Выбрать главу

Ды і кусцікі на вышыні, якія здаваліся здалёку густымі і высокімі, былі рэдзенькія і маленькія. У іх з горам папалам магла прытаіцца пяхота, а машыны схаваць было немагчыма.

Карповіч успомніў той позірк капітана Раманава на яго і падумаў, што не выканаць загад нельга.

Карповіч з сумам паглядзеў на сваю першую вышыню, дзе столькі ўкладзена работы, дзе цяпер нічога нельга заўважыць і самому.

Ён прыняў адзінае на яго погляд правільнае рашэнне: пяхоце загадаў замаскіравацца, катэгарычна забараніў уставаць і перапаўзаць з месца на месца.

Машыны загадаў адвесці на другі схіл вышыні, замаскіраваць галінкамі і не рухацца без ягонае каманды. Але з-за гэтага ўзвод пазбаўляўся магутнае агнявое падтрымкі, якую маглі даць машыны.

Мабыць, недзе пераваліўся з-за небакраю, слізгануў па зямлі першы сонечны прамень. У лагчыне ля самае зямлі, быццам вадкасць, заварушыўся туман. I ў полі над кусцікамі мясцінамі слаба паплылі кволыя пасмачкі — нібы пара над зваранаю бульбаю. Прыкметны гэтыя пасмачкі былі, калі глядзець на іх, лежачы на зямлі. Усё роўна як ціхенькім, незаўважным агеньчыкам выгарала і слабенька дымілася высахлая восеньская трава.

Карповіч з ног да галавы вымак ад расы, пакуль сам праверыў, як замаскіраваўся ўзвод.

Ягоны камандны пункт размяшчаўся за ланцугом, бліжэй да вяршыні ўзгорка, каб бачыць сваю абарону і назіраць у поле, адкуль павінен паказацца «непрыяцель».

Карповіч стаміўся. Хацелася прытуліцца тварам да вільготнае травы. Карповіч не вытрымаў, ашмаргнуў з маладога бярозавага атожылка жменю тоненькіх галінак і мокрым лісцем выцер твар.

Цёплаю і мяккаю здавалася натомленаму целу сухая і жорсткая зямля. I як многа выпетралае травы, хоць, здалёку гледзячы, здаецца, што трава ўся зялёная, стракатая ад кветак. I кветак нямнога, але яны, ярка-жоўтыя, ружовыя, здалёк кідаюцца ў вочы, і таму здаецца, што так пышна цвіце яшчэ зямля.

Апошнія яркія колеры...

— Таварыш лейтэнант, ротны...

Сувязіст падаў трубку.

— Я кола-два! Прыём.

— Ніякіх акопаў і ніякага капання! — загадаў капітан Раманаў. Ён крычаў у трубку, і таму здавалася, што ён пад'ехаў бліжэй да размяшчэння ўзвода. Слухаючы ягоныя забароны і пра тую кару, якая спасцігне, калі ён не выканае загад, Карповіч прыўзняўся на локці, агледзеў абарону. Узвод замаскіраваўся няблага.

— Кола! Я памятаю загад і тое, што павінен яго выканаць! Прыём.

Карповіч адказаў рэзка, з пачуццём свае годнасці. Нібы ён нічога не разумее, пачне акопвацца, калі на дварэ стала відна, як удзень. Добра, што і адну вышыню перакапаў.

— Выконвайце! — закончыў размову капітан Раманаў.

Карповічу ўжо не хацелася ляжаць ціха, заплюшчыўшы вочы. Ён узяў бінокль і пачаў узірацца ў поле.

Мірна пакуль што было ў полі. Толькі ўдалечыні гэты самы малы туманок, які віўся над зямлёю, мабыць, згушчаўся. I таму далечыня засланілася сіняватаю смугою. Здавалася, што і няма гэтае смугі, што гэта так выглядае бясконцая палявая далячынь. Але Карповіч памятаў, што далечыня не бясконцая, што янэ абмежавана вострым зубчастым берагам лесу.

Ад таго лесу за падманліваю сінечаю і можна незаўважна пераехаць палавіну недаступнага і страшнага сваёю адкрытасцю поля.

Цяпер Карповіч разумеў, чаму падганяў яго камандзір роты. Наступленне абавязкова пачнецца раніцою, зараз.

Стралок-зянітчык, віхрасты, самавіты салдат Манкевіч, які выконваў пры Карповічу ролю пасыльнога і ахоўніка паветранае прасторы і які дасюль нібыта і драмаў, соладка выцягнуўшыся на зямлі, прыпадняўся, нават прысеў, як суслік, які пачуў небяспеку...

Карповіч задраў галаву і заціх таксама, як і салдат, навастрыўшы вушы. Зірнуў у поле. Нічога не відаць і нічога не чуваць.

— Ідуць, родненькія! — шырока, на ўвесь рот усміхнуўся Манкевіч.

I тады Карповіч таксама пачуў густы, напорысты гул.

Але ў полі нічога не перамянілася.

Манкевіч заўважыў, што лейтэнант не разумее, што здарылася, растлумачыў:

— Самалёты! — I гучна скамандаваў: — Паветра!

Карповіч ужо і сам здагадаўся, адкуль гэты гул. Ад яго гатова была раскалоцца зямля, захадзіла, нібы хвалі ў шторм, паветра над зямлёю. Карповіч затуліў рукамі вушы, бо здалося, што не вытрымаюць перапонкі.

А Манкевіч з радасцю, усміхаючыся, як лепшым сваім знаёмым, глядзеў на самалёты. Вочы яго прыжмурваліся, усё роўна, як ён лавіў у прыцэл адзін з іх, той, што заходзіў на пікіраванне.

У ранішнім паветры, пазалочаныя раннім сонцам, быццам гіганцкія рыбіны, купаліся самалёты. Лёгка і імкліва машыны пераварочваліся ў паветры і паблісквалі белымі жыватамі, як акулы на здабычу, зрываліся яны да зямлі і зноў узмывалі ў паветра...