Выбрать главу

— Спакойна! — загадаў Вялічка, звязваючы рукі вартавому і прывязаўшы, каб не выплюнуў кляп.

— Ляжы ціха, а інакш занясём у поле і аўтамат забяром. Праляжыш да раніцы і праславішся на ўсю часць,— папярэдзіў Вялічка.Салдат перастаў выкручвацца, відаць, зразумеў, што адбылося.

Вялічка пастаяў, прыслухаўся. Ціха.

— Таварыш лейтэнант, гэта Рустамаў з другога ўзвода,— прашаптаў салдат, які пазнаў вартавога.

Як спакусліва было забраць варгавога на бронетранспарцёр, прывезці «языка»! Прагрымеў бы Карповіч на ўсю дывізію — гэта той, у якога вартавога ўкралі.

Але зрабіць так Вялічка не мог. I таму ён нагнуўся, нібыта паправіць вузел на вяроуцы, якою звязалі рукі вартавому, і расшмаргнуу яго.

Рустамаў чуў, лежачы, як аддаляліся крокі, як піскнула два разы начная птушка. Праз некаторы час завуркатаў магор, трэснула пад коламі галінка-другая, і ноч праглынула ўсе гукі.

Рустамаў аж застагнаў ад бяссілля і злосці. Значыць, гэта не свой, а чужы матор чуў ён! Цяпер давядзецца ляжаць звязаным да таго часу, пакуль не прыйдзе змена. Ляжаць салдату другога года службы! Ён не думаў і не гадаў, што дажыве калі-небудзь да такога сораму.

Са злосцю Рустамаў напружыўся, сілячыся вызваліцца, хоць і разумеў, што гэта немагчыма, бо не стане сілы парваць вяроўку. Але нечакана рукам стала вальней.

Рустамаў аж упацеў, тузаючы рукамі, пакуль не вызваліў іх. Потым развязаў вяроўку, выплюнуў кляп, штыкнажом разрэзаў вяроўку на нагах, прыслухаўся.

Цішыня. Мірная восеньская ноч.

Рустамаў вобмацкам знайшоў кляп, вяроўкі, скамячыў усё і сунуў пад куст.

А тым часам далёка ад гэтага месца з уключанымі фарамі пераможна імчаў па лесавой дарозе бронетранспарцёр, і разведчыкі смяяліся разам з лейтэнантам, успамінаючы, як лоўка «знялі» вартавога.

РАЗДЗЕЛ 10

— Таварыш лейтэнант, таварыш лейтэнант!

Карповіч прахапіўся.

— Што такое?

— Ротны выклікае, таварыш лейтэнант!

Дзяжурны сувязіст падаў Карповічу трубку.

— Слухаю,— хрыпла сказаў Карповіч і адкашляўся.

— Карповіч, вазьмі карту і нанось маршрут. Праз па/гадзіны быць там, куды мы цябе з камбатам вазілі. Машыны выводзь у лагчыну ціхенька, без святла. Дэсант забраць з сабою да аднаго чалавека. Ты чуеш мяне?

— Так точна.

Карпозіч слухаў загад і нічога не разумеў.

— Людзі стомленыя,— сказаў ён у трубку.

— Карповіч, выконвайце загад! Вы там яшчэ не прачнуліся, ці што? — жорстка запытаўся Раманаў.

I гэтае пытанне канчаткова вярнула Карповіча да рэальнасці. Ён загадаў пасыльному:

— Сержантаў і Зелянкова — да мяне!

Калі з'явіліся сержанты, Карповіч адышоў ад сну, і магло здацца, што ён і не спаў. Ён паглядзеў на млявых пасля сну камандзіраў і запытаўся:

— Вам што, марш-рывок зрабіць, каб папрачыналіся? Малодшы сержанг Зелянкоў, праз пяць хвілін машыны без святла і без лішняга шуму павінны быць у лагчыне, стаяць калонаю. Гараць толькі габарытныя агні. Выконвайце!

— Ёсць!

— Таварышы сержанты, праз восем хвілін пасадка

на машыны. Праверыць, ці ўсе людзі, зброя. Выконвайце!

Карповіч пайшоў да машын і там чакаў, пакуль прыйдзе дэсант.Пасля таго, як кожнае аддзяленне пастроілася ля свае машыны і камандзіры далажылі пра наяўнасць людзей і зброі, Карповіч даў каманду: «Да машын!»

Па ўзлеску Карповіч правёў калону ціха, без святла, а калі ўехалі ў лес, дазволіў уключыць святло і павысіць хуткасць.

Было штось рамантычнае ў гэтым неспадзяваным маршы невядома куды і навошта. А можа, стаў бадзёрым настрой пасля кароткага адпачынку, які зняў стомленасць?

Пакуль імчаліся машыны, у дэсантным аддзяленні пагойдваўся і драмаў радавы Рустамаў, які так і не дастояў на варце, быў зняты камандзірам аддзялення і пастаўлены ў строй. Цяпер ён некуды едзе на радасць самому — зрабіўся не патрэбны нікому той ягоны пост, не мела ніякага сэнсу дакладваць пра тое, што здарылася. Так думаў, сонна пагойдваючыся, радавы Рустамаў, хіліла яго на сон, але ўсё ж неспакойна было на душы...

Карповіч добра памятаў дарогу, па якой правезлі яго ўдзень, пазіраў на гадзіннік і не запавольваў ходу калоны — часу ў запасе заставалася не так і многа.

Калі машыны пад'язджалі да ўзлеску, яркае чырвонае вочка ліхтарыка загадала спыніцца.

Машыны асцярожна пад'ехалі да чалавека, які падаў сігнал спыніцца. Карповіч пазнаў камандзіра роты і збоч дарогі ўбачыў ягоную камандзірскую машыну.

Як толькі Карповіч падышоў і далажыў, Раманаў зірнуў на гадзіннік, цыферблат якога свяціўся, энергічна падаў руку. Камандзір роты быў рухавы і быстры, нібы адпачываў добрыя суткі. Карповіч ведаў, што ротнаму на адпачынак выпала мала часу, меней, чым яму самому. I хоць Карповіч адчуваў сябе крыху і бадзёра, але ўсё цела балела. Таму ён паволі падаў руку камандзіру роты, але стрымаўся і не запытаўся, навошта гэты начны марш.