— Вераб'ёў, у мяне гатова. Чакаю.
Потым спытаўся ў радыста:
— Сувязь з машынамі нармальная? Што ж, будзем чакаць,— сказаў Раманаў, нібы растлумачыў Карповічу, што трэба рабіць.
Цішыня панавала ў полі, і здавалася, што нічога нельга тут дачакацца... I ўсё ж трывога жыла ў сэрцы ад думкі, што нешта жывое і невядомае, нават, можа, і небяспечнае, прытаілася ў полі і падкрадваецца, падкрадваецца...
Карповіч прыслухаўся, намагаючыся першым пачуць самы нязначны гук з поля. Але нічога не было чуваць, толькі горача пастуквала ў скронях кроў.
Капітан Раманаў, здавалася, драмаў.
I ўсё ж не Карповіч, а Раманаў першы пачуў пачатак. Карповіч толькі тады насцярожыўся, калі Раманаў падхапіўся, надзеў на галаву каску, другую падаў Карповічу і ўключыў узводную рацыю.
Карповіч яшчэ не зусім разабраўся, што да чаго, як побач шуганула ўгору ракета.
Пры яе нечакана яркім і мігатлівым святле, як на невялікай круглай сцэне, зрабілася відаць усю абарону і абрысы танкаў, якія імкліва набліжаліся з цемры да акопаў. Ужо з траншэй ірвануліся ўгору дзве ракеты, пачуліся глухія галасы каманд. Капітан Раманаў гучна, што, здавалася, пачулі яго каманду і ў акопах, загадаў па рацыі камандзірам аддзяленняў:
— Гранатамётчыкам знішчыць танкі!
Толькі цяпер Карповіч заўважыў, як выглядвалі з-за бруствераў насустрач танкам драпежныя вострыя насы гранат.
Танкі імчаліся да траншэй. Адна за адною ўзляталі ракеты і асвятлялі поле.
Клубком успыхнуў агонь у адным акопе, асвятлілася постаць салдата.
Першая вогненная камета пранізала танк, яго нестала, толькі рассыпаліся на тым месцы чырвоныя іскры. Адзін за адным ударылі яшчэ два гранатамётныя стрэлы — і зноў выбухнулі два гарачыя кусты іскраў на тым месцы, дзе толькі што ішлі танкі.
Ледзь толькі ўспелі гранатамётчыкі расстраляць танкі, як за імі замільгалі ў полі роўныя густыя агеньчыкі стрэлаў. Загучалі каманды ў акопах. Капітан Раманаў нешта загадаў радысту, і амаль адразу ж гулка, як у бубен, ударылі кулямёты з машын.
Поле засвяцілася не толькі ад ракет, але і ад трасірных куль, якія загулялі над ім, быццам нехта снаваў дзівосны ўток з неонавых струменяў. I гэтыя струмені лопаліся, узляталі ўгору, нядоўга гарэлі ў небе лятучымі зоркамі.
«Бу-бу-бу-бу»,— няспынна, як цецерукі, такавалі кулямёты на баявых машынах. Яны не скончылі такавання, калі ў страляніну ўвязаліся кароткія злосныя чэргі з аўтаматаў. Чуліся каманды сержантаў у акопах, нешта загадваў і падказваў па радыёстанцыі капітан Раманаў, і Карповіч спачатку не здагадваўся, уражаны нечаканым відовішчам, што ўся гэтая баталія паслухмяна капітану Раманаву. Абарона дакладна і хутка выконвала ягоныя каманды. Для Раманава ўсё дзеялася ў полі па парадку, не было неразбярыхі, як гэта спачатку здалося Карповічу.
Агеньчыкаў, якія спачатку ўспыхвалі здаля, стала безліч, яны мігатліва набліжаліся да траншэй.
I амаль адразу ж, пасля каманды капітана Раманава, пасля тых каманд, якія падавалі сержанты ў акопах, насустрач агеньчыкам запульсавалі чэргі, поле напоўнілася несупынным стракатаннем аўтаматычнае зброі, нібы шылі на велізарных швейных машынах. I агеньчыкаў рабілася ўсё менш і менш, але яны прарываліся праз вогненную заслону і ўжо нішто не магло спыніць іхні рух.
— Падрыхтаваць гранаты! Гранатамі — агонь! — крыкнуў у радыёстанцыю Раманаў. Па акопах пракацілася таксама:
— Падрыхтаваць гранаты! Гранатамі — агонь!
I тыя агеньчыкі, якія амаль зусім «дабеглі» да траншэяў, закрыла сцяна гранатных выбухаў. Тонка, жаласліва заспявалі ў паветры асколкі.
Адзін з іх зверху лёгенька паласнуў па касцы Карповіча, нібыта хацеў пагладзіць яе.
Зрабілася ціха.
Карповіч асцярожна выглянуў з акопа.
Пасля ўсяго грому, які, здавалася, ушчэнт расшкуматау ноч і цішыню, зрабілася зноў ціха і да чорнага цёмна пасля святла ракет. Толькі тлелі ў полі там-сям чырвоныя агеньчыкі, удушліва, востра пахла парахавым дымам пасля выбухаў.
Гудзела ў вушах.
Карповіч адчуў, што ўпацеў і стаміўся, хоць сам і не камандаваў. Здавалася, што ўсяе гэтае страляніны было толькі некалькі хвілін.
Капітан Раманаў выключыў радыёстанцыю, скінуў каску, дастаў цыгарэту, прыкурыў толькі ад другое запалкі, запытаўся ў Карповіча:
— Ну як? Ты ж назіраў. Стралялі быццам добра.— I зірнуў на фасфарычны цыферблат гадзінніка.
— Чармальна.
Потым нахіліўся да радыёстанцыі, даў камандзірам аддзяленняў загад разрадзіць зброю і чакаць далейшых каманд.
Пакрысе вочы прывыклі да цемнаты.
Карповіч толькі цяпер заўважыў, што над, здавалася, бязлюднаю вежаю свяціўся чырвоны ліхтар.