія наказы.
— Яшчэ раз, таварышы афіцэры, успомніце, як прыстраляны машыны. Назіранне вядзіце не толькі ў прыцэл, а і ў трыплексы, за ўсім мішэнным полем, каб не страляць па чужой мішэні. Стрэл па чужой мішэні вам не будзе залічаны. Не забывайцеся даваць папраўку, бо мішэні будуць рухацца. Хто на месцы механікаў, не трымайце машыну лішне на кароткіх прыпынках. За гэта адразу ж атрымаеце двойку. Тармазіце машыны плаўна, накатам, каб стралок за гэты час успеў зрабіць грубую наводку. Усё рабіце хутка, але спакойна. Заспяшаецеся — стральбы добрае не будзе. Адчувайце сябе так, быццам на вас ідзе вораг, і калі вы не знішчыце яго, то ён знішчыць вас. Зразумелі мяне, лейтэнант Карповіч? Страляйце і тут гэтак жа, як і на стрэльбішчы, дакажыце, што за вас не дарэмна спрачаюцца камбат з камандзірам разведроты,— напаўжарт, напаўсур'ёзна скончыў маёр гаворку зваротам да Карповіча.