Камандзір роты яшчэ не прыязджаў.
Карповіч зноў прайшоў уздоўж траншэй, глыбокіх, выкапаных у поўны профіль, з акуратна замаскіраванымі брустверамі. Нават не верылася, што людзі маглі за ноч гэтулькі перавярнуць зямлі!
Майбах таксама выкапаў сабе акоп, спаў пры ім пад кусцікам, скруціўшыся клубочкам, каб было цяплей.
У акопе кулямётчыка Свірыдава сядзеў худзенькі і маленькі ўралец Кастрамін. Абодва нахіліліся над шахматамі — і не заўважылі, калі падышоў камандзір. Магло быць, што канчалі яны партыю, пачатую яшчэ ў казарме, перад трывогаю.
Крыху далей ад траншэі чуўся вясёлы смех і галасы.
Калі Карповіч падышоў бліжэй, здзівіўся: амаль дзве трэці ягоных салдатаў не спала. Ля хвойкі, патурэцку падкурчыўшы ногі, сядзеў чарнявы, круглатвары салдат са смешным прозвішчам Коньчык і чакаў, пакуль аціхне смех, каб расказаць чарговую небыліцу з серыі тых «быляў», якіх ён ведаў процьму, а хутчэй за ўсё выдумляў сам.
Коньчык заўважыў Карповіча і пажартаваў:
— Ну а зараз у акопы, а то перападзе нам — на наш смех начальства з двух бакоў збіраецца!
Карповіч і сам пачуў матор бронетранспарцёра і пайшоў насустрач яму.
Камандзір батальёна прывітаўся з Карповічам за руку, паведаміў, што ўзвод адстраляўся на «выдатна».
Карповіч адказаў, што ў гэтым не яго заслуга, што ўзвод да стральбы рыхтаваў капітан Раманаў.
— А ты радуйся за тых, хто страляў. Аднаасобнік знайшоўся. Паказвай абарону. Я пагляджу, што ты тут заслужыў,— не то пажартаваў, не то папярэдзіў камбат.
Карповіч з Раманавым ішлі следам.
— Парадак у цябе тут,— скупа пахваліў Карповіча Раманаў.— Нядрэнныя ў цябе салдаты.
— Талковыя,— згадзіўся Карповіч. Пахвала Раманава прыдала крыху ўпэўненасці ў самім сабе і гаварлівасці.— Толькі ўсё гладка не сходзіцца. Сёння аднаго стараслужачага звязалі на пасту.
— Як звязалі?
— Бэтээр тут нейкі круціўся. Мабыць, разведчыкі.
— Каго звязалі?
— Рустамава.
— Зараз жа сюды Рустамава! Калі гэта было?
— Перад выездам на стральбу.
— Чаму мне не далажылі? Ладна, за гэта я ў вас яшчэ спытаюся! Рустамава сюды!
Капітан Раманаў так хутка задаваў пытанні, так устрывожыўся, што Карповіч адчуў сваю віну.
— Я не думаў, таварыш капітан...
— Цяпер позна думаць. Часу мала засталося.
Камандзір роты дагнаў камбата, і пакуль Карповіч, знарок не спяшаючыся, падышоў да камандзіраў, камбат гаварыў злосна, а капітан Раманаў толькі паўтараў кароткія: «Не, таварыш маёр!». «Так точна». «Вінаваты».
Потым абодва нахіліліся над картаю, капітан Раманаў пачаў нешта тлумачыць камбату. Той потым нешта загадаў камандзіру роты, а сам, на хаду зашпільваючы сумку і не звяртаючы ўвагі на Карповіча, пашыбаваў да бронетранспарцёра.
— Ідзіце сюды, таварыш лейтэнант!
Капітан Раманаў быў стрыманы і карэктны, быццам Карповіч ва ўсёй гэтай гісторыі быў ні пры чым.
— Зараз пакідаеце на пазіцыі ўзвода чалавек трохчатырох змысных салдат. Яны павінны паказвацца ў розных месцах, быццам у траншэях цэлы ўзвод. Сам узвод і машыны пераводзіце за лагчыну, на той парослы кусцікамі ўзгорачак,— капітан паказаў улева ад пазіцыі.
— Я ж гаварыў: на чорта было капаць тут!
— Я добра памятаю, што вы мне гаварылі! На вашым месцы цяпер лепш маўчаць. Я пакуль што не пытаюся, чаму мне не дакладзена, што ваша сістэма абароны разведана праціўнікам, з-за чаго пастаўлена пад удар выкананне баявое задачы батальёнам!
Раманаў паглядзеў на Карповіча строгім і халодным позіркам.
— Каб выратаваць сябе і батальён, лепш пастарайЦеся дакладна выканаць тое, што я вам загадаю. Паўтараю: пакуль не развіднела — заняць вышыню злева, замаскіравацца. Самае галоўнае цяпер — успець замаскіравацца. На выпадак удачы: агонь пачынаць, калі наступаючыя падставяць вам фланг. Я дам сігнал на адкрыццё агню.
— Ёсць, таварыш капітан!
— Выконвайце. Разбірацца будзем пасля.
Толькі калі капітан адышоўся, Карповіч падумаў: а што 6 было, каб зусім нічога не далажыў пра здарэнне з Рустамавым? Ён яшчэ не разумеў, што здарылася, але адчуваў — нешта сур'ёзнае. Але ж факт і тое, што Карповіч сказаў праўду — марна салдаты гэтулькі зямлі перакапалі.
РАЗДЗЕЛ 11
Машыны нячутна адышлі да лесу, па ўзлеску паспрабавалі зайсці на вышыню, але за ёю, аказалася, цёк невялічкі крынічны ручаёк. На карце на яго і ўвагі не звернеш. А на самай справе крыніцы так размылі і забалоцілі лагчыну, што з машынамі не паткнешся.
3-за гэтага давялося машыны выводзіць на вышыню па полі, спадзеючыся толькі на тое, што непрыяцель не заўважыць гэтага. Цяпер, калі пачалася перадыслакацыя, павольны ранішні досвітак здаўся вельмі кароткім і імклівым.