Выбрать главу

— Я ж не падніму гэты кліранс!

Майбах не чакаў, што кліранс можа аказацца такім цяжэрным.

— Дык бяры і каці па дарозе. Толькі асцярожна, ног не паадбівай!..

I сержант Петухоў даў волю смеху, бо клірансам называецца не што іншае, як дарожны прасвет, або адлегласць ад зямлі да днішча машыны.

Майбах, пасопваючы, выціраючы рукавом пот, каціў па дарозе «кліранс».

Спачатку ён адказваў, калі пыталіся, што коціць, але пасля таго, як чуў рогат, адказваць перастаў, спяшаўся хутчэй прыкаціць «кліранс».

Яшчэ здалёк, гледзячы на Майбаха, Зелянкоў саскочыў з машыны, трымаючыся за жывот, качаўся па зямлі. Сюды, да машыны другога аддзялення, сабраліся і больш цікаўныя, падышоў і Карповіч, спачатку сам не мог стрымацца, смяяўся, а калі ўбачыў узмакрэлую ад поту спіну Майбаха, яго вінаваты няўцямны позірк, яго кволую ўсмешку і навокал вясёлыя, насмешлівыя твары, пашкадаваў салдата:

— Што тут такое? Я пытаюся, што тут такое? Канцэрт самадзейнасці на вучэннях? Ёсць безработныя? — Карповіч адчуваў, што пачынае злавацца.

Смех адразу сціх.

Моўчкі палез да матора Зелянкоў, салдаты ўзяліся за рыдлёўкі, а цікаўныя падаліся ад граху далей і бліжэй да сваіх машын.

— А вы, Прымак, куды гледзіце? Пацеху знайшлі...

Майбах вінавата зірнуў на лейтэнанта, трымаў усё яшчэ «кліранс», які чырванеўся ржавымі плямамі. Потым кінуў зорку на дарогу, узяўся за рыдлёўку і пачаў капаць, здаецца, крыху хутчэй, чым звычайна пры сваёй «запаволенай рэакцыі».

— Што гэта з вамі, Прымак? Вы нейкі, як звараны, і ўчора і сёння,— запытаўся Карповіч у сержанта.

Той зірнуў на афіцэра, не адважваўся сказаць і ўсё ж сказаў:

— Маці маёй сёння аперацыю рабіць будуць.

— Як аперацыю?

— На сёння ёй прызначана аперацыя. Таварыш лейтэнант, схаджу я ў вёску, паспрабую пазваніць! — адчуўшы, што Карповіч спачувае, папрасіў сержант.— Я хутка.

— Не, Прымак. Адзін сёння хацеў ужо схадзіць... Гэта вучэнні. Служба ёсць служба.

Карповіч не глянуў на сержанта, павярнуўся і пайшоў. Чамусьці, зрабіўшы быццам так, як і трэба, праявіўшы патрабавальнасць і суровасць, ён не адчуваў сябе спакойна.

— Калі ў цябе ўсе так капаніры зрабілі, як у першым аддзяленні, то малайцы,— пахваліў Карповіча капітан Раманаў, які стаяў ля машыны першага аддзялення.

— Не зрабілі, дык зробяць,— коратка запэўніў Карповіч.

— Што гэта ты, як асоту пад хвост падціснуў?

— Жартаўнікоў многа развялося...

— А-а! Пра кліранс... Чэрці! Прыдумаць жа!..

— Адным кліранс, другі ў самаволку бяжыць, у трэцяга маці на аперацыі, пусці яго пазваніць... Усё роўна як дапаможа тым званком...

Гаварыў Карповіч пра ўсё, што накіпела ў душы, не толькі каб выгаварыцца, але каб і атрымаць падтрымку словам, бо не адчуваў упэўненасці, нават горш — здавалася, што нешта ён робіць не так, як трэба.

— У Прымака маці сёння на аперацыі? — здагадаўся Раманаў, уважліва паглядзеў на Карповіча.

— У Прымака.

Капітан Раманаў задумёна паківаў галавою, сказаў:

— А ў яе ў вёсцы яшчэ двое малых. Прымак самы старэйшы. Ідзі, Карповіч, правер, каб акуратна была зроблена маскіроўка, і будзь напагатове. Можа быць загад выступаць.

Раманаў паглядзеў яшчэ раз уважліва на Карповіча, завярнуўся і рашуча пайшоў у галаву калоны.

Карповіч абышоў усе капаніры, праверыў, каб нідзе не віднелася свежая зямля, каб усюды была прыцярушана ігліцаю ці апалым сухім лісцем, загадаў камандзірам аддзяленняў яшчэ раз праверыць, ці ў наяўнасці ўся зброя. I недарэмна зрабіў гэта.

Перад абедам у сонечнае неба трывожна ўзвілася чырвоная ракета, а потым і ад камандзірскае машыны праляцела трывожнае і імклівае: «Да машын!»

***

А змярканнем машыны былі далёка ад раёна збораў, адматаўшы нямала кіламетраў і лесам і полем.

За ўвесь дзень быў толькі адзін прыпынак, у бярозавым узлеску, дзе калону чакала паходная кухня з адчыненымі гарачымі катламі. I здалося, шго няма нічога смачней за гэту капусту са скваркамі, за ячную кашу і рэдзенькі кіславаты кісель.

I большае асалоды не магло мець цела, як ад кароткага прызалу на сухім, рана апалым лісці, на густой, а мясцінамі ўжо пакудлачанай траве, пад пяшчотнымі павевамі палявога ветру, які нясе з сабою пах сухое шэрае раллі, іржышча і саломы.

Пад вечар, калі пахілілася сонца да зямлі, калі далёка выцягнуліся цені, калона па дарозе паўз малады, пасаджаны акуратнымі радамі хвойнік спусцілася ў шырокую даліну.

Насустрач дыхнула густою вільгаццю, мокрым пахам травы, алешніку і ракігніку — гэтак, як і заўсёды пахне надвячоркам ад ракі. I аж лягчэй стала дыхаць.