Выбрать главу

— У панядзелак зранку, калі нічога не пераменіцца, збіраемся ў наш клас, дзе праводзіліся заняткі па тактыцы. Падвядзём вынікі, а потым разыдзецеся ў падраздзяленні. Лейтэнант Карповіч! Вы паведзяце калону машын. Абавязкова адрэгулюйце пераход цераз шашу, праверце сувязь. Выцягвайце калону.

Пакуль Карповіч выцягваў калону, маёр нерухома стаяў у бронетранспарцёры і назіраў.

Асветлены скупым ранішнім святлом, суровы і нерухомы, быццам помнік, ён прапусціў калону і доўга глядзеў ёй услед, аж пакуль апошняя машына не знікла за паваротам у лесе, на выбоістай танкавай дарозе, як за хвалямі.

Тады маёр далікатна крануў за плячо механіка, і бронетранспарцёр паволі паехаў па ўезджанай гладкай аўтамабільнай дарозе.

РАЗДЗЕЛ 5

Карповіч, здаецца, і не памятаў, калі апошні раз гэтак радаваўся таму, што цэлы дзень вольны, што можна не ўставаць рана. Хоць усё роўна не спалася — прывык уставаць у адну пару. А як прыемна было адзяваць шаўкавістую, мяккую, адпрасаваную рубашку з пагонамі і штаны навыпуск. Адразу адчуваў сябе лёгкім, стройным, маладым.

Удзень Карповіч паехаў у горад — светлы, па-восеньску сцішаны, ужо з лёгенькаю смугою і з жоўтым лісцем, шчодрым, сухім, якое пакуль што не прыбралі. Гэта потым, як пасыплецца яно, буйнае, цяжкае, калі пойдуць дажджы, калі пачнецца сапраўдная сумная восень, будуць прыбіраць і паліць лісце. Цяпер у горадзе было яшчэ толькі восеньская свята, яшчэ была апошняя летняя ласкавасць сонца.

Карповіч паволі хадзіў па вуліцах, косячы вокам на вітрыны магазінаў, дзе відаць было ягонае адлюстраванне, заходзіў у паркі і скверыкі.

Было чамусьці радасна на душы ад свае адзіноты, ад гэтае святочнасці. Здавалася, што няма нічога лепшага за гэту святочнасць, хацелася, каб засталася яна з чалавекам на ўсё жыццё.

Вярнуўся ў інтэрнат крышку стомлены, але супакоены і задаволены самім сабою і сваім жыццём.

I Рыбачонак, і Яноўскі, і Сабанееў — сябры па зборах — чакалі яго, каб адсвяткаваць заканчэнне вучобы, схадзіць вечарам на танцы ў гарнізонны Дом афіцэраў.

Танцавальная зала была на першым паверсе, прасторная, з паркетнаю бліскучаю падлогаю, вялікімі дарагімі люстрамі, якія залівалі ўсё белым, зіхатлівым святлом. На невялічкай эстрадзе іграў аркестр суседняга вайсковага вучылішча. Праз адчыненыя насцеж вокны пахла цёплаю і вільготнаю ноччу.

Дзяўчаты — а іх збіралася на танцы многа — у белых сукенках, прыгожых кофтачках здаваліся ў гэтым яркім святле незвычайнымі. Яны стаялі групкамі, дзенідзе з хлопцамі, нешта ціха гаварылі паміж сабою, смяяліся ціхім смехам, і гэты смех несціхана цурчэў, быццам званілі далёкія званочкі.

Хлопцы тоўпіліся ля ўвахода, выходзілі пакурыць, прыглядаліся да дзяўчат, выбіралі, і дзяўчаты таксама прыглядаліся да афіцэраў.

Карповіч не пазнаваў сябе. Будучы студэнтам, ён амаль не хадзіў на танцы, не любіў, каб яго разглядалі і самому выглядаць нечага. Гэта здавалася непатрэбным, лішнім.

А цяпер ён адчуваў задавальненне і радасць ад таго, што прысутнічае ў гэтай зале, напоўненай светлымі дзявочымі галасамі, ад таго, што бачаць яго і ён можа таксама глядзець на дзяўчат і ўсміхацца ім проста так, прыязна і радасна.

Калі пачынаўся танец, Карповіч ішоў цераз усю залу, запрашаў дзяўчыну, жартаваў з ёю. I жартавалася лёгка і дасціпна.

Так многа танцавалася Карповічу і так добра весялілася, бадай, толькі на выпускным вечары. Але гэта было даўно, быццам за цэлымі стагоддзямі. I над тымі дзяўчатамі ў белых сукенках, і над тымі маладымі бярозавымі прысадамі вакол школы прамчалася многа часу!

Карповіч і сам не заўважыў, што часцей за ўсё пачаў танцаваць з Анюткаю, невысокаю тоненькаю дзяўчынаю ў белым касцюме, з доўгімі распушчанымі па плячах валасамі і крышку журботнымі вачыма.

Пазнаёміў іх Рыбачонак. Карповіч, як толькі ўгледзеў, што Рыбачонак нахіліў сваю чорнавалосую кудлатую шавялюру да дзяўчыны, нешта гаворыць і ківае на яго, на Карповіча, зразумеў, што расказвае дзяўчыне пра яго. I потым Рыбачонак падышоў да яго з дзяўчынаю, пазнаёміў. Карповіч хацеў пажартаваць, але раптам усе жарты вылецелі з галавы, і ён не адважваўся глядзець на Анютку.

А Рыбачонак не пераставаў жартаваць, смяяўся, пабліскваючы чорнымі гарачымі вачыма. Гэта было на руку Карповічу — дзяўчына не заўважала, што ён бянтэжыцца.

— Танга. Запрашаюць нашы дарагія дзяўчаты! — аб'явіў адзін з аркестрантаў, рослы курсант з пабітым воспаю тварам.

Рыбачонкава сяброўка, мажная дзяўчына з белымі дробна завітымі валасамі, запрасіла свайго кавалера, і Карповіч застаўся з Анюткаю. Анютка схіліла галаву, запрасіла яго, лёгка і нячутна пайшла ў пары.