Выбрать главу

За ядлоўцам адкрылася воку вялікая палявая прастора, нязвыкла пустая, адзічэлая, парослая быльнягом і нізенькімі чэзлымі кусцікамі, якія ў лагчынах браліся гусцей.

Гэта той рубеж, дзе павінны былі сустрэцца з «праціўнікам», які падышоў ужо да другога канца поля або падыходзіць яшчэ, каб адразу перайсці ў наступленне.

— Я — кола два! Кола дваццаць два, кола дваццаць тры — да мяне! — перадаў па радыёстанцыі загад Карповіч і саскочыў на зямлю.

Зямля нечакана мякка загайдалася пад нагамі. Карповіч няўпэўнена ступіў некалькі крокаў, нібыта прывыкаў да зямное цвердзі.

— Таварыш лейтэнант, камандзір трэцяга аддзялення малодшы сержант Барзоў прыбыў па вашаму загаду!

Крыху касалапы, камлюкаваты Барзоў у запыленым камбінезоне і з пачарнелым ад пылу тварам быў падобны болей на трактарыста, чым на салдата.

— Таварыш лейтэнант, камандзір другога аддзялення сержант Прымак прыбыў па вашаму загаду.

Прымак пазбягаў сустракацца позіркам з камандзірам узвода.

— Таварышы сержанты, слухайце баявы загад! Пазіцыя першага аддзялення: тры кусцікі ядлоўцу — валун; пазіцыя другога аддзялення: бярозавы ўзлесак — зломанае дрэва; трэцяе аддзяленне — на левым флангу, ад насыпу да выжарыны. Пазіцыі машын: першага аддзялення — за кусцікамі арэшніку, другога і трэцяга — у тыле сваіх аддзяленняў. Аддзяленням заняць пазіцыі! — Аддаўшы загад на абарону, Карповіч прайшоў па пазіцыях, даў палосы вядзення агню, асабіста паказаў сектары абстрэлу з баявых машын, кулямётчыкам і гранатамётчыкам.

Калі было зроблена першае і самае неабходнае пры заняцці абароны, калі салдаты пачалі акопвацца, сержанты склалі каргачкі сістэмы агню кожнага аддзялення, Карповіч вопытным вокам сфатаграфаваў мясцовасць. I, быццам на малюнку, убачыў і размяшчэнне ўзвода, і сістэму агню, і тое, як уладарна над мясцовасцю паднімалася вышыня, занятая ім. Тут нават і здалёку вопытны чалавек зразумее, дзе павінен замацавацца праціўнік і куды нельга будзе і паткнуцца.

Карповіч сеў, прысланіўшыся плячыма да бярозы, дастаў чысты аркуш паперы, хуткімі і дакладнымі штрыхамі намаляваў сістэму абароны ўзвода, паклаў лісцік у сумку, заплюшчыў вочы і слухаў, як натомлена гудзе ўсё цела. I як востра пахне зямлёю, верасам, і раннім апалым лісцем, і вялікім пусгым полем, з якога плыве да лесу густы вецер. I ты нібы раствараешся ў гэтым ветры, пагойдваешся над зямлёю, лёгкі і вечны, плывеш пад бясконцыя кароткія шурпатыя гукі.

Шарх! Шарх! Шарх!

Карповіч страсянуў галавою, насцярожана азірнуўся навокал. Здалося раптам, што цішыня над ягоным узводам разляціцца ўшчэнт ад выбухаў, ад свісту асколкаў. Здалося, што ўбачыў, як з поля роўнымі ланцугамі ідзе «вораг». А на вышыні нельга падняць галаву ад грымотных няспынных выбухаў...

Карповіч пакруціў галавою, азірнуўся навокал. Ён пачуў патрэскванне ламачча пад коламі, гул матора, угледзеў камбатаўскі бронетранспарцёр.

Камбат саскочыў на зямлю, следам за ім камандзір роты.

— Таварыш маёр! Другі ўзвод заняў абарону на вызначаным рубяжы і займаецца інжынернымі работамі. Камандзір узвода лейтэнант Карповіч.

— Вольна, лейтэнант Карповіч. Пакажыце схему абароны.

Маёр працягнуў руку, узяў лісток, уважліва прыгледзеўся, потым зірнуў на адваротны бок. Карповічу толькі сказаў:

— Дату трэба ставіць.— I да капітана Раманава: — Выбраў знарок такую вышыню, каб нікому і не захацелася наступаць на яе?

— Вышыня прыдатная...

— Ага, усё, быццам на муляжы, класічна... Не зусім мне падабаецца гэтая класічнасць.

Камбат паціснуў пальцамі свой востранькі нос, зірнуў на гадзіннік.

— Ладна, Карповіч. Зараз салдатам прывязуць ежу. Пакінь тут намкамузвода, а сам з намі на бэтээр давай,— загадаў камбат, сам пайшоў паперадзе, ступіў на прыступку і лёгка ўскочыў у бронетранспарцёр.

Карповіч заўважыў, што кожны рух камбата імклівы, ён увесь сабраны, як спружына. I гэтая імклівасць і сабранасць міжволі перадавалася тым, хто быў побач з камбатам.

Бронетранспарцёр лёгка каціўся па ўзлеску, скіраваў у лагчыну, выехаў з яе, пераехаў цераз чыгунку і выбраўся зноў у поле, на якім стаяла невысокая двухпавярховая вежа, а далей у полі былі відаць траншэі, акопы.

— Запамінайце, Карповіч, гэтае месца і дарогу сюды.

— Таварыш маёр, я, відаць, сам прывяду ўзвод і буду камандаваць стральбою. Трэніроўкі ж праводзіу я,— звярнуўся да маёра капітан Раманаў. Ён быў стомлены, з пачарнелым, схуднелым тварам, чырвонымі павекамі.

— Не, Раманаў, камандаваць будзе Карповіч. Вы будзеце разам з ім. Абарону ён намаляваў добра. Паглядзім, што з яго за камандзір будзе тут...