Выбрать главу

ступленне атрымаецца ўдалым.

— Як вы мяркуеце знайсці варожую калону?

Вялічка з палёгкаю ўсміхнуўся — гэта ўжо было ўдакладненне дэталяў будучае разведкі.

— Там, дзе павінен будзе прайсці праціўнік, ёсць дзве рэчачкі. I ні на адной з іх няма капітальна збудаваных мастоў. Значыць, будуць рабіць пераправы або ісці ўброд...

— Пераплысці?

— Не, крутыя і гразкія берагі. Брод і то знайсці цяжка. Зручней і лягчэй за ўсё навесці пераправу.

— Таварыш маёр, выдзеліце лейтэнанту Вялічку бронетранспарцёр і ўсё астатняе, што яму патрэбна для правядзення разведкі,— загадаў камбат начальніку штаба, а Вялічку паўтарыў: — Запомніце: за ноч перад наступленнем мне патрэбна схема з дакладным размяшчэннем агнявых кропак!

Камандзір батальёна пакідаў сабе ў запасе час, каб назіраннем можна было праверыць разведдадзеныя.

— Выконвайце, таварыш лейтэнант!

— Есць! — шчасліва адказаў Вялічка. Ён ужо быў упэўнены, што гэтыя вучэнні ён выйграў. Цяпер ніхто не будзе сцвярджаць, што Вялічка толькі кар'ерыст. Наступленне будзе праводзіцца ў абставінах максімальна набліжаных да баявых, атака весціся ўслед за агнявым валам. Будзе прысутнічаць і рабіць разбор сам камандзір дывізіі.

3 лёгкаю душою пайшоў Вялічка рыхтаваць разведгрупу.

Такім чынам, у той час, калі калона, у якой быў і ўзвод Карповіча, фарсіраваным маршам імкнулася да вызначанага рубяжа, каб заняць абарону, бронетранспарцёр Вялічкі снаваў уздоўж рэчак, якія ляжалі на дарозе ў калоны. I разведчыкі заўважылі, дзе рыхтуецца пераправа. Не трэба было ні верталёта, ні далейшых пошукаў. Заставалася толькі чакаць, а потым прасачыць за калонаю.

Калі ўважліва глядзець на карту, то яна можа многа падказаць афіцэру. Толькі пасля таго, як Вялічка ўважліва вывучыў карту, прыйшла яму думка пра разведку. Цяпер, замаскіраваўшыся, ён зноў узяў карту ў рукі.

Вялічка прыглядаўся да ўзгоркаў, да палёў, да вышынь і прыкладна вызначыў, дзе праціўнік павінен заняць абарону.

I Вялічка чакаў. I дзень і ноч назіралі ягоныя разведчыкі, але калоны не было, з'ехалі ад пераправы і сапёры.

Вялічка чакаў. Ён аж халадзеў ад думкі, што, магчыма, калона пайшла другою дарогаю, а тут проста сапёры вучыліся рабіць пераправу. Але мяняць што-небудзь было позна. Заставалася толькі чакаць.

Калона паказалася адвячоркам, чаго Вялічка не чакаў. Падыходзіць да рубяжа, дзе павінна быць занята абарона, удзень вельмі ж небяспечна.

3 засады, з узгорачка, Вялічка назіраў, як пераправілася калона, як потым рассыпалася на ротныя, на ўзводныя калоны, рухаючыся да прыкмечаных ім вышынь.

У засадзе Вялічка праседзеў да цемнаты. Калі змерклася, перабраўся ў лес, бліжэй да «непрыяцеля», аднак весці разведку не спяшаўся. Чакаў, калі абарона будзе падрыхтавана хаця б збольшага, каб ведаць, як размешчаны агнявыя сродкі.

Уначы бронетранспарцёр рушыў бліжэй да траншэй.

Абарона была падрыхтавана на прыкмечанай па карце Вялічкам вельмі ж выгаднай вышыні, якую, здаецца, і грэх было абмінуць. I наконт гэтае вышыні ў Вялічкі праклюнулася свая думка: ніводзін камандзір, заняўшы абарону на такой вышыні, не мяркуе, што на гэтым небяспечным і нявыгадным для наступаючых напрамку можа рыхтавацца прарыў. I таму наўрад ці будзе па-сапраўднаму падрыхтоўваць абарону ў гэтым месцы і большыя сілы сканцэнтруе не тут, а на напрамках, найбольш прыдатных для прарыву.

Вялічка сам ціхенька краўся з разведчыкамі, каб потым у бронетранспарцёры нанесці на карту і на схему падрабязнае размяшчэнне агнявых кропак.

Пяхота, наездзіўшыся і накапаўшыся, спала.

Нячутна перабягалі ад куста да куста разведчыкі.

Вялічка збіраўся ўжо два разы крыкнуць тым самым незямным, слабым голасам начное птушкі—падаць каманду разведчыкам вяртацца да бронетранспарцёра,— як з-за куста, які ён прамінуў, пачуўся ціхі, але ўладарны голас:

— Стой! Хто ідзе?

Глуха кляцнула затворная рама аўтамата.

Вялічка застыў — долі секунды былі на тое, каб знайсці выйсце, каб не прапала прыдуманая ім і амаль закончаная аперацыя. Калі іх тут заўважаць — усё прапала!

— Чаму спіцё на пасту? — камандзірскім патрабавальным голасам запытаўся Вялічка і ступіў да салдата.

Але той не разгубіўся, гучней запатрабаваў:

— Стой! Хто такі?

У гэты ж час нешта глуха шамнула, упаў на зямлю аўтамат вартавога. Вялічка кінуўся на дапамогу. Ягоны разведчык, лежачы на зямлі, адною рукою трымаў рукі вартавога, а другою закрываў пілоткаю рот — каб не крыкнуў.