Выбрать главу

***

Афіцэры снедалі на невялікай палянцы. Каласоў сядзеў, выцягнуўшы ногі і прытуліўшыся плячыма да сасны. Калянчук сядзеў, падкурчыўшы ногі па-турэцку, паволі жаваў кашу, нібы смакаваў яе ці думаў нешта. Капітан Раманаў прымасціўся на пяньку. Капітан акуратна, каб меней крышылася, адкусваў хлеб, намазаны маслам, і запіваў чаем з алюмініевага кубка.

Карповіч пажадаў усім прыемнага апетыту, паглядзеў, дзе б сесці.

— Садзіся, садзіся, у пяхоце не гардзяцца — дзе стаяць, там і садзяцца! — пажартаваў Каласоў, падсунуў бліжэй да Карповіча кацялок з кашаю.— Рубай.

— Слухай, Міша, цябе не Аскірка навучыў апошнім да кухні хадзіць? — сур'ёзна, з падазронасцю запытаўся Калянчук, а Каласоў ледзь не закашляўся.

— А што? — насцярожана запытаўся Карповіч, адчуваючы, што тут нейкі жарт за пытаннем.

— А тое,— растлумачыў Калянчук,— што твой папярэднік, уразумеўшы, што апошняму больш дастаецца, узяў быў моду прыходзіць пасля нас...

— Ну? — запытаўся Карповіч.

— Ну а мы ўзялі аднойчы і ўсё з'елі, пару лыжак толькі пакінулі. Ад таго разу пачаў прыходзіць так, як і належыць камандзіру другога ўзвода,— скончыў Калянчук, а Каласоў і Раманаў ззсаляяліся, успомніўшы той выпадак.

— Ладна, Калянчук, я табе дарогу перабягаць не буду, калі ты камандзір трэцяга ўзвода і павінен прыходзіць апошнім. Спадзяюся, ты не пакрыўдзішся, калі мы табе іншы раз не больш, а менш пакінем?

Цяпер засмяяліся ўчатырох.

Каласоў тым часам хлебануў чаю і паморшчыўся — гарачы.

Калянчук, усё гэтак жа паволі смакуючы кашу, за пытаўся:

— Гарачы?

— Гарачы.

— А ты яго з халадком зрабі.

— 3 якім халадком?

— Вунь жабка паскакала. Ты яе ў кубак — і будзе ў чаі халадок...

Каласоў так адхіснуўся ад кубка, бы ў ім угледзеў не жабу, а кракадзіла.

— От табе і пяхота, у якой не гардзяцца! От табе і баявы камандзір! — прысарамаціў яго Калянчук, зусім сур'ёзна, нібыта яму і не хацелася ўсміхнуцца.

Капітан Раманаў устаў. Каласоў тронкам лыжкі памешваў чай — студзіў.

— Што там у цябе з Унукавым? — запытаўся капітан Раманаў у Карповіча.

— Хацеў ноччу ў самаволку. Аб'явіў трое сутак ад вашага імя.

— Ого! Першы раз хай і гэтак будзе. Толькі ў наступны раз рабі так, каб я сам спачатку ведаў, што ты аб'яўляеш ад майго імя.

— А вам, таварыш капітан, пара перастаць цацкацца з гэтым Унукавым. Яго даўно ўжо трэба ў дысбат.

Заслужыў! — Каласоў злосна махнуў рукою, як секануў у паветры.

— Туды ніколі не позна. Будзеш на маім месцы, Каласоў,— можа, і ты паглядзіш па-другому... Пасля снедання зберацеся да мяне,— сказаў капітан Раманаў і пайшоў.

— Дзівак чалавек.— Каласоў устаў, стоячы дапіў чай.— Раманаву з-за гэтага Унукава павышэнне адмянілі, а ён усё выхоўвае абармота. Ды каб маладога хлопца, а то ў дваццаць два рады. 3-за яго так і застанецца вечным ротным.

— А ты перажываеш сам больш за Раманава. Табе на месца ротнага, мабыць, мацней хочацца, чым Раманаву на камбатаўскае,— знарок насмешліва пакпіў Калянчук.

— Перастань са сваімі жартачкамі! На роту мне будзе месца і так.

— А ты думаеш, Раманава хутчэй пусцяць на павышэнне пасля таго, як ягонага салдата адправяць у дысбат? А гэты Унукаў Раманава саромеецца, дабраў ён яго за жывое...

— Цябе, Калянчук, у псіхалогію цягне. От вазьмі яго ў Карповіча і разам з Раманавым выхоўвайце.

Каласоў пайшоў.

Калянчук даеў кашу, піў чай упрыкуску з хлебам і маслам, расказваў Карповічу.

— Два месяцы назад Раманаў павінен быў пайсці камбатам. А Унукаў трапіў у камендатуру. Раманаву за дрэнную работу з людзьмі павышэнне адмянілі. Аднагодкі Раманава ўжо маёрамі ходзяць. А ніводзін з іх не быў камандзірам такое роты, як у Раманава. Усе ведаюць, што Раманаў лепшы ротны камандзір. А вось... 3 такім камандзірам, як Раманаў, можна ўсё жыццё служыць. Шчаслівыя тыя будуць, да каго ён трапіць камбатам. Не еў — не мог, пад'еў — ні рук ні ног!

Калянчук цяжка ўстаў. Толькі цяпер Карповіч заўважыў, што вочы Каленчука глядзяць ласкава, як усміхаюцца.

Чуліся каманды старшынаў рот — сняданак канчаўся.

Зранку пачалі рамантаваць капаніры, капаць побач з імі траншэі, рабіць над імі перакрыцці. I рабіць так, каб не засталося і следу, нідзе жоўценькага пясочку. Перад гэтым Карповіч пастроіў узвод, даў каманду механікам выйсці наперад, загадаў ім выгнаць з капаніраў машыны і самым старанным чынам праверыць рухавікі, падрыхтаваць машыны да доўгага маршу. А што будзе пераход, Карповіч здагадаўся па тым, што не прызначаліся заняткі, як гэта павінна рабіцца, калі супынак надоўга. На дапамогу механікам пайшлі аператары — правяраць свае баявыя адсекі.