Выбрать главу

Капітан Раманаў перахапіў ягоны позірк, узяў тэлефонную трубку, далажыў:

— Вераб'ёў! Я скончыў. Не, у мяне яшчэ адзін

узвод астаўся.

Потым капітан Раманаў паслухаў, што яму гаварыў невядомы Карповічу Вераб'ёў.

— Кіраўнік гаворыць, што пападанне ў мішэні добрае. Калі не выдатна, то чацвёрка гарантавана. Яшчэ Каленчукоў узвод застаўся. Ты правер перад пасадкаю, ці зброя разраджана. Астаткі боепрыпасаў здайце старшыне. Пазіцыю займайце скрытна, акопы дарабіце і будзьце гатовымі да бою...

— Таварыш капітан, людзі амаль што другую ноч не адпачывалі.

Карповіч не мог і падумаць, што пасля стральбы не будзе людзям адпачынку.Капітан Раманаў як і не пачуў Карповічавых слоў.

— Вынікі стральбы аб'яўлю заўтра і адзначым лепшых. Я сёння буду яшчэ ў вас. I барані вас бог, каб пабачыў сонны лагер замест падрыхтаванае па ўсіх правілах абароны!

Капітан Раманаў завярнуўся і пайшоў да свае машыны. Было відаць, як яна памчалася па полі да лесу — сустракаць узвод Каленчука.

— Узвод — да мяне!

Карповіч стаяў збоч строю, чакаў, пакуль сержанты правяралі, ці разраджана зброя. Ён адчуваў сябе вінаватым перад людзьмі, што пасля стральбы не можа дазволіць ім адпачыць. Ён быў упэўнены, што не было ніякае патрэбы рабіць стральбу адразу пасля маршу, у адну ноч з падрыхтоўкаю абароны...

Карповіч ужо быў гатовы даць каманду садзіцца ў машыны, як хтосьці з салдатаў запытаўся:

— А як стральба прайшла, таварыш лейтэнант?

— Сама мала — на чацвёрку, а можа быць, і выдатна.

— Здорава!

— А Бабаеў як па танках біў! Два танкі!

— Танкі ўсе падбіты.

— Дзе ўсе? Адзін не.

— Як гэта не? Усе!

— Трэба ж палічыць яшчэ, колькі кулямётаў знішчана, раставых, грудных мішэняў...

Карповіч разгубіўся: гэтак нечакана і шчыра-радасна загаварылі пра стральбу салдаты, і ніводзін не ўспомніў пра адпачынак. Ім галоўнае было, як кожны страляў...

Карповіч не перапыняў салдатаў, слухаў іхнюю гаворку, спрэчкі. Падумаў: добра, што не ўспеў суха і злосна аддаць каманду на пасадку ў машыны.

Усё. Хопіць мітынгаваць! Усе снайперы! — знарок бадзёра і весела загадаў ён.Калі калона кранулася, Карповіч чуў, што дэсант не сядзеў спакойна — салдаты ўсё яшчэ абмяркоўвалі начную стральбу, спрачаліся, хто што знішчыў...

Калі машыны падышлі да вышыні, Карповіч спешыў дэсант, без агнёў вывеў машыны да акопаў, паставіў салдатам задачу — удасканальваць абарону.

— Яшчэ раз папярэджваю! Асабіста буду правяраць, што зроблена. Таварышы сержанты, самы строгі кантроль за работаю!

Карповіч злавіў сябе на тым, што загад аддае так, быццам сам перакананы, што свет закруціцца ў іншы бок, калі загаданае не будзе выканана.

Ціхенька сталі на сваё месца машыны, рассыпалася па траншэях пяхота, зноў зашоргалі рыдлёўкі, выкідаючы пясок, які аплываў на дно траншэй.

Карповіч сядзеў ля тэлефаніста, які лежачы не то драмаў, не то прыслухоўваўся да тэлефона. Сну не было. Той кароткі сон, аказалася, задаволіў патрэбу ў ім, хоць раней здавалася: каб выспацца, мала будзе і сутак.

— Таварыш лейтэнант!

Прымак падышоў да камандзіра ўзвода.

— Што такое?

— Таварыш лейтэнант, мне Рустамаў далажыў, што перад выездам на стральбу тут нейкі бэтээр ездзіў. Калі Рустамаў запытаўся, хто такія, яго звязалі!..

— Нічога сабе стараслужачы! Чаму мне адразу не далажылі?

— Мы ж на стральбу адразу паехалі. Рустамаў думаў, што больш не вернемся сюды.

— Думаў!.. Менш трэба думаць, а выконваць патрабаванні статуту!

Карповіч не заўважаў, што паўтарае амаль тое ж, што яму некалі гаварыў начальнік штаба і што ён не мог прыняць душою.

— Не хапіла толькі, каб звезлі яго за языка! Сорам! У абароне вартавога ўкралі!

— Што рабіць, таварыш лейтэнант?

— Ідзіце і прасачыце, каб акопы былі выкапаны як след!

— Тут нешта не так, таварыш лейтэнант...

— Ідзіце, таварыш сержант!

Карповіч уявіў, як будзе дакладваць капітану Раманаву пра здарэнне. Той толькі нядаўна папярэджваў, каб замест абароны не было соннага лагеру.

Прымак, які затрымаўся на некалькі секунд, суха сказаў: «Ёсць!» — і пайшоў.

Урэшце, Карповіч сам можа разабрацца са сваім узводам. Карповіч, мабыць, прыдрамаў крыху, седзячы ля сувязіста, бо калі прахапіўся, пасвятлела ноч. Амаль незаўважным святлом пазначылася неба на ўсходзе. Карповіч з палёгкаю ўздыхнуў — павінен жа быць нарэшце канец і гэтай бяссоннай ночы.

Дзе-нідзе шоргалі яшчэ рыдлёўкі, некаторыя ж салдаты спалі ўжо, закончыўшы работу.