Выбрать главу

Здавалася, не будзе гэтаму канца і нельга вытрымаць усё, што тварылася над зямлёю.

Але гул гэтак жа імкліва, як і наляцеў, пачаў аддаляцца, засталося ад яго ўдалечыні толькі роўнае напружанае гудзенне, а потым і цішыня, у якую ўжо не верылася і якое не магло застацца над зямлёю.

Потым пачулася далёкае гудзенне, але ўжо на зямлі, у полі за тумановаю смугою.

— Ну, што ж яны маўчаць?

Карповіч глянуў на Манкевіча, які сцяўся і зморшчыў твар, нібы ў яго забалелі зубы, і чакаў нечага. I дачакаўся. Паветра суха лопнула, скаланулася, зрушыла зямля і дала трэшчыну.

У полі, закрыўшы ранішнюю намітку сінечы, устала сцяна гіганцкіх чорных кустоў.

Манкевіч сцяўся і прытуліўся да зямлі.

Не ўспелі апасці на зямлю кусты першых выбухаў, як зноў скаланулася паветра, уздыбіўшы новыя. А потым у полі нічога нельга было разабраць, толькі скаланалі зямлю выбухі, і яна калацілася, як ксуіоціцца балота.

Страшнае відовішча!

Але самае дзіўнае, што чорная сцяна выбухаў набліжалася. Спачатку здавалася, што гэта распаўзаецца чорны дым. Але, прыгледзеўшыся, Карповіч заўважыў, што выбухі падыходзяць бліжэй да іхняе абароны, знішчаючы ўсё па дарозе.

Над зямлёю пацямнела, неба зацягнулася чорнаю наміткаю.

Карповіч убачыў, што і многія салдаты з ягонага ўзвода трывожна паварочваюць галовы і пазіраюць сюды, на камандны пункт, быццам чакаюць, калі ён дасць каманду адступаць.

Манкевіч таксама трывожна пазіраў то на чорную сцяну выбухаў, якія калацілі зямлю, быццам землятрус, то на камандзіра.

Карповіч усміхнуўся. Тое першае ўражанне, якое зрабілі на яго самалёты і першыя артылерыйскія залпы, прайшло. Ён крыкнуў Манкевічу:

— Гэта называецца агнявы вал! А пяхота наступае ўслед за ім! Мы таксама пападзём калі-небудзь у такое наступленне.

Выбухі набліжаліся. На нейкі момант здалося, што артылерысты памыліліся, чорная сцяна смерці насунецца на пазіцыі, якія займаюць салдаты. Нават здрадлівая думка мільгнула: а можа, артылерысты і не ведаюць, што ягоны ўзвод змяніў пазіцыю, і тое месца, дзе ён зараз, на карце ў артылерыстаў — зона абстрэлу? Успомніліся тыя акопы, якія былі выкапаны за ноч. Можна ўспець дабегчы яшчэ да іх...

Карповіч аж прыўзняўся на локці, нібы мог падняцца і даць каманду.

Выбухі нечакана сціхлі. Толькі чорна і цяжка, нібы вялізныя мядзведзі, варушыўся, расплываўся дым.

А за дымам, блізка ўжо, былі відаць густыя ланцугі пяхоты. Удалечыні прыкметны машыны, якія ішлі ўслед за дэсантам ад узгорка да ўзгорка, ад лагчынкі да лагчынкі.

Карповіч падумаў, што і ротны недзе назірае за наступленнем. Капітан Раманаў нібыта толькі і чакаў, каб пра яго ўспомніў Карповіч. Сувязіст паклікаў:

— Таварыш лейтэнант, ротны...

Карповіч усміхнуўся, успомніўшы, як пад час налёту сувязіст ляжаў на зямлі, прыціснуўшы да вуха трубку.

Карповіч адказаў камандзіру роты.

Хрыплаваты, ужо сарваны голас Раманава крычаў:

— Без майго сігналу не страляць! Зразумеў? Не страляць! Не страляць, пакуль не падставяць нам флангі! Зразумеў?

Карповіч разумеў хваляванне камандзіра роты. Удар на прарыў праціўнікам быў засяроджаны на тое месца, дзе ноччу займаў абарону Карповічаў узвод і дзе цяпер знарок перабягалі па траншэі пакінутыя там салдаты, ствараючы ўражанне, што ідуць апошнія падрыхтаванні да адпору атакі. Калі праціўнік нічога не заўважыць, то падставіць флангі пад агонь...

Ланцуг набліжаўся да вышыні. Несупынна трашчалі аўтаматы, было відаць, як некаторыя салдаты пачалі расшпільваць гранатныя сумкі.

3 каманднага пункта капітана Раманава ўзляцелі ўгору тры чырвоныя ракеты.

I адразу ж з правага боку ўдарыў густы аўтаматнакулямётны агонь, і Карповіч, спяшаючыся, каб не адстаць, махнуў рукою, таксама даў каманду:

— Узвод, агонь!

Кусты на вышыні ажылі, запаласкалі вогненнымі струменямі.

Па радыёстанцыі Карповіч даў каманду машынам выйсці на агнявы рубеж. I праз некалькі хвілін густа забубнілі вежавыя кулямёты.

Для наступаўшых такі паварот быў нечаканы. Знішчальны агонь па флангах прыціскаў да зямлі. Ланцуг змяшаўся ў кучу, салдаты пачалі залягаць і акопвацца.

У неба ўзляцела чырвоная і белая ракеты, і Карповіч молада і весела, на поўныя грудзі закрычаў, падхапіўшыся з зямлі:

— Узвод! Наперад, у атаку!

Адначасова ў контратаку перайшлі з правага флангу і той запасны ўзвод, які камбат на ўсякі выпадак сканцэнтраваў непадалёку ад старых пазіцый Карповічавага ўзвода...