Выбрать главу

Карповіч увесь час адчуваў добрую і спагадную ўвагу да сябе ад маёра, хаця той за ўвесь час збораў ні разу і не пахваліў Карповіча, і не звярнуўся да яго інакш, як «таварыш лейтэнант». Неяк само сабою сталася, што між сабою маёра звалі «наш Бялоў». Хоць часам і смяяліся, калі Ласцоў паказваў, як і дома маёр гаворыць «таварьіш дочка». Хлопцы адчувалі за скупымі словамі маёра Бялова, і за яго часам і суровымі патрабаваннямі любоў да іх.

Таму было крышку трывожна і незвычайна ад таго, што так многа гаварыў сёння маёр, хваляваўся, быў крышку разгублены. А можа, трывога ішла з поля, у якім рэдка свяціліся агеньчыкі і панавала цішыня, якую толькі зрэдку парушалі далёкія галасы людзей.

Маёр Бялоў і раней жартам расказваў пра тое, як за Карповіча змагаюцца камбат і камандзір разведчыкаў. Камандзір разведкі, высокі, малады старшы лейтэнант, некалькі разоў праводзіў заняткі з афіцэрамі і пачаў дабівацца ў камандзіра часці, каб той перавёў Карповіча ў разведку. Дзіўным было не гэта, а тое, што камбат нават і пасля таго выпадку з Прымаком гарою стаў за Карповіча, і таму пакуль што нічога не было вырашана.

Аператары вярнуліся з поля.

Палігон быў гатовы да стральбы.

Экіпажы таксама.

Маёр больш нічога не гаварыў, толькі сачыў за мішэнямі ў полі — аператары правяралі, як працуе апаратура.

— Што, салагі, адзін па мішэнях страляць будзе, а другі па каманднай вежы?

Карповіч пазнаў голас Вялічкі, які стаяў збоку, прытуліўшыся плячыма да сцяны, і курыў. Карповіч спачатку не зразумеў, чаго тут Вялічка, нібы знарок прыехаў, каб паглядзець, як страляюць маладыя афіцэры, і ведаць, з каго здзекавацца потым. Карповіч успомніў, што Вялічка сам напрошваецца абслугоўваць розныя стрэльбы і вучэнні, абы толькі быць на вачах у вышэйшага начальства. I яго амаль заўсёды, калі ёсць на тое патрэба, адпраўляюць на такое абслугоўванне — не надта хто з камандзіраў любіць займацца гэтым. I ця-пер стральбу матэрыяльна забяспечваў Вялічка, арганізоўваў дастаўку боепрыпасаў, дапамагаў рыхтаваць мішэнную абстаноўку.

— Вы што тут робіце, таварыш лейтэнант? — маёр Бялоў павярнуўся да Вялічкі.

Голас сухі, камандзірскі.

— Забяспечваю стральбу, таварыш маёр! — выцягнуўся па стойцы «смірна» Вялічка.

— Вось і займайцеся забеспячэннем, а не перашкаджайце тут. Ідзіце! — нават злосна загадаў маёр Бялоў, і Вялічка пакорліва заспяшаўся да пункта боезабеспячэння.

— Першы заезд — строіцца! У калону па тры — станавісь! Раўняйсь! Смірна! Напра-ва! На зыходны рубеж — шагам марш!

Па зямлі глуха загрукалі боты.

Экіпажы зніклі, прапалі ў цемры ля цёмных і пакуль маўклівых машын.

Маёр Бялоў па металічнай лесвіцы ўзышоў на другі паверх, і там адразу ж патухла лямпачка, толькі ў вокнах трымцела водсветам зялёнае святло ад пульта кіравання.

Над вежаю засвяціўся чырвоны ліхтар, і амаль адразу ж напеўна і трывожна прагучаў баявы сігнал. Загрукалі люкі, кіраўніку па радыёстанцыі камандзіры далажылі, што экіпажы гатовы да стральбы. Узарвалі начную цішыню маторы, а потым па чырвоных мігалках і можна было толькі вызначыць, што машыны рушылі наперад.

Нечакана ў полі рассыпаліся слабенькія адзінокія агеньчыкі — і па машыны ўдарылі з кулямётаў на хаду доўгімі чэргамі з трасірнымі кулямі. Поле нібыта асвятлілася роем яркіх фасфарычных агеньчыкаў, якія адшуквалі і пранізвалі мішэні, біліся аб зямлю і высока Ўгору, у бакі разляталіся вогненнымі пырскамі над палігонам.

Раптоўна патухлі агеньчыкі, не стала і кулямётных трас, гулкага кулямётнага пошчаку, нібы аднекуль зверху апусцілася заслона ці невядомы чараўнік у момант сабраў у жменю ўсіх сваіх залатых пчолак.

Роўна гулі маторы і рухаліся чырвоныя агеньчыкі мігалак.

Танкавыя мішэні, слаба асветленыя, нібыта падала на іх святло ракет, імкліва пабеглі па полі насустрач машынам. Яны спяшаліся схавацца ў цемені.

Перш чым пачуўся гук ад першага стрэлу, сінім спалохам асвяглілася сярэдняя машына, і гарачы чырвоны след, які працягнуўся ад машыны да мішэні, прабіў яе — і не стала відаць ні машыны, ні мішэні. Як гарачая паветраная хваля, даляцеў і ўдарыў па вушах цяжкі гул гарматнага стрэлу.

I амаль адначасова асвятліліся бліскавіцаю дзве апошнія машыны, здвоена разнёсся над полем гук стрэлаў — і далёка па лесе і па полі незадаволена перакочвалася рэха.