Выбрать главу

Капітан Раманаў як і не заўважаў марудлівасці камандзіра ўзвода.

— Сержантаў да мяне, Карповіч!

Калі камандзіры аддзяленняў падбеглі і сталі ў адну шарэнгу побач з Карповічам, камандзір роты паведаміў:

— Сёння мы будзем страляць ноччу ўзводам у абароне. Кіраваць стральбою буду я сам, дапамагаць мне — лейтэнант Карповіч. Камандзіры аддзяленняў, вядома, камандуюць на сваіх месцах. Прашу ўлічыць, што стральба залічваецца пры ацэнцы вучэнняў. Мы пасля маршу занялі абарону і тае ж ночы вымушаны былі адбівацца ад праціўніка. Цяпер канкрэтна, што датычыць стральбы. Машыны завярнуць упоперак дарогі, уключыць фары. Камандзірам аддзяленняў атрымаць боепрыпасы і пры святле фараў прасачыць за напаўненнем магазінаў і стужак. Гранатамётчыкам пакласці выстралы ў сумкі і падрыхтаваць іх да стральбы непасрэдна на агнявым рубяжы. Запалы да гранат таксама выдаць на агнявым. На машынах да выхаду на агнявую пазіцыю стужкі ў прыёмнік не ўстаўляць. Парадак выхаду на агнявы рубеж наступны: разам са мною ідуць машыны, потым падыходзіць дэсант з лейтэнантам Карповічам, займае абарону і вядзе назіранне за ворагам у гатоўнасці адбіць атаку. Выконвайце!

Калі машыны завярнуліся папярок дарогі і святло фараў лягло на роўны, пасаджаны радамі пры дарозе сасоннік, Карповіч заўважыў, што побач з камандзірскаю машынаю стаіць крыты брызентам «газік».

Паддубны, у камбінезоне і ў танкашлеме, выдаваў на кожнае аддзяленне загадзя падрыхтаваныя боепрыпасы.

Пры святле фараў салдаты рассцілалі на зямлі плашч-палаткі і набівалі патронамі магазіны. У цішыні чулася сухое кароткае папстрыкванне патронаў. Салдаты рабілі работу хутка, перакідаючыся жарцікамі.

Карповіч разумеў іх. Ён і сам быў у прадчуванні нечага незвычайнага і адказнага.

Капітан Раманаў стаяў ля машыны і назіраў за салдатамі.

Карповіч не здагадаўся, чаго капітан пазірае на гадзіннік — часу заставалася даволі. Толькі пасля таго, як да капітана падышоў з дакладам Самхарадзе і капітан сказаў «Малайцы!», Карповіч здагадаўся, што і тут усё было разлічана на хвіліны,— колькі часу патрэбна аддзяленню і ўсяму ўзводу, каб падрыхтавацца да стральбы.

— Карповіч, пастройце ўзвод ля дарогі. Паведзяце яго за намі. Экіпажы — да машын! — нечакана молада і весела загадаў капітан Раманаў.

Карповіч пастроіў узвод, глядзеў, як рушылі ягоныя машыны ўслед за камандзірскаю.

— Узвод, напра-ва! Шагам марш! — загадаў Карповіч, і невялікая ўзводная калона рушыла ўслед за машынамі.

Як выйшлі з лесу, здалося, што ноч пасвятлела.

I неба было не такое і чорнае, а нейкае глыбока-сіняе, густое. У полі ўгадваліся абрысы вежы, тае самае, якую паказвалі Карповічу ўдзень камбат з ротным. Машыны, мабыць, занялі пазіцыі, бо цішыня была такая, што, здавалася, калі скажаш хоць слова, голас твой пачуюць на другім баку зямлі, бо менавіта там, на другім баку, і канчаецца гэтае поле...

Ходка ішоў узвод.

Карповіч узіраўся ў поле і ў цемені хоць і невыразна, але заўважаў накапаныя брустверы акопаў і траншэй. Калі падышлі бліжэй, сталі бачныя і габарытныя агеньчыкі машын.

Карповіч скамандаваў заняць пазіцыі і, стоячы, назіраў, як рассыпаліся аддзяленні, займаючы свае месцы.

I зноў стала ціха, спакойна ляжала цеплаватае і не астылае яшчэ поле, быццам цешылася, песцілася апошняю пяшчотаю перад глухімі і бясконцымі восеньскімі дажджамі.

Над полем суха, бы ў холад ці ў мароз, свяціліся далёкія зоркі, і здавалася, што гэта ад іхняга святла не такая глухая і чорная ноч.

Карповіч прайшоў па траншэі ад аддзялення да аддзялення, нагінаючыся, каб не было відаць галавы над брустверам. Ён заўважыў, што гэтак ходзяць і салдагы, хоць кожны ведаў, што з поля не прыляціць ніводная куля, што не будзе адтуль стрэлаў. Але хадзілі нагнуўшыся, нібы з крывёю бацькоўскаю перадалася ім гэтая звычка.

Салдатам раздалі запалы, ля гранатамётчыкаў ляжалі гатовыя выстралы.

Карповіч перабег да акопчыка за траншэяй, дзе сядзеў капітан Раманаў, і далажыў, што ўзвод да стральбы гатовы.

Камандны акопчык прасторны, нават з лавачкаю, зробленаю са старое снараднае скрынкі. На лавачцы стаяў палявы тэлефон.

Капітан Раманаў пакруціў за ручку, узяў трубку, счакаўшы, калі на другім канцы провада паднялі яе, сказаў: