Выбрать главу

Сержанты самі кожнаму салдату давалі заданне.

Карповіч хадзіў па дарозе туды-сюды, назіраючы, як ідзе работа, але ягонае ўмяшанне і прыспешванне было не патрэбна.

Пасля снедання салдаты, разварушыўшыся пасля сну, працавалі дружна, з задавальненнем. Сонца паднялося высакавата, прыгравала крыху, хай і познім сваім, але ўсё ж яшчэ цяплом. Ды і ў лесе, у зацішку, было цяплей. Маладыя, да пояса раздзетыя, бліскучыя ад поту целы, вясёлыя жарцікі, смех, быццам і работа не ў работу.

Толькі ля аднаго капаніра здалёку прыкмячалася салдацкая постаць. Салдат не раздзяваўся, час ад часу абапіраўся на тронак рыдлёўкі і адпачываў, потым паволі пачынаў капаць.

Карповіч ведаў гэтага салдата. Другі пасля Унукава адметны чалавек ва ўзводзе, калі можна так сказаць, узводная знакамітасць. Майбах ніколі не бегаў у самаволкі, камандзіраў паважаў і баяўся. Але яму не тое каб выканаць загад, а каб і слова вымавіць, трэба было сама мала паўхвіліны. Высокі, здавалася б, здаровы хлопец з блакітнымі вачыма, ён амаль нічога не ўмеў рабіць сам, а калі і рабіў, то так павольна, што неставала цярпення глядзець на яго. Ды шкода было часам і глядзець на яго, як ён вяртаецца з заняткаў:-ледзьве перасгаўляе ногі, каска з'ехала на адно вуха... Быццам гэтага рослага хлопца да васемнаццаці гадоў насілі на руках, паілі і кармілі адным толькі малаком праз соску...

Першыя дні яму цяжка было ў войску. Гэта цяпер, праз паўгода, пасля таго як з Майбахам кожную раніцу займаліся, трэніраваліся ў спортгарадку кожнага вечара, пасля таго як ён пачаў падцягвацца аж тры разы на турніку (спачатку дык і павісець не мог), бегаць па паўкіламетра і не задыхвацца... Але Майбах застаўся марудам.

I цяпер Майбаха ўшчуваў старшына роты Паддубны:

— Валодзя, людзі, бач, па колькі выкапалі, а ты толькі і накапаў, як прыкрыць каціны грэх!

Салдаты зарагаталі, засмяяўся і сам Майбах.

— Таварыш старшы сержант, я хутчэй не магу... У мяне запаволеная рэакцыя...— растлумачыў ён.

— А хто сёння першы снеданне ўмяў?

— Не-е-е!..

У сталоўцы Майбаху таксама не заўсёды ўдавалася ўспець разам з усімі.

— Ведаеш што, Майбах, ты хоць убок адыдзіся і не замінай людзям. А не — ідзі вунь да Зелянкова, дапамагай яму матор правяраць. Зелянкоў, забірай у дапамогу Майбаха, ён табе глянец навядзе!

Зелянкоў выглянуў з-за паднятага ўгору лабавога шчыта. Зелянкову варта толькі, здаецца, падысці да машыны, дакрануцца да брані — і мазут, неверагодна якім чынам, апынаецца ў яго на твары, на барадзе або пад носам.

— А што ён мне тут рабіць будзе? Валодзя, што ты рабіць будзеш?

— Чаму? Я магу падаць што-небудзь, паднесці...

Зелянкоў шмаргануў носам, цярнуў рукою па шчацэ, пакінуўшы яшчэ адзін чорны пісяг, хітра ўсміхнуўся.

— Давай, калі так. У канцы дарогі стаіць лятучка. Капітана Кокіна ведаеш? Не будзе капітана, сержант Петухоў там ёсць. Ведаеш Петухова? У мяне кліранс згубіўся. Скажы яму, каб даў запасны. I прынясеш. Толькі хутка. А то пакуль ты прыйдзеш, то і калона рушыць.

Задаволены тым, што не трэба больш мучыцца з рыдлёўкаю, Майбах патупаў па дарозе. Ні ягоная маці, ні бацька і не думалі, што будзе іх сын некалі ў войску звычайным салдатам. Спачатку яны вучылі сына іграць на скрыпцы, потым на фартэпіяна, а пасля, калі пераканаліся, што ім гавораць праўду, што не мае іхні сын сапраўднага музычнага слыху, вырашылі — павінен ён стаць ні болей ні меней як матэматыкам. I Майбах зубрыў матэматыку... Матэматыкам ён таксама не стаў, бо і на гэта, аказалася, нейкі свой матэматычны талент патрэбен.

Надышоў час, і Майбаха выклікалі ў ваенкамат. Трапіў ён у мотастралковае падраздзяленне, дзе яму ў першыя дні і неба здалося аўчынкаю. Потым пачаў пакрысе прывыкаць.

Задаволены сваім даручэннем, Майбах у канцы дарогі і сапраўды ўбачыў батальённую «лятучку», у якой нешта майстраваў, сагнуўшыся над варштатам, рослы, з пшанічнымі вусамі сержант.

— Таварыш сержант!

Петухоў паглядзееў на Майбаха і пазнаў:

— Што, Майбах?

Зелянкоў прасіў, каб вы яму новы кліранс далі...

— Што, што? Кліранс?

Петухоў прыкусіў адзін вус, скасавурыў вока:

— А дзе ж Зелянкоў той кліранс дзеў?

— Згубіў, таварыш сержант!

— Ну то на!

Петухоў аднекуль з кутка дастаў вядучую зорку з баявое машыны, лёгка, як гантэлю, падаў яе Майбаху, і той не ўтрымаў, апусціў яе долу.