Афіцэры паэкіпажна пастроіліся перад вежаю.
— Раўняйсь! Смірна! Раўненне направа! — як перад цэлым батальёнам, скамандаваў маёр Бялоў і пайшоў насустрач падпалкоўніку.
— Таварыш падпалкоўнік, асабовы склад збораў пастроены на падвядзенне вынікаў стральбы.
— Здраствуйце, таварышы афіцэры!
— Здравія жалаем, таварыш падпалкоўнік!
— Вольна!
— Вольна! — паўтарыў каманду маёр.
— Хто страляў па каманднай вежы? Выйсці са строю! — загадаў падпалкоўнік.
Ласцоў паволі, нязграбна выйшаў са строю, назваўся.
— Таварыш афіцэр, чаму ваша гармата была павернута не ў поле? Чаму вы не разрадзілі зброю на рубяжы спынення агню? Камандзір машыны, вам аператар далажыў быў, што зброя разраджана?
— Лейтэнант Яноўскі. Так точна, таварыш падпалкоўнік, лейтэнант Ласцоў далажыў мне, што зброя разраджана!
— Растлумачце, лейтэнант Ласцоў, чаму зброя ў вас была не разраджана? Чаму вы груба парушылі правілы бяспекі на стральбе? Вы ведаеце, што паставілі пад небяспеку жыццё многіх людзей? Ведаеце, што вас судзіць трэба за такое, а не давяраць камандаваць людзьмі?
— Няспраўны быў прывад... Таму я не змог страляць. I вежа не паварочвалася. Я думаў, разраджу гармату на хаду...
— Лейтэнант Яноўскі, электрапрывад у вежы быў няспраўны? Вы ж потым селі на месца аператара.
— Не, спраўны, таварыш падпалкоўнік. Проста Ласцоў не змог перайсці з ручнога кіравання на электрапрывад... Відаць, разгубіўся і націснуў на электраспуск.
— Вось так, таварыш маёр. — Падпалкоўнік павярнуўся да Бялова.— Стральба наогул прайшла нядрэнна. Я не спадзяваўся на такую. Афіцэры паказалі ўменне валодаць машынамі і зброяй... Але тое, што здарылася пад канец стральбы, перакрэслівае ўсё добрае. Мне хочацца пажадаць, таварышы афіцэры, каб салдаты стралялі гэтак жа ўпэўнена і граматна, як і самі афіцэры, каб вашы падраздзяленні былі выдатнымі ў баявой падрыхтоўцы, у дысцыпліне. Аднак пра тое, што здарылася сёння, я буду дакладваць як пра надзвычайнае здарэнне. Не ведаю, якія вывады будуць зроблены з гэтага. Але і так ужо ясна, што вы цалкам не справіліся з даручанаю вам справаю, таварыш маёр.
Падпалкоўнік быў высокага росту, шырокі ў плячах, магутны. I па тым, як ён няспешна гаварыў спакойным, добра пастаўленым голасам, і як ступаў туды-сюды не-калькі крокаў, і нават як паварочваў галаву,— ва ўсім адчувалася сіла, улада і задаволенасць ёю.
— Вы самі разумееце, таварыш маёр. Годы ёсць годы, усе мы ім падуладныя,— звысака, самазадаволена супакойваў ён маёра Бялова, як аб'яўляў прысуд.
Маёр Бялоў не варухнуўся. Толькі Карповічу здалося, што нават і пры досвіткавым святле ён убачыў, як пабялеў твар маёра Бялова і як ён моцна сцяў вусны.
— Ясна, таварыш падпалкоўнік. Падвядзенне вынікаў збораў будзе ці не? — дзелавым, скупым вайсковым словам запытаўся маёр Бялоў, усё роўна, як тое, што было сказана да яго, было нечым дробязным.
— Думалі, у панядзелак. Хаця гэтага нават і мы гарантаваць не можам. Я вам раю, таварыш маёр: пісьмова падрыхтуйце кароткую атэстацыю на кожнага афіцэра і раздайце камандзірам часцей. Каб яны ведалі, як займаліся і чаго варты іхнія людзі. Як ваша прозвішча, таварыш лейтэнант? — запытаўся падпалкоўнік у Ласцова, дастаў запісную, запісаў ягонае прозвішча, нумар пакоя ў інтэрнаце і дазволіў заняць сваё месца ў страі. Пажадаў усім на развітанне:
— Шчаслівае службы, таварышы афіцэры!
Маёру Бялову падпалкоўнік казырнуў, працягнуў руку, але маёр не падаў свае, быццам не заўважыў гэтага падпалкоўнікавага руху.
Падпалкоўнік шырокімі няспешнымі крокамі ўпэўнена пайшоў да свайго «газіка», які ўжо слаба вурчэў маторам на дарозе. Шафёр адчыніў дзверцы, машына цяжка загойдалася з боку на бок і імкліва кранулася з месца.
Маёр Бялоў прайшоў перад строем, пазіраючы на афіцэраў, нібы хацеў запомніць кожнага з іх. Ён крыху сутуліўся. I цяпер, упершыню за ўвесь час збораў, выдаваў і старым і стомленым.
Пачынала развідняць, і ў скупым святле восеньскага дасвецця твары афіцэраў здаваліся суровымі, мужнымі, а самі хлопцы намнога старэйшымі. Усё роўна, як на твары ім лёг шэры сталёвы водсвет.
Здавалася, маёр хацеў угледзець некага ў гэтым страі, пазнаць. Ён прыпыніўся перад Карповічам.
Потым як спахапіўся, што за ім назірае гэтулькі вачэй, расправіў плечы, адкашляўся, чамусьці сказаў:
— У вайну ў мяне двух сыноў немцы спалілі... Маленькіх яшчэ...
Паправіў папругу і загаварыў роўным, тым самым скупым складам, як і заўсёды, дэталёва разбіраючы стральбу кожнага.