Выбрать главу

РАЗДЗЕЛ 12

Тым часам, калі ішла артылерыйская падрыхтоўка, а пяхота следам за агнявым валам набліжалася да абароны «праціўніка», лейтэнант Вялічка стаяў ля ўзлеску ля сваіх машын, замаскіраваных у кустах і гатовых у любое імгненне кінуцца на дапамогу туды, куды загадае камбат. Тое, што ён застаўся камандаваць рэзервным узводам, Вялічка лічыў не за пакаранне, а за ўзнагароду.

Вялічка дакладваў пра разведку не толькі камбату, але і камандзіру палка, выказаў меркаванне, што праціўнік не будзе чакаць галоўнага ўдару па такой моцнай абароне.

Дакладваючы, Вялічка меў права ганарыцца, таму што начальнік разведкі не мог нічога і падобнага далажыць, толькі ўстаўляў сваё:

— Згодна нашым назіранням, звесткі пацвярджаюцца...

— I нашы назіральнікі схіляюцца да такога вываду...

Камандзір палка не вытрымаў:

— Перастаньце падтакваць, калі самі нічога не змаглі разведаць!

Начальнік разведкі пачырванеў і больш не ўстаўляў сваіх падтакванняў, пакуль Вялічка не скончыў.

Цяпер Вялічка бачыў, што наступленне ідзе, арыентуючыся на ягоныя звесткі.

3 узгорачка добра было відаць, як імкліва ішоў ланцуг услед за сцяною выбухаў да таго часу, пакуль не прапала яна.

Першае адчуванне трывогі з'явілася ў Вялічкі, калі ён, назіраючы ў бінокль, зразумеў, што па ланцугу не адкрыты агонь у той час, калі ён стаў дасягальны для кулямётаў. Пры такой насычанасці ланцуга нельга не пачаць страляць, не мае ніякага сэнсу падпускаць упрытык да самых траншэяў.

Тады нібы хто ўзяў за руку і павёў бінокль управа, на непрыкметную вышыньку злева ад тае, дзе ноччу рабіў разведку Вялічка. 3-за ўзгорка віднелася вежа баявое машыны. Уважліва павёўшы біноклем па кустах, Вялічка спрабаваў угледзець людзей, хоць чалавека ў адзенні ахоўнага колеру на такой адлегласці не ўбачыш. Ды не было патрэбы і бачыць чалавека. На сонцы паблісквала зброя.

Ударная група ўваходзіла ў засаду, пад флангавы агонь.

Выратаваць становішча мог толькі цуд, але цудаў не бывае не толькі на вайне, але і на манеўрах...

Выйсце адно: ударыць збоку па вышыні, дзе толькі што заўважыў салдатаў, не даць ім адкрыць флангавы агонь.

Вялічка быў ужо ў машыне, даў каманду заводзіць маторы.

Ён нутром адчуваў, што толькі ён адзін можа выратаваць наступленне. А інакш усё задуманае і падрыхтаванае ім рассыплецца, як сухое лісце па ветры.

Не дацца, не выпусціць удачы!

Дакладваць камандзіру батальёна — толькі траціць дарагі час.

— За мной! Наперад!

Тры машыны, як стрэлы, сарваліся з месца і, выцягнуўшыся кароценькаю калонаю, паляцелі па полі. Захапляюча і трывожна глядзець, як імчацца баявыя машыны,— быццам не кранаюцца гусеніцамі долу, быццам нішто іх не можа спыніць!

Калі праехаць крыху ўздоўж лесу, а потым ірвануць напрасткі цераз поле, можна ўспець і нечакана ўдарыць па праціўніку з тылу. Сама вышыня закрывае манеўр, дапамагалі і альховыя кусцікі, якімі зарос невялікі ручаёк.

Ціха, нядобра ціха было пакуль што ў полі.

Машына нечакана збавіла ход, механік па перагаворным трывожна паведаміў:

— Таварыш лейтэнант, наперадзе...

Вялічка і сам бачыў, што наперадзе нешырокі раўчук. Нават каб наперадзе было мора, то і яно б не спыніла яго — не выпусціць бы з рук удачу.

— Поўны наперад! Наперад!

Як сцебанутая пугаю, машына рванулася, затрубіла маторам, гатовая пераляцель цераз перашкоду.

Вялічка ўспеў адчуць, што машына лёгка правалілася ўніз. У той жа час страшная сіла хапіла лейтэнанта і кінула цераз ручай. Апякло шчаку, і вострым пякучым болем пранізала бок...

Самлеў Вялічка, мабыць, на нейкую хвіліну, усхапіўся, уграз амаль па калена, правёў рукою па шчацэ. На руцэ засталася гразь, перамяшаная з крывёю. Ад таго, што неасцярожна паварушыў рукою, кальнула ў бок, перацяло дыханне.

Машына сядзела па самыя люкі ў гразі, смярдзела глеем.

За вышынёю было яшчэ ціха.

Кінуцца яшчэ туды!..

Але адразу ж позірк яго спыніўся на механіку, які нерухома ляжаў на беразе ручая. Вецер паварушваўяго бялявыя валасы. Танкашлем ляжаў пад галавою, а на гразі выразна азначыліся разоркі, якія пакінулі ногі механіка, калі яго выцягвалі на бераг.

Цяпер канец. Смерць механіка закрэслівала калі не ўсё жыццё, то ўсю Вялічкаву службовую кар'еру.

Вялічка сеў на зямлю.

Другая машына таксама ўгразла. Трэцяя стаяла на тупкім, і камандзір з аператарам беглі да другой. Сам жа аператар з другой на Вялічкавай машыне бінтаваў твар свайму калегу-аператару. Той сядзеў, адкінуўшыся плячыма да вежы, стагнаў і курчыўся ад болю, а белы бінт, якім Шаранок забінтоўваў яму твар, чырванеў ад крыві.