Выбрать главу

Карповіч перастаў галіцца, стаяў перад сержантам з намыленым тварам.

— Спачатку яго казкам усе верылі.

Самхарадзе ўзяў каністру і паліваў на рукі Карповічу.

— Не трэба было яго адпускаць. Каб не патрульныя, быў бы ён ноч у самаволцы, у вёсцы, адкуль чулася музыка...

— Цяпер буду ведаць!

— Людзей на вучэннях нельга распускаць. Нельга, таварыш лейтэнант.

Сержант сур'ёзна глядзеў на афіцэра. Ён не мог бы растлумачыць гэтае «нельга», але ён верыў у яго.

Карповіч памкнуўся сказаць, што ён і сам ведае, што можна і што не. I ён сам пакуль што камандуе ўзводам. Але камандзірскае самалюбства не ўзяло верх над разуменнем таго, што праўда за сержантам.

Карповіч нічога не адказаў. Ён успомніў тую сваю размову ў штабе батальёна, калі не мог зразумець і не зразумеў таго, што з непахіснаю ўпэўненасцю даводзіў яму начальнік штаба.

Не, надалей, каб не чырванець перад камандзірамі аддзяленняў, ён будзе падпарадкавацца толькі статуту і не дапускаць ніякага адхілення, ніякае самадзейнасці! Хопіць. Другі раз яго правучылі.

— Унукава прышляце да мяне, таварыш старшы сержант,— суха загадаў Карповіч і запытаўся: — Больш ніякіх прыемных навін няма?

— Ніяк не, таварыш лейтэнант.

Самхарадзе зачыніў каністру і паставіў да гусеніцы.

— Дзякую за ваду, Самхарадзе. Зрабіце пад'ём, яшчэ раз праверце наяўнасць зброі.

— Ёсць!

Карповіч пайшоў па дарозе, пакідаючы на вільготным ад расы пяску выразныя адбіткі слядоў. У канцы дарогі з сухастоінкі быў зроблены шлагбаум. 3-за куста выйшаў той самы Гасанаў, які перашкаджаў Унукаву спаць, пазнаў камандзіра ўзвода, застыў па стойцы «смірна».

— Што, пад выглядам маскіроўкі дрэмлем пад кустом? — здзекліва запытаўся Карповіч. Ён быў упэўнены, што Гасанаў спаў.

— Ніяк не, таварыш лейтэнант. Скрытна стаю, сам Самхарадзе вучыў!

У голасе салдата чулася крыўда. Карповіч усё ж зазірнуў за куст, каб убачыць пакамечаную траву і пераканацца, што не дарэмна ён падазраваў. Гасанаў не сядзеў.

— Ну глядзіце, Гасанаў,— толькі і сказаў Карповіч.

Нядобра стала на душы. I самае горшае, што не

было тае ўпэўненасці, што ўсё падуладна яму. Тыя падобныя адзін да аднаго салдаты, якімі ён ведаў іх дасюль, аказаліся зусім рознымі людзьмі, і падыходзіць да кожнага з адною меркаю нельга. Але ж не было часу разбірацца і няньчыцца з кожным. Аднаго адпусціў — вінаватым застаўся, другому па-чалавечы паспагадаў — зноў не тое; трэцяга нізавошта пакрыўдзіў... Не, ёсць статут, і там усё прадугледжана.

— Таварыш лейтэнант, радавы Унукаў прыбыў да вас па загаду!

Унукаў стаяў перад Карповічам так, як і належыць акуратнаму, вывучанаму салдату. Але Карповіч ніяк не мог улавіць ягонага позірку.

— Чаму вы ноччу хацелі пакінуць размяшчэнне роты, радавы Унукаў?

— Я нікуды не збіраўся. Вы ж самі дазволілі мне легчы асобна.

— Я вам дазволіў легчы. А чаму вас затрымалі патрулі? Куды вы збіраліся?

— Таварыш лейтэнант, нікуды не збіраўся. Не спалася проста.

Вочы Унукава глядзелі на Карповіча быццам і шчыра, адкрыта, але ў іх нельга было нічога прачытаць. А на твары было абурэнне.

Карповіч засумняваўся: можа, нікуды чалавек і не збіраўся?

— Таварыш лейтэнант, калі чалавек раз памыліўся ў жыцці, то і паверыць яму нельга? Самхарадзе са сваімі каўказскімі замашкамі... Убіў сабе адно ў голаў і не дае мне веры. А калі не верыць, то як жыць і служыць разам?

Карповіч на момант уявіў сябе на месцы гэтага салдата, якому не вераць і які не можа ніяк даказаць, што ён ні ў чым не вінаваты. Як гэта цяжка, калі загадзя, не дапытваючыся праўды, прызнаюць цябе віноўным і не патрабуюць нават апраўданняў.

— Ладна! — неазначальна адказаў Карповіч.

Унукаў павярнуў галаву ўбок, але Карповіч заўважыў, як пераможная ўсмешка варухнула вусны Унукава.

Унукаў таксама заўважыў, што лейтэнант зразумеў усё. Ён не хаваючыся пагардліва ўсміхнуўся.

— Я вас, таварыш салдат...

Карповіч не знаходзіў слоў, каб сказаць усё, што накіпела ў душы.

Што вы? Вы паспрабуйце дакажыце! Што вы дакажаце?

— Кру-гом!!!

На ранішнім пастраенні Карповіч сам прыдзірліва агледзеў выпраўку кожнага салдата, моўчкі выслухаў даклады камандзіраў аддзяленняў, потым загадаў выйсці са строя Унукаву. Той выйшаў вольна. Карповіч вярнуў яго ў строй і загадаў выйсці так, як належыць, па-страявому.

— За спробу зрабіць самавольную адлучку аб'яўляю радавому Унукаву, ад імя камандзіра роты, трое сутак арышту. Стаць у строй!

Гэтым разам Унукаў дакладна выканаў каманду. Спадылба зірнуў на Карповіча. Такога павароту ён не чакаў. Гэта азначала, што цяпер трэба будзе трымаць адказ і перад камандзірам роты, і перад камбатам. I не было гарантыі, што тыя не прыбавяць сутак.